ХАЛАДЫ НЕ СТРАШНЫЯ, КАЛІ ЗАСЕКІ ПОЎНЫЯ!

Выдатнае надвор’е, якое ўсталявалася з раніцы ў суботу, дало жыхарам і гасцям Мікашэвіч магчымасць павольна прайсціся па гандлёвых радах на кірмашы, прымеркаваным да Дня горада.
Бульбу можна было набыць па кошце ад 1000 рублёў за кілаграм, буракі – 1100, капусту – 1800, моркву – 1500, цыбулю –  ад 2500 рублёў за кілаграм. Попытам карысталіся арганічнае ўгнаенне і збожжа. Доўгія чэргі ўтварыліся і каля аўтамагазінаў з парасятамі.
 На імправізаваных прылаўках знайшлося месца для рознакаляровага балгарскага перцу, натуральнага мёду, свежых агуркоў і памідораў, рыбы, часнаку, рэпы і рэдзькі. А яшчэ – кансервам ААТ «Тураўшчына», мясным вырабам і паўфабрыкатам з СВК «Дварэцкі».
Святочны настрой стваралі работнікі Палаца культуры РУВП «Граніт». Паклапаціліся арганізатары мерапрыемства і пра дзяцей. Пакуль бацькі запасаліся агароднінай, хлопчыкі і дзяўчынкі маглі паласавацца папкорнам, салодкай ватай ці падмацавацца ў палатках выязнога гандлю, паскакаць на батутах і пакатацца на надзіманых горках.
Каля поўдня дзеянне перамясцілася да Палаца культуры. Пад апладысменты гледачоў старшыня гарвыканкама Анатоль Давыдовіч абвясціў вынікі штогадовага конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння. Сёлета яго прызёрамі сталі «Граніт», «Спецжалезабетон» , «Кубграніт», «Уніформ», філіялы «Грамадскае харчаванне» і «Мікашэвіцкае РГП» райспажыўтаварыства, дзіцячая школа мастацтваў, філіял №1 «Мікашэвіцкая бальніца», дзіцяча-юнацкі цэнтр «Сланечнікі», «Джынторг», «Белсіт», «Брэстаўтаматыка», «Мікагран». Дамамі ўзорнага парадку названы прыватныя домаўладанні Ніны Фёдараўны Туравец і Аляксея Уладзіміравіча Трухановіча, а лепшай гарадской вуліцай – Будаўнікоў.
 Граматамі і грашовымі прэміямі за ўдзел у кірмашы адзначаны СВК «Новае Палессе», «Гарадоцкі», «Дварэцкі», ПУСП «Рэдзігерава-Агра», Палеская станцыя, СП «Аграграніт». Завяршылася свята канцэртнай праграмай калектываў мастацкай самадзейнасці.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть