Вяртайцеся, «ВАНДРОЎНІКІ”!

Удзельнікі народнага ансамбля песні на завяршэнні канцэрта, што адбыўся ў ГДК, абяцалі: «Мы вернемся, обязательно вернемся…”.

Іх чарговага выступлення будуць чакаць не толькі гледачы, якія аддалі перавагу вясковым самадзейнікам перад спякотай і дачна-агароднымі клопатамі, але і многія новыя прыхільнікі творчасці калектыву. Іх колькасць, безумоўна, павялічыцца ў «Вандроўнікаў” пасля першага сольнага канцэрта на лунінецкай сцэне.

Фінальная песня выконвалася ў ззянні феерверка. Але гэтым словам можна выказаць і эмоцыі, якія панавалі на працягу амаль 1,5 гадзіны. Не памятаю канцэрта, у якім кожны нумар суправаджаўся б дадатковым акампанементам апладысментаў. Гледачы шчыра віталі і ансамбль, і яго гасцей – годныя прадстаўнікі «Прымакоў” Алег Жумашаў і Андрэй Канапацкі дарылі свае песні і выказвалі захапленне сябрамі-калегамі з Дварэцкага ЦСДК. Гэтыя музычныя паўзы дазвалялі «Вандроўнікам”, як сапраўдным моднікам, на аснове аднаго касцюма паяўляцца на сцэне ў трох розных убраннях! Нязменным заставалася аблічча канферансье Аляксандра Крышталя (яго незвычайны гальштук па вартасці ацанілі і гледачы, і артысты!), які з трапным гумарам і цікавымі перадгісторыямі прадстаўляў ансамбль.

З 17-ці выкананых песень большасць створаны Аляксандрам Даніловічам. Кіраўнік «Вандроўнікаў” сціпла трымаўся на другім плане, але ў пэўнай ступені канцэрт можна назваць яго бенефісам. Іграючы на баяне, умела дэманстраваў і валоданне стылем рэп, што захопленая моладзь вітала авацыямі. Чыста гучалі музычныя інструменты ў руках Віталя Сарокі (ударныя), Мікалая Сумарэвіча (бас-гітара), Эдуарда Белавуса (скрыпка). Акампанемет і спевы спалучалі Дзяніс Нікалаевіч (клавішныя) і Віктар Круглік (бас-гітара). Прыгожа саліравалі Іван Бушыла і сапраўдны «аксакал” сферы культуры Васіль Коўшык.

Як хацелася б адзначыць усе песні з разнастайнага рэпертуара калектыву! Кожная прыцягвала шчырасцю слоў, пранікнёнасцю музыкі, кранала сэрца ўхваленнем родных мясцін. На развітанне гледачы, стоячы, віталі «Вандроўнікаў”, і ансамбль выканаў яшчэ адну песню на «біс”. Разам з «Вандроўнікамі” спявала ўся зала: і тыя, хто не мае слыху, і нават тыя, хто не ведаў слоў. З песняй у душы гледачы жадалі хутчэйшай новай сустрэчы з таленавітымі землякамі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть