З гэтых слоў звычайна пачынаюцца пытанні, якія людзі задаюць членам інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у ходзе сустрэч у межах адзінага дня інфармавання. Сёння на найбольш актуальныя на старонках нашай газеты даюць адказ кампетэнтныя асобы. …
ЗАКРЫВАЮЦЬ НА РАМОНТ ГІНЕКАЛАГІЧНАЕ АДДЗЯЛЕННЕ Ў МІКАШЭВІЧАХ?
І ці праўда, што неўзабаве дзіцячую кансультацыю ў Лунінцы перавядуць у вызваліўшыеся памяшканні старога бальнічнага гарадка на Залессі?
Адказвае галоўны ўрач установы аховы здароўя «Лунінецкая ЦРБ” Мікалай КОЧЫК:
— Варта сказаць, што гінекалагічнага аддзялення, як самастойнага падраздзялення філіяла УАЗ «Мікашэвіцкая бальніца”, няма. Ёсць 15 ложкаў гінекалагічнага профілю на базе хірургічнага аддзялення. У 2009 годзе тут быў праведзены бягучы рамонт: заменена падлога, дзверы, электраправодка, сантэхнічнае абсталяванне, пафарбаваны сцены і столя. На гэтыя мэты выдаткавана каля 400 мільёнаў рублёў. Сёлета праводзіць тут рамонт не плануецца.
Што датычыць пераводу з Лунінецкай паліклінікі на Залессе дзіцячай кансультацыі, то мяняць яе «дыслакацыю”, пакуль не плануецца. Улічваючы пажаданне пацыентаў, застанецца ў паліклініцы і жаночая кансультацыя. Ёсць мноства слушных прапаноў, як разгрузіць паліклініку і з найбольшай карысцю задзейнічаць старыя памяшканні бальнічнага гарадка. Пакуль цяжка сказаць, якія з іх будуць адобраны. Адназначна адно: усе яны будуць накіраваны на тое, каб зрабіць медыцынскае абслугоўванне насельніцтва больш даступным, камфортным і эфектыўным.
…АЦЯПЛЕННЕ ВАГОНЧЫКА ДЛЯ БУДАЎНІКОЎ ВЯДЗЕЦЦА ДЗЕДАЎСКІМ СПОСАБАМ?
Пры гэтым жыхарам шматпавярховак, якія размешчаны паблізу ад узводзімага новага кааператыўнага дома, немагчыма праветрыць кватэры: дым адразу ж праз расчыненыя форткі трапляе ў жылыя пакоі.
Адказвае начальнік ПМК-19 Фёдар БІРЫЛА:
— Бытавы вагончык для будаўнікоў, што ўзводзяць ЖБК-15, і сапраўды размешчаны паблізу ад жылых шматпавярховак. Аднак з нядаўняга часу ацяпленне яго ажыццяўляецца маслянымі электранагравальнікамі.
…НЕ ПРАЦУЕ КЛУБ У СЕЛЬГАСТЭХНІЦЫ?
Па гэтай прычыне мясцовай моладзі няма дзе бавіць вольны час.
Адказвае начальнік аддзела культуры райвыканкама Ганна БАЕЦКАЯ:
— Прычына банальная – недахоп кваліфікаваных работнікаў. Зараз праводзіцца работа па падбору кандыдатуры на пасаду загадчыка клуба. Друкавалі звесткі аб наяўнасці вакансіі ў СМІ, у тым ліку і ў «ЛН”, аднак працаваць там пакуль ніхто жадання не выказаў. Адначасова падалі заяўку ў абласное ўпраўленне культуры на размеркаванне маладых спецыялістаў у раён. Калі просьба будзе задаволена, пасада загадчыка клуба будзе ўкамплектавана.
…ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ НОВАГА МІКРАРАЁНА АБМЕЖАВАЛАСЯ ВУЛІЦАЙ МАШЭРАВА?
Ці будзе звернута ўвага на іншыя «артэрыі” мікрараёна?
Адказвае галоўны архітэктар горада Канстанцін НАВІЦКІ:
— Па заказу райвыканкама УКП «Брэстдарпраект” распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя не толькі на добраўпарадкаванне вуліцы Машэрава ў раёне прыватнай забудовы каля ліцэя, але і на наведзенне парадку на вуліцах Скарыны і Броўкі. Работы пачнуцця вясной 2011 года.
…НЕ АДМАЎЛЯЮЦЦА НА МАЛОЧНЫМ ЗАВОДЗЕ АД ВЫПУСКУ КАЗЕІНУ?
З пачаткам вясны і надыходам лета жыхары ўскраін Лунінца зноў будуць пакутаваць ад непрыемнага паху.
Адказвае дырэктар ААТ «Лунінецкі малочны завод” Сяргей КАРПЕЦ:
— Тэхнічны казеін на прадпрыемстве не выпускаецца з кастрычніка 2009 года. А непрыемны пах утвараецца пры перапрацоўцы сцёкаў малочнай вытворчасці. Сёлета плануецца кардынальна памяняць рэгламент эксплуатацыі існуючых ачысных збудаванняў. Зараз па нашай просьбе «Навукова-доследны інстытут фізіка-хімічных праблем” БДУ распрацоўвае новы спосаб ачысткі сцёкавых вод. Прымяненне сучасных тэхналогій дазволіць знізіць шкодны ўплыў на навакольнае асяроддзе ў цэлым і зменшыць непрыемны пах ў раёне Сельгастэхнікі.
…НЕ ЗАЎСЁДЫ СВОЕЧАСОВА АЧЫШЧАЮЦЦА АД СНЕГУ ВУЛІЦЫ СЕЛЬГАСТЭХНІКІ?
Ці не ў апошнюю чаргу тут вызваляюцца ад сумётаў аўтобусныя прыпынкі? І чаму неачышчанымі застаюцца стаянкі аўтатранспарту каля адміністрацыйных будынкаў? Аркамя гэтага, сітуацыю ўскладняюць агрэхі з вулічным асвятленнем.
Адказвае дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Васіль ВАКУЛЬЧЫК:
— Зіма сёлета выдалася снежная, але ж камунальная служба сустрэла яе не ў разгубленасці. Устаноўлены дырэктыўныя тэрміны снегаачысткі і шырыня вызваляемай ад зімовых ападкаў праезнай часткі. Патрабаванні гэтыя стараемся строга захоўваць. У Сельгастэхніцы ў звычайных умовах на ачыстку дарожнага пакрыцця адводзіцца 12-16 гадзін, у экстранных – 18-22 гадзіны. На працягу тыдня імкнемся навесці парадак і на ўсіх прыпыначных пунктах. Згодна з падзелам на катэгорыі, на ўсіх вуліцах пасёлка, акрамя Давыдава, дапускаецца наяўнасць снежнага накату і калейнасці. Шырыня ачысткі праезнай часткі цэнтральных вуліц звычайна складае 80 працэнтаў, перыферыйных – 60-70.
Усе стаянкі транспартных сродкаў каля прадпрыемстваў, арганізацый, сацыяльных і аб’ектаў гандлю ачышчаюцца ад снегу за кошт сіл і сродкаў ведамстваў, якім належаць. Аператыўна адрэагавалі на ўзнятыя праблемы работнікі ўчастка добраўпарадкавання, якімі праведзена рэвізія вулічнага асвятлення ў Сельгастэхніцы. Выяўленыя недахопы ўхілены. Для своечасовага рэагавання на запыты жыхароў створана кругласутачная дыспетчарская служба з нумарам тэлефона 115.