ХАРАКТАР АСОБАГА ГАРТУ

Мікалай Уладзіміравіч МЕЛЕХАВЕЦ прыйшоў на “Палессеэлектрамаш”, калі па прычыне разрухі многія спецыялісты спяшаліся пакінуць гэтае прадпрыемства ў пошуках больш прыдатных мясцін для працоўнага старту. Аднак Мікалай заводу, які даў пуцёўку ў жыццё, здраджваць не стаў. Пасля службы ў арміі ён, ураджэнец суседняга Ганцавіцкага раёна, вярнуўся ў родны энергасілавы цэх.

На прадпрыемстве, што адчувала нежартоўны голад у спецыялістах, хутка ацанілі прафесійную вынаходлівасць і надзейнасць рабочага, у якога, да таго ж быў тэхнікумаўскі дыплом. Менавіта таму неўзабаве Мелехаўцу прапанавалі пасаду намесніка галоўнага энергетыка. Аднак Мікалай хутка зразумеў, што папяровая работа зусім не яго прызванне. Куды больш даспадобы рэальная справа, родны гул машын у цэху, пах масла і сяброўскія жарты такіх жа, як сам, рабацяг.
Гэтае штодзённае дачыненне да сапраўднай мужчынскай работы гартавала характар, выхоўвала волю і цудоўную якасць – памятаць і цаніць дабро. А яшчэ давала сілы і жаданне спасцігаць новае. Жыццё і насамрэч дае шанц таму, хто навучыўся без страха сустракаць магчымыя няўдачы. Мікалай з вялікім задавальненнем браўся за незнаёмую справу, не пасаваў перад цяжкасцямі, упарта спасцігаючы тонкасці новых спецыяльнасцей. І калі на “Палессеэлектрамаш” пачало паступаць абсталяванне нямецкай фірмы “Отто юнкер”, разам з замежнымі спецыялістамі адразу ўключыўся ў працэс яго мантажу. Пазней яны па вартасці ацанілі ўменне і кваліфікацыю лунінецкага рабочага і пры ўпамінанні яго імя захоплена ўзнімалі ўверх вялікі палец.
Па мерках завадчан Мікалай дастаткова малады чалавек – яму няма яшчэ і сарака. А значыць, творчы і прафесіянальны росквіт наперадзе. Зрэшты, і сёння старэйшыя калегі не саромеюцца звярнуцца да яго за парадай ці добрай падказкай ў тых ці іншых вытворчых пытаннях. Мікалай Мелехавец вядомы на прадпрыемстве як сапраўдны майстар сваёй справы.
Звязаўшы свой лёс з Лунінцам, ён адчувае вялікую ўдзячнасць гэтаму ўтульнаму палескаму гарадку. Менавіта тут ён знайшоў самае сапраўднае шчасце – любімую работу і моцную сям’ю. З жонкай Аленай, сынам Максімкам і дачушкай Палінай Мікалай ахвотна бавіць вольны час, захоплена радуецца іх малым і вялікім дасягненням і абавязкова імкнецца сам парадаваць родных уласнымі перамогамі.
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ. Фота Сяргея ЛЫШЧЫКА.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть