“Я НЕ САМОТНЫ – Я КНІГУ МАЮ…”
25 мая – дзень памяці Максіма БАГДАНОВІЧА (1891-1917)
Выставу выданняў пад такой назвай у Вулькаўскай 2 СШ падрыхтавала бібліятэкар Валяніцна Іванаўна Бань. Тэматычныя сустрэчы, гутаркі, конкурсы, віктарыны праводзяцца ў канцы гэтага і пачатку наступнага навучальнага года ў кожнай установе адукацыі. Яны прадугледжаны планам мерапрыемстваў, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры, які зацверджаны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Аб цікавых справах вясковай школы паведаміла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Уладзіміраўна ХОДЗІНА:
– Сваё захапленне Максімам Багдановічам хочацца перадаць дзецям з самага пачатку іх вучобы. Вучні малодшых класаў з дапамогай настаўніцы Зоі Мікалаеўны Паўловіч пазнаёміліся з яго творчасцю на класнай гадзіне “Пісьменнік з крылатай фантазіяй”. У ліку іншых твораў гучала і паэма “Мушка-зелянушка і Камарык – насаты тварык”, сапраўдная скарбніца народных абрадаў. Вучні з 2-га па 10-ы клас удзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў, які мы назвалі “І вее верш мой дзіўнай казкай…”.
– На мінулагоднім раённым конкурсе, які быў прысвечаны Уладзіміру Караткевічу, запомніўся ваш вучань Васіль Кузьміч з выдатным чытаннем казкі “Кацёл з каменьчыкамі”. Ці прымаў ён удзел у чарговым творчым спаборніцтве?
– Вельмі хацелася б, але ў 11-класнікаў цяпер гарачы час падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання і выпускных экзаменаў. Васіль – гэта гонар школы, удзельнічаў і ў абласным конкурсе, у час “Лунінскай восені” атрымаў у падарунак кнігі з аўтографамі шаноўных гасцей літаратурнага свята. Рознабаковы юнак, мае выдатные вынікі па ўсіх прадметах, займаецца спортам. Шчыра жадаючы поспехаў усім выпускнікам, не прыцягваем іх да пазакласных мерапрыемстваў. Але запросім на літаратурную вечарыну “Вечна юны, як наша зямля…”, каб ішлі ў дарослае жыццё пад своеасаблівае благаславенне вялікага паэта.
– Адчуваецца ваша захапленне Максімам Багдановічам. Гэта было заўсёды? Ці нейкі выпадак стаў штуршком, своеасаблівым другім “адкрыццём” знаёмага са школьнай праграмы пісьменніка?
– Для мяне любоў да паэта атаясамляецца з любоўю да роднай мовы. Ідзе гэта ад мамы. Любоў Цімафееўна Федчанка, у замужжы Паўловіч, – ураджэнка Магілёўскай вобласці. У 1950-ыя была накіравана ў Вульку 2 выкладаць у пачатковых класах. Для многіх маіх калег стала першай настаўніцай. Усё жыццё яна ўражвала пяючай беларускай мовай, не паддаючыся мясцовай гаворцы, на якой размаўляў бацька – тутэйшы жыхар. А другое, як кажаце, “адкрыццё” Максіма Багдановіча адбылося да яго 100-гадовага юбілею, якое па часе супала з перыядам нацыянальнага адраджэння. Колькі найцікавейшых публікацый пра жыццё, лёсы яго сям’і і знаёмых, успаміны сучаснікаў надрукавалі тагачасныя часопісы і газеты! Старонкі іх пажаўцелі, але захоўваю як дарагую каштоўнасць, дагэтуль на ўроках карыстаюся гэтымі матэрыяламі.
– Падзяліцеся, калі ласка, найбольш уразіўшымі вас фактамі з біяграфіі паэта.
– Адносіны Максіма да роднай мовы… Нарадзіўшыся ў Мінску, вымушаны быў жыць за межамі Беларусі. У Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі лавіў за палу любога беларуса і пытаўся, што значыць тое ці іншае беларускае слова. І як радаваўся, калі, напрыклад, здагадаўся, што колер пралесак – блакітны! З малаком маці перадалася існасць свайго, нацыянальнага, роднага. Аблічча Максіма… Сучаснікі адзначалі, што ніводная фатаграфія ці партрэт паэта не перадаюць яго сапраўднай прыгажосці, адухаўлення, прыцягальнасці. Асяроддзе Максіма… Пасля смерці маці паэта яго бацька ажаніўся з сястрой жонкі Максіма Горкага. Хлопчык з дзіцячых год меў зносіны з колам пісьменніка, які па праву лічыцца расійскім геніем ХХ стагоддзя. А вершы паэта? Аб кожным можна гаварыць бясконца…
– Сёлета плануецца выхад энцыклапедыі “Максім Багдановіч”, кнігі “Пясняр чыстае красы”, яго твораў у перакладзе на замежныя мовы, факсімільнае выданне зборніка вершаў “Вянок”, стварэнне дакументальнага фільма, устаноўка помніка ў Гродна… Калі б была магчымасць, чым бы вы прапанавалі адзначыць юбілей?
– Зборам сродкаў на перазахаванне Максіма Багдановіча з Ялты на яго радзіму… Калі выязджаюць у Крым знаёмыя на адпачынак ці дзеці на аздараўленне, заўсёды прашу наведаць Аўцкія брацкія могілкі. Паэт так імкнуўся ў Беларусь! Нашы сэрцы прагнуць ушанаваць Максіма, ускласці ў памяць аб ім “цвяток радзімы – васілька”…
Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.