ВЁСКА павінна быць ПРЫГОЖАЙ
Веліч лясоў, шыр палёў, самабытнасць песні – у гэтым прыгажосць Палескага краю, наша культура і гонар. Тым не менш, захоўваючы свае каштоўнасці і адметнасці, нельга забываць і аб часе, у якім жывем. Многае сёння робіцца ў вёсках, каб яны адпавядалі дзяржаўным стандартам, паспявалі за хваляй мадэрнізацыі і абнаўленняў, здзіўлялі акуратнасцю і чысцінёй.
Багданаўскі і Лунінскі сельскія саветы прымалі ўдзельнікаў чарговага мерапрыемства.
Першым прыпынкам ў Багданаўцы стаў швейны цэх. Нягледзячы на тое, што належыць ён прыватніку, перарэзаць чырвоную стужку запрасілі старшынь: райсавета – Віталя Адзішчава і Багданаўскага сельвыканкама – Аляксандра Якаўца. Новае прадпрыемства прадставіла працоўныя месцы 20 жанчынам, якія паспяхова прайшлі адпаведныя курсы.
Карыстаецца вялікім попытам прадукцыя АУП «ПалессеБелводсервіс” па апрацоўцы драўніны. Добра спраўляюцца з пастаўленай задачай 4 чалавекі на пілараме і 2 брыгады ў лесе. Малады прадпрымальнік Андрэй Жогла, у якога прафесія лесніка перадавалася з пакалення ў пакаленне, не збіраецца спыняцца на дасягнутым:
– Планую адкрыць яшчэ адну пілараму, набыць чатырохбаковы станок, наяўнасць якога значна пашырыць магчымасці. У перспектыве – выхад на замежны рынак.
Разнастайнасцю паслуг сустракае вяскоўцаў абноўлены комплексны прыёмны пункт КБА. Гаспадыня Аляксандра Кавалевіч прымае разнастайныя заказы: ад пашыву і рамонту адзення да новай стрыжкі. Адзінае чаго не хапае – добрага абутніка. Гэтае пытанне ўзята на кантроль.
Уразіў прасторам і шырокім асартыментам тавараў магазін. Дырэктар філіяла «Аптова-рознічнае аб’яднанне” райспажыўтаварыства Ніна Віцэнка адзначыла, што ён ні ў чым не саступае гандлёвым аб’ектам райцэнтра, а пасля пераходу на самаабслугоўванне прыбытак ад продажу значна павялічыўся.
Пабывалі ўдзельнікі Дня савета і ў месцы, без якога не можа абыйсціся ні адзін населены пункт – на палігоне па захоўванню цвёрдых камунальных адходаў. Здавалася б, што глядзець, навошта? Але чысціня і парадак паўсюль павінны быць на вышэйшым узроўні. У Багданаўцы тут не хапала агароджы.
Знаёмства з Лунінскім сельсаветам пачалося з Лобчанскага лясніцтва. Усе жадаючыя мелі магчымасць паглядзець на работу камеры назірання, з дапамогай якой, напрыклад, можна хутка выявіць пажар і своечасова яго ліквідаваць.
Хлебам-соллю сустракалі вучні Дубаўскай СШ. Радавалі прасторныя светлыя калідоры, утульныя класы і выставы работ вучняў. Дырэктар Аляксандр Благадзёраў расказаў аб існаванні ў школе дзіцячай пляцоўкі. Яе загадчыца Лілія Пашкевіч растлумачыла, што такім чынам малышы знаёмяцца з правіламі і жыццём школы, прывыкаюць да яе. Расказалі настаўнікі і аб набалелым – дрэнных дарогах, адсутнасці Дома культуры і закрыцці басейна. А яны так патрэбны ўсім жыхарам! Акуратнасцю і абноўленасцю парадаваў будынак лазні. Галіна Насковіч, якая абслугоўвае «храм чысціні”, паведаміла, што кліентаў хапае. За 2010 год колькасць аматараў папарыцца дасягнула 913 чалавек.
У Палескім вітаў гасцей намеснік дырэктара па вытворчасці РУП «Палеская доследная станцыя меліярацыйнага земляробства і лугаводства” Аляксандр Семянчэнка. Ён паведаміў, што ўпершыню ўступілі ў пасяўную разам з гаспадаркамі, размешчанымі на мінеральных глебах. Увогуле, вытворчае падраздзяленне станцыі, са слоў Алксандра Васільевіча, займаецца вырошчваннем элітнага насення траў, збожжавых культур і бульбы. Напрыклад, рэнтабельнасць апошняй у мінулым годзе склала 211 працэнтаў – гэта 898 мільёнаў прыбытку. Сёлета пасяўную плошчу вырашана павялічыць да 200 гектараў.
З канстатацыі несуцяшальных фактаў дэмаграфічнай сітуацыі пачаў сваё выступленне старшыня Лунінскага сельвыканкама Анатоль Кляцка, які адзначыў, што смяротнасць намнога перавышае нараджэнне, колькасць шлюбаў змяншаецца, моладзь пакідае вёскі. Акрамя таго, трывожыць і праблема п’янства, хоць прафілактычная работа з насельніцтва праводзяцца своечасова. Расказаў Анатоль Барысавіч аб некаторых поспехах: пачалася газіфікацыі Вулькі 1 і Палескага, будуецца шмат новых дамоў. Прагучала прапанова аб перадачы могілак на баланс і ўтрыманне ЖКГ.
Шмат пытанняў было адрасавана прадстаўніку КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Вячаславу Супрунчыку. Многія з іх датычылі навядзення парадку ў населеных пунктах. Галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Дубініч сканцэнтраваў увагу на захаванні правілаў добраўпарадкавання і санітарна-экалагічнага ўтрымання аб’ектаў і домаўладанняў. Нядбайным гаспадарам давядзецца плаціць штрафы.
Начальнік РАУС Уладзімір Рыбак у сваім выступленні заявіў, што дзякуючы плённай рабоце, цяпер зніжаецца колькасць злачынстваў як бытавых, так і крымінальных. А начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Арашкевіч прывёў сумныя лічбы – з пачатку года здарылася 29 пажараў, у якіх загінулі 7 чалавек. Зараз праводзіцца месячнік пажарнай бяспекі, масавая работа з насельніцтвам. За выпальванне сухой расліннасці накладваюцца штрафы памерам ад 10 базавых велічынь (350 тысяч рублёў).
Напрыканцы сустрэчы намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч нагадаў аб неабходнасці навядзення парадку на падворках, могілках, месцах баявой славы і помніках.
Работнікі і выхаванцы Палескага СДК падрыхтавалі святочны канцэрт.
Жанна Меляшкевіч.