ВЫГАДНАЯ СПРАВА ДЛЯ ЭКАНОМІКІ І ЭКАЛОГІІ

Кожнае прадпрыемства рана ці позна сутыкаецца з праблемай дэмантажу старых будаўнічых металаканструкцый ці састарэлага абсталявання, вывазу з тэрыторыі металічных адыходаў ці спісанага аўтатранспарту. Безумоўна, самае правільнае – не пакідаць метал па закутках тэрыторыі прамысловай зоны, а здаць яго ў перапрацоўку. Але што рабіць, калі самастойна выканаць гэта не атрымліваецца з-за габарытаў ці вагі? Менавіта з такой праблемай сутыкнуліся на ААТ “Палессеэлектрамаш”. Расказвае дырэктар Лунінецкага ўчастка ПУВП “Брэстдругчармет” Уладзімір КАНАПАЦКІ:
– На тэрыторыі завода па вытворчасці электрарухавікоў з даўніх часоў пасля дэмантажу выйшаўшага са строю абсталявання засталося пяць стальных пліт памерам 2х3 метры. Кожная важыць 14 тон. Беларускі металургічны завод, куды непасрэдна дастаўляецца лом чорных металаў, не можа прыняць такі габарытны груз, таму трэба было яго разрэзаць на кавалкі. Неаднаразова спецыялісты розных фірм браліся за гэтую справу, але 30-сантыметровыя пліты не паддаваліся. Але ж на нашым прадпрыемстве ёсць высокакваліфікаваныя спецыялісты, здольныя выканаць самыя складаныя даручэнні. У іх ліку – газарэзчык Аляксандр ЛАШКО (на здымку падчас работы). Выехаўшы на месца, ён ацаніў сітуацыю і запэўніў, што справіцца з габарытным ломам. На мінулым тыдні першую з пяці пліт даставілі на ўчастак. З дапамогай керасінарэза ў вопытнага работніка ўсё атрымліваецца выдатна.  
– Збор металалому і яго наступная перапрацоўка маюць вялікае значэнне для эканомікі і экалогіі. Таму задачы, якія стаяць перад вашым прадпрыемствам – вельмі важныя. Як выконваеце іх?
– Пры заданні 8314 тон летась нарыхтавалі каля 9500 тон. Самастойна перапрацавалі 6300 тон, астатні лом быў дастаўлены ў Баранавіцкі і Пінскі цэхі ПУВП «Брэстдругчармет». Усе прагнозныя паказчыкі выканалі. Прадпрыемства працуе рэнтабельна. У Год беражлівасці асаблівую важнасць набыла і Дырэктыва №3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. У гэтым напрамку імкнемся не спыняцца на дасягнутым. Летась выканалі паказчык па энергазберажэнню, які спыніўся ў цэлым па прадпрыемству “Брэстдругчармет” на ўзроўні мінус 6,1 працэнта. На сваім участку ўстанавілі электронны лічыльнік, удасканальваем вытворчыя метады і мінімізуем затраты ў рабоце. Абсталявалі асвятленне энергазберагаючымі лямпачкамі. На грэйферных кранах ГПК-5 устанавілі менш энергаёмістыя рухавікі. У перспектыве плануем краны замяніць на гідраўлічныя перагружальнікі. 
– У якой ступені выкананне заданняў па асобных пазіцыях залежыць ад арганізацый, з якімі супрацоўнічаеце? 
– Металалом трывала заваяваў высокія пазіцыі на прамысловым рынку металургічнай прамысловасці. Атрыманне сыравіны з металічнага лому не толькі менш працаёмісты, эканоміць час і фінансы, але і выгадны з пункту гледжання экалогіі. Скарачаецца колькасць шкодных выкідаў у атмасферу і ваду, а таксама змяншаецца аб’ём металічных адходаў на звалках. У нашым раёне асноўнымі крыніцамі лому чорных металаў з’яўляюцца адходы металаапрацоўчай вытворчасці, металаканструкцыі, якія выйшлі з карыстання, прыборы, абсталяванне, механізмы і машыны. Да здачы металалому адказна ставяцца ў райспажыўтаварыстве, рачным порце Мікашэвічы, РУВП “Граніт”, ПМС, ПМК-19, ААТ “Лунінецлес” і “Спецжалезабетон”.
Пачаўся год, і вельмі хочацца, каб прадпрыемствы ў бліжэйшы час актывізавалі работу па выкананню    дзяржзаказу.
– А з насельніцтвам працуеце?
– Кожны аўторак і чацвер з 8.00 да 17.00 прымаем бытавы металалом ад жыхароў горада і раёна. Да таго ж, у нас працуе пункт збору ў Кажан-Гарадку. Што датычыць каляровага металу, то першы аўторак кожнага месяца прыязджаюць прадстаўнікі “Белколермет” і вядуць прыём сыравіны, у тым ліку і ртуцьутрымліваючыя адходы. Такім чынам, разумнае выкарыстанне другасных рэсурсаў самым станоўчым чынам уплывае на эканоміку краіны – чым менш затрат на вытворчасць, тым лепш для бюджэту.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть