ХЛЕБ УБІРАЦЬ, ДЫК РАЗАМ!

За тры дні жніва Ў СВК “Хваецкае” экіпажы камбайнаў у складзе Івана Лемяшэўскага і Пятра Лазько, Васіля Мелюха і Сяргей Кіндрука абмалацілі рапс са 180-гектарнай плошчы. Намалочаныя 255 тон зерня своечасова перапрацавалі.

Гэтак жа арганізавана пачалі і абмалот азімага жыта. На прасторнай 103-гектарнай ніве знайшлося месца для адначасовай работы ўсім наяўным у гаспадарцы чатыром экіпажам камбайнаў. Акрамя вышэй названых за штурваламі працуюць Васіль Дуньчык з сынам Васілём і Аляксандр Дударга з Сяргеем.

Асабліва адметным сёлетняе жніво стала для хлебаробаў ДУДАРГАЎ. Яно ў першае, як і новы камбайн.

– У гаспадарцы працую больш за 30 год. За гэты час 24 сезоны выводзіў у поле сваю “Ніву”, пакуль яна зусім не зламалася. Затым быў 4-гадовы перапынак у хлебаробскай справе. Выязджаў толькі на хімапрацоўку пасеваў. Здаецца, чакаў пакуль падарсце малодшы сын, – з усмешкай расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. – Сёлета Сяргей закончыў вучобу ў каледжы сельгасвытворчасці, дзе набыў спецыяльнасць трактарыста-машыніста і прыйшоў працаваць у “Хваецкае”. Нам і даверылі новы камбайн. Жыта жнем пакуль разам, вывучаем тэхніку і яе магчымасці.

Пажадаўшы экіпажу поспехаў, з галоўным аграномам гаспадаркі Аляксандрам Свібовічам рушылі на зернеток. Менавіта тут сканцэнтравана асноўная маса намалочанага зерня. Як і чакалі, работа ішла поўным ходам. Старшы аператар Міхаіл Мікуліч і аператар Антон Багданец італьянскай сушыльна-ачышчальнай машыны пільна сачылі за яе маніторам і своечасова адгортвалі ад яе адыходы збожжа:

– Вядома, з поля жыта паступае не зусім чыстае з вільготнасцю 18-19 працэнтаў. Наша задача ачысціць яго і дасушыць да 12 працэнтаў, – уводзіць у курс спраў Міхаіл Барысавіч. – Мы з напарнікам – пенсіянеры. Выходзім дапамагаць гаспадарцы толькі на час жніва. І “калгасу” добра, і нам дадатковы заробак не пашкодзіць.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і 10-класнікі мясцовай школы Дзяніс Кіндрук, Максім Дударга і Павел Шуляк, якія дапамагаюць дарослым на зернетаку. Летась яны таксама тут працавалі. Спадабалася.

У цэлым сушыльная гаспадарка ў “Хваецкім” уражваючая – ажно 4 сушылкі. Калі іх адначасова запусціць у работу, то за светлавы дзень можна дапрацаваць 150 тон зерня пры сённяшняй вільготнасці. А намалоты чакаюцца неблагія. Да ўборкі належаць больш як тысяча гектараў збожавых і зернебабовых культур.

Адметна, што з першых дзён жніва ў гаспадарцы прыступілі да продажу збожжа дзяржаве. На ўчарашні дзень на Лунінецкі ўчастак Пінскага КХП даставілі больш як 40 тон адборнага жыта.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть