Вялікая ШКОДА малой БАТАРЭЙКІ

Выкінутая на зямлю, батарэйка забруджвае ўчастак у 20 квадратных метраў. У лесе на такой тэрыторыі расце два дрэвы, пражываюць два краты, адзін вожык і некалькі тысяч земляных чарвякоў. Як зберагчы біяразнастайнасць флоры і фаўны?

Галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый АЛБУЛ адзначае:

–Справа ў тым, што кожная батарэйка ўтрымлівае цынк, марганец, кадмій, нікель, ртуць і іншыя элементы, якія трапляюць у глебу, адтуль – у грунтовыя воды, праз якія могуць апынуцца ў рэках, азёрах ці нават артэзіянскіх свідравінах. Уступаючы ў рэакцыю, яны прыводзяць да незваротных змяненняў. Што да ртуці, яна мае ўласцівасць назапашвацца ў тканках жывых арганізмаў і можа трапіць чалавеку як непасрэдна з вады, так і пры ўжыванні атручаных раслін ці мяса жывёл.

Дзяржаўнай праграмай збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гг. прадугледжана ўстаноўка кантэйнераў, у якія трэба выкідваць адпрацаваныя элементы сілкавання – батарэйкі. Упраўленне гандлю і паслуг аблвыканкама вызначыла заданні для аб’ектаў гандлю і бытавога абслугоўвання. Згодна з ім, у нашым раёне ўстаноўлены 4 кантэйнеры: у Лунінцы ў магазінах «Новы век”, «Універмаг”, «1000 дробязей”, у Мікашэвічах – «Сузор’е”.

Другі этап праграмы – экалагічнае выхаванне. Асноўныя спажыўцы – гэта, перш-наперш, вучнёўская і студэнцкая моладзь – павінны ўсвядоміць неабходнасць спецыялізаванага збору батарэек. Спадзяемся, з іх возьмуць прыклад усе жыхары. Заклікаем вас выкідваць адпрацаваныя батарэйкі ў кантэйнеры. Карысць дасягаецца двайная: элементы сілкавання ў далейшым будуць прыменены ў якасці другаснай сыравіны, галоўнае ж – пазбегнем забруджання навакольнага асяроддзя, захаваем здароўе сваё і блізкіх.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть