“ХОЦЬ СКЛАДАНА, НЕ ЗДАВАЙСЯ, ЛІЦЭІСТ!…”

Насамрэч, гімн ліцэя – на рускай мове, але мы свядома пераклалі радок з яго на беларускую, спадзеючыся, што з часам тут усё-такі паявяцца сапраўдныя знаўцы беларускай мовы, якія дададуць у скарбонку дасягненняў гэтай паважанай установы важкія ўзнагароды за перамогу ў алімпіядах па роднай мове. Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што ганарыцца тут і сёння ўжо ёсць чым. Упершыню за ўсю гісторыю ліцэя яго выхаванцы Мікалай Парфімовіч, Уладзіслаў Гапко і Міхаіл Баравой упэўнена заявілі пра сябе на рэспубліканскіх алімпіядах па хіміі і фізіцы, прывёзшы адтуль Дыпломы пераможцаў. Але лепш пра поспехі ліцэя няхай раскажа яго дырэктар Мікалай Мікалаевіч ПАЎЛОВІЧ:

— Да сказанага прыгадаю, што сённяшні выпускнік Мікалай Парфімовіч стаў сярэбраным прызёрам міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды ў Маскве, увайшоў у зборную краіны па хіміі і зараз рыхтуецца да ўдзелу ў таксама міжнароднай, але больш шырокага маштабу, алімпіядзе ў Турцыі. А Міхаіл Баравой прывёз Дыплом з міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая прайшла ў Санкт-Пецярбургу. У агульнай складанасці ліцэісты заваявалі, акрамя названых, 35 Дыпломаў – на раённых, 11 – на абласных алімпіядах, 17 разоў станавіліся пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый. У дасягненнях мы раўняемся на абласны ліцэй, з якім маем аднолькавую колькасць перамог на рэспубліканскіх алімпіядах.

Вядома, за кожным поспехам вучня – нястомная праца яго настаўнікаў. У нас – добры калектыў, мэтанакіраваны, зладжаны. Кожны з педагогаў – асоба. А гэта вельмі важна ва ўстанове, якая трымае такую высокую планку. Сёлета ліцэй паспяхова вытрымаў акрэдытацыю, атрымаў адпаведны сертыфікат. Прыемна было чуць пахвальны водгук з вуснаў старшыні камісіі, начальніка аддзела Дэпартамента кантроля якасці ведаў Любові Дзямчук, якая адзначыла высокі (дастатковы) ўзровень агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі.

Пра ўсе свае поспехі паведамілі на выніковым бацькоўскім сходзе, які сёлета праводзілі разам з ліцэістамі і іх педагогамі. Наша актавая зала ледзь умясціла ўсіх жадаючых пабываць на гэтым невялікім свяце. А мерапрыемства сапраўды ператварылася ў свята, бо гаварылі не толькі пра справы і праблемы, а і ўручалі ўзнагароды – як лепшым ліцэістам, так і іх бацькам. Трэба сказаць, што без падтрымкі апошніх нам было б вельмі складана. Заўсёды прыходзяць на дапамогу Анатоль і Уладзімір Навіцкія, Мікалай Рылач, Фёдар Рашэцкі, Якім Соц і многія іншыя неабыякавыя бацькі нашых навучэнцаў. Вельмі ўдзячны мы дырэктарам: ПВУП «Вікторыя” – Таццяне Удавенка, ААТ «Лунінецкі малочны завод” – Сяргею Карпцу, аўтапарк №10 – Сяргею Кіндруку; кіраўнікам будаўнічых арганізацый: ПМК-7 – Уладзіміру Канапацкаму, ПМК-17 – Георгію Шарыкала, ПМК-19 – Фёдару Бірыла. Вось толькі адзін з прыкладаў. Напярэдадні бацькоўскага сходу падводзілі вынікі, вызначаючы лепшых вучняў, актывістаў і нават лепшы клас. Хацелася найбольш згуртаванаму і актыўнаму класу зрабіць сапраўдны падарунак. А што можа быць лепш за экскурсію па найбольш адметных мясцінах роднай Беларусі? Фундаратарм аўтобуснай паездкі ў Нясвіж і Мір для 10 В класа сёлета выступіла ДРБУ-101. Дзякуй ад ліцэістаў – яго кіраўніку Аляксандру Трухнову.

Удзячны раённаму выканаўчаму камітэту, якія разумее нашы праблемы, аддзелу адукацыі, дзе таксама сустракаем падтрымку. Работа ліцэя не абмяжоўваецца сценамі навучальнай установы. Мы плённа супрацоўнічаем з Белдзяржуніверсітэтам, Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, сталічным педуніверсітэтам імя Максіма Танка. Выкладчыкі гэтых навучальных устаноў ахвотна прыязджаюць да нас, ліцэісты у час канікул выязджаюць у Брэст і Мінск, маючы магчымасць пабывацьу ВНУ на лекцыях. Пра тое, каб фінансаваць гэтыя паездкі, аплачваць работу прафесарска-выкладчыцкага састава, разам з намі клапоціцца аддзел адукацыі. Дарэчы, не ўсе ведаюць, што чатырохразовае харчаванне дзяцей, плату за іх пражыванне ў інтэрнаце бярэ на сябе раённы бюджэт.

Не так даўно райвыканкамам зацверджаны кантрольныя лічбы прыёма навучэнцаў на будучы год. Мяркуецца набраць 40 вучняў на фізіка-матэматычны профіль, столькі ж – на хіміка-біялагічны і 20 – на філалагічны профіль. Спадзяёмся, што нашы навічкі стануць годнымі прадаўжальнікамі добрых ліцэйскіх традыцый.

Расклад уступных экзаменаў у агульнаадукацыйны ліцэй г. Лунінца: 15 чэрвеня – экзамен па матэматыцы і рускай мове, 16 чэрвеня – па хіміі, 17 чэрвеня – па беларускай мове, 18 чэрвеня – па фізіцы і біялогіі, 20 чэрвеня – па замежнай мове. Пачатак экзаменаў – у 10.00.

Заявы прымаюцца да 14 чэрвеня 2011 г. Даведкі па тэлефонах: 3-81-84 і 3-80-32.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть