ВЫБІРАЕМ БУДУЧЫНЮ СЁННЯ

У нашай школе адбыўся Тыдзень прафесійнай арыентацыі.

На адзінай інфармацыйнай гадзіне «Сітуацыя на рынку працы ў Рэспубліцы Беларусь,
Брэсцкай вобласці і Лунінецкім раёне” вучні 9-11 класаў даведаліся, што звесткі
па пытаннях занятасці можна знайсці ў СМІ, Інтэрнэце, на кірмашах вакансій і
г.д. Выпускнікоў азнаёмілі і з прафесіямі, якія цяпер найбольш запатрабаваны на
рынку працы.

Дасягнуць пастаўленай мэты на практыцы дапамагла экскурсія на вытворчыя
падраздзяленні СВК «Чучавічы” (за арганізацыю яе ўдзячны спецыялісту па
ідэалагічнай рабоце Алене Муравейка). Вучні 6-7 класаў наведалі машынны двор,
азнаёміліся з умовамі працы, навінкамі тэхнікі, параметрамі і характарыстыкамі
сельгасмашын. Цікава і пазнавальна расказвалі галоўны інжынер Аляксандр Пракаповіч,
механік Аляксандр Марозаў, загадчык рамонтных майстэрняў Анатоль Гаргун. Дзеці з
задавальненнем садзіліся ў кабіны магутных трактараў і камбайнаў, адчуваючы
гонар за машынабудаўнічую прамысловасць, што выпускае такую патрэбную
шматфункцыянальную тэхніку.

З жывёлагадоўчым комплексам па адкорму і дарошчванню буйной рагатай жывёлы пазнаёміла
загадчыца Аксана Таміліна. Дзеці з замілаваннем глядзелі на маленькіх гадаванцаў
ва ўтульных загончыках. Смешныя, з цыбатымі нагамі і прыгожымі вачыма, цяляткі
гарэзліва скакалі, быццам вітаючы шматлікіх гасцей. На малочна-таварнай ферме
сустрэў галоўны заатэхнік Мікалай Шчатко. Дзеці ўбачылі, як дояцца каровы і
збіраецца малако, упэўніліся, што вынік даецца цяжкай працай, а даяркі маюць
індывідуальны падыход да кожнай каровы. І з жартамі прыйшло ўсведамленне: тут
пачынаецца працэс прыгатавання любімых салодкіх сыркоў, тваражкоў, ёгуртаў…

Пытаючы аб уражаннях, з задавальненнем адзначалі разумныя меркаванні
дзяцей. Што можам пражыць без многіх дасягненняў сучаснай навукі і тэхнікі, але
не без ежы… Што работа з зямлёй, жывёлай, тэхнікай – адказная і ганаровая справа…
Што трэба быць вельмі ўдзячнымі працаўнікам сельгаскааператыва, якія ў мароз і
спёку ідуць на сваю працу, гарантуючы харчовую бяспеку краіны.

У малодшых і сярэдніх класах пераканаліся, што «Маленькая справа лепш за вялікае
гультайства”. Настаўнікі нагадалі: ад таго, які прафесійны шлях выберуць вучні,
залежыць іх будучае жыццё. Запатрабаваны настойлівасць, працавітасць, цярпенне.
Вытрымаюць цяжкасці – набудуць прафесіяналізм.

Малодшых і старэйшых школьнікаў захапілі віктарыны. У забаўляльна- гульнявой
форме з «Акіянам прафесій” пачаткоўцаў пазнаёмілі выхавальнікі групы
падоўжанага дня. Для 9-класнікаў была праведзена інтэрактыўная віктарына
«Падарожжа ў краіну прафесій”. Праз інфармацыйныя тэхналогіі – вучням паказалі
відэа- і мульфільмы, прэзентацыю – імкнуліся сфарміраваць станоўчую матывацыю на
працоўную дзейнасць, папярэдзіць памылкі пры выбары прафесіі.

Як ніколі, у школе было многа дэлегацый. Госці з Лунінецкага політэхнічнага
прафтэхкаледжа расказалі аб прафесіях, якія можна набыць, перспектывах
працаўладкавання і заробку, занятках у вольны час. Прадстаўнікі Ганцавічскага сельгасліцэя
пазнаёмілі з гісторыяй навучальнай установы, магчымасцямі матэрыяльна-тэхнічнай
базы, праінфармавалі вучняў 9 і 11 класаў, набор на якія спецыяльнасці
адбудзецца на наступны навучальны год.

Аналагічна пачалася сустрэча і з навучэнцамі Лунінецкага прафтэхкаледжа
сельгасвытворчасці. Паглядзелі прэзентацыю навучальнай установы, пазнаёміліся са
спецыяльнасцямі і прафесіямі, якія можна набыць. Канцэрт мастацкай
самадзейнасці гасцей падарыў нам сапраўднае свята маладосці, прыгажосці,
таленту. А потым нашы вучні спаборнічалі ў валейболе з камандай каледжа. Усю
гаму пачуццяў перажылі як спартсмены, так і балельшчыкі. Каманда школы
прайграла, але нам ёсць куды імкнуцца і на каго раўняцца.

На працягу тыдня праводзілі і дыягнастычныя прафарыентацыйныя даследаванні.
11-класнікі запоўнілі «Анкету інтарэсаў”, з дапамогай якой вызначаны
рэкамендуемы від прафесійнай дзейнасці і той, што не падыходзіць вучню. 10-класнікі
вызначалі найбольш спрыяльны профіль вучэбнай дзейнасці. 9-класнікі запоўнілі
індывідуальную прафарыентацыйную карту. Завяршыўся тэматычны тыдзень конкурсам
малюнкаў і плакатаў «Мая будучая прафесія”.

Прафарыентацыйная работа не спыняецца і на працягу вучэбнага года. Педагогі
імкнуцца, каб нашы вучні зразумелі: не важна, якую прафесію яны выберуць,
важна, што гэты выбар зробяць правільна! Таму што кожная справа – неабходная і
карысная, а галоўнае ў ёй – адказнасць і прафесіяналізм.

Таццяна ГНЕДЗЬКА, сацыяльны педагог Вялікачучавіцкай СШ. 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть