Вас цікавіць ЁЛАЧНАЯ ЦАЦКА за 1 мільён еўра?

“Нас – не!”, – упэўнена адказваюць вучні Багданаўскай СШ, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Васільеўны ЯРМОЛЬЧЫК збіраюць старыя навагоднія ўбранні.

Ёсць паданне, што, калі нарадзіўся Хрыстос, усе дрэвы прыйшлі пакланіцца Яму. Экзатычныя паўднёвыя прыгажуны загарадзілі падыход маленькай елачцы, а сама яна саромелася праявіць настойлівасць. Ацаніўшы сціпласць госці з поўначы, зоркі з неба пачалі спускацца на ялінкі, аздабляючы іх. Заўважыўшы такую прыгажосць, усе расліны самі раступіліся, даўшы дарогу елачцы да Божага Немаўляці. З таго часу яе лічаць Дрэвам Хрыста…
Дапытлівыя дзеці і дарослыя правялі сапраўднае даследаванне, каб высветліць, які народ першым пачаў упрыгожваць ёлку на Каляды. Працу “З гісторыі ёлачнай цацкі”, якая настальгічным настроем ахоплівае кожнага, хто з ёй знаёміцца, падрыхтавалі трое Антановічаў – Ганна, Крысціна, Уладзі-слаў, Аліна Кавалевіч і Павел Мелюх. Усе – цяпер 5-класнікі. 
Ад даследчыкаў і іншыя даведаліся, што навагодняе ўпрыгожанне ў 1 мільён еўра было прадстаўлена на выставе ў Франкфурце – святочны набор з трох шароў. Ён выраблены ў Германіі – краіне, дзе першыя ёлачныя цацкі паявіліся ў XVI стагоддзі. 
24 снежня хрысціяне прыгадваюць Адама і Еву, прабацькоў роду чалавечага. У памяць пра іх ёлачку аздаблялі яблыкамі (для ўвасаблення райскага дрэва пазнання дабра і зла), тонкімі кавалачкамі цеста – сімвалам біблейскага хлеба. Але аднойчы пацярпелі сады. Заклапочаныя неўраджаем яблык, людзі звярнуліся да шкловыдзімальшчыкаў. Майстры зрабілі рознакаляровыя шары. З Германіі прыйшла і традыцыя ўпрыгожання ёлак свечкамі. З цягам часу ўжо ў ЗША, прыдумалі больш пажарабяспечную электрычную гірлянду. Упершыню яна ўпрыгожыла ёлку 22 снежня 1882 года. 
Некалькі стагоддзяў да каляд-
ных святаў Расія імпарціравала вырабы германскай прамысловасці. Праваслаўнай традыцыяй стала аздабленне каляднага дрэва анёльчыкамі. 
Драматычны лёс навагодняга свята ў ХХ стагоддзі. У час Першай сусветнай вайны ўпрыгожанне ёлкі забаранілі як “нямецкі звычай”. Савецкая ўлада Каляды выключыла з афіцыйнага календара ў 1927-ым, а ёлку аб’явіла рэлігійным перажыткам. Усё ж праз 7 год традыцыя аднавілася пад назвай Новага года. Віфлеемская зорка на верхавіне ёлкі была заменена пяціканцовай, крамлёўскай. Замест анёлаў быў наладжаны фабрычны выпуск “будзёнаўцаў”, “піянераў” і іншых персанажаў новай эпохі, сняжынак з сярпом і молатам і аналагічнай савецкай сімволікай. На ёлках пераважалі парашутысты, чырвонаармейцы, паветраныя караблі з надпісамі “СССР”, разнастайныя мадэлі ваеннай тэхнікі – дырыжаблі, самалёты, танкі. Рэдкая каштоўнасць для калекцыянераў – вялікі чырвоны шар, выраблены ў 1937-ым, з партрэтамі Маркса, Энгельса, Леніна, Сталіна… 
Вялікая Айчынная не спыніла навагоднія святы. Завод “Москабель” вырабляў сплеценыя з дроту і абмотаныя чырвонымі і залатымі ніткамі вытанчаныя зоркі, хаткі, кошыкі. Гірлянды ствараліся з электралямпачак рознага колеру са зрэзаным цокалем. А на паштоўках паявілася выява Дзеда Мароза, які… біў фашыстаў.
З 1947-га 1 студзеня прызналі святочным днём. Ёлачныя цацкі адлюстроўвалі захапленні правадыроў. Сталін любіў спорт – на ёлках савецкіх грамадзян паявіліся хакеісты. Пры Хрушчове на ялінкі вешалі “пачаткі кукурузы” і “снапы пшаніцы”. Калі ў краіне былі перабоі з прадуктамі харчавання, выраблялася шмат цацак у выглядзе суніц, агуркоў, лімонаў, баклажанаў, грыбкоў. У 1960-ыя ў навагодніх упрыгожаннях адлюстравалася пакарэнне космасу. На верхавіны ёлак сталі ўзнімаць пікі ў форме ракеты. 
З 1970-ых дызайн навагодніх упрыгожанняў значна збяднеў. Фабрыкі штампавалі падобныя адна на адну серыі шароў, шышак, пірамідак, ледзяшоў, званочкаў.  Сталі папулярнымі “дожджыкі” з фольгі. Многія так завешвалі імі ёлачку, што цацак практычна не было бачна…
Калі нашу краіну літаральна заваявалі ўсходнія гараскопы, гэта адлюстравалася ў навагодняй індустрыі. Шары з выявамі жывёл ці іх фігуркі – сімвалы надыходзячага года – карыстаюцца вялікім попытам. А потым захапіла заходняя мода – упрыгожваць ёлку шарамі двух колераў, завязваць чырвоныя банты на ялінках.
– Калекцыянеры ўсяго свету лічаць рарытэтам цацку, якая выраблена да сярэдзіны 1960-ых, – вывучыўшы разам з вучнямі шмат друкаваных і інтэрнэт-крыніц, абгрунтавана сцвярджае Людміла Васільеўна. – У нашай калекцыі з 65-ці экзэмпляраў таксама ёсць экспанаты гэтага перыяду. Са шкадаваннем адзначылі: многія вяскоўцы, калі іх дзеці выраслі і раз’ехаліся па свеце, выкінулі старыя забавы на сметнік…
Магчыма, незвычайныя калекцыі ў будучым створаць аснову арыгінальнага музея цацак, падкрэсліўшы самабытнасць Багданаўкі. Пад Новы год абавязкова аб гэтым загадаю жаданне…
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть