ЯК ХАЛАДАЕ – ТО І РЫБА АЖЫВАЕ

У душы рыбаловаў-аматараў летняя рыбалка пакінула незабыўныя дні, праведзеныя на ўлонні прыроды. Рэкі і вадаёмы падарылі багатыя ўловы. Недалёка той час, калі пачнецца падлёдная лоўля. А пакуль самыя заядлыя рыбаловы бавяць час выхадных дзён з летнімі вудамі. Плотка вялікай часткай адышла ад берагоў на глыбіні, трымаецца ля дна, з раніцы звычайна маўчыць, прарывае толькі з 10-12 гадзін да ранняга вечару. На такіх месцах бярэцца і краснапёрка. І калі адна з рыбін заціхла, то кручок з прынадай варта паднімаць на 50-70 сантыметраў над дном. Па-ранейшаму добра працуе апарыш, пярлоўка. Дзе-нідзе трапляецца і язь – па ляшчовых месцах з невялікім змяшчэннем ад ямін на суседнія пясчаныя берагі. Язевыя глыбіні часта не перавышаюць 1 метра. Але язевыя радасці – кропкавыя, асноўныя ўловы – судак і шчупак. А вось буйны акунь пакуль не праяўляецца. Зубастая з пахаладаннямі надвор’я актывізавалася па старыцах і рацэ. Ледзь толькі надышлі такія дні, як шчыпакі змясціліся на вялікія глыбіні, а па самой рацэ прыціснуліся да берагоў. Пры адмоўнай тэмпературы поўнасцю прападае ранішні клёў і раней, чым у 9 гадзін не бярэ. З пацяпленнем клёў прыходзіцца на першую гадзіну пасля ўсходу сонца. Акуні да 200-300 грамаў трапляюцца па старарэччах, затоках, бліжэй да прыбярэжнай расліннасці. З белай рыбы добра ловіцца плотка. На слабым цячэнні пад берагамі часта сустракаецца буйная – да 30 сантыметраў даўжынёй. Донная снасць не перспектыўная, бо паклёўкі вельмі асцярожныя. Нават звычайнае гусінае пяро і то з’яўляецца грубым сігналізатарам. Лепшыя ўловы на цеста пад вечар, хаця здараюцца і днём. Да самоў пакуль не дабраўся холад, здараюцца донныя паклёўкі на ўюна і маленькую рыбінку. Мяркуецца, што ўся рыба імкнецца да месцаў зімовак і доўга не затрымліваецца ў месцах кармлення.

СЛОЎНІЧАК РЫБАЛОВА

Бляшня – штучная прынада, вырабленая з металу. Адрозніваецца па характару руху, форме, пабудове. Глыбокамер – прыстасаванне для вызначэння глыбіні вадаёмаў на месцы лоўлі. Грузіла – частка аснасткі, якая ўтрымлівае прынаду на зададзенай глыбіні. Вырабляецца часцей за ўсё са свінца. Форма і маса залежаць ад спосабаў лоўлі. Донка – снасць для лоўлі рыбы з дна. Ёю можна лавіць на адлегласці 30-70 метраў ад берага, там дзе трымаецца найбольш буйная рыба і дзе яна смялей бярэ прынаду. Дарожка – снасць для лоўлі драпежнай рыбы на бляшню, ці снастачку з рухаючага судна. Асноўны запас лёскі (да 100 местраў) знаходзіцца на драўляным матавіле ці на катушцы спінінговага вудзільна. Жэрліца – снасць у відзе рагулькі, часцей за ўсё прызначана для лоўлі драпежнай рыбы. Жывец – маленькая рыбка, якая насаджваецца на кручок для лоўлі буйных асобін. Выкарыстоўваецца на кручках, жэрліцах, донках. Засякач – прыстасаванне для аўтаматычнай падсечкі рыбы. Найчасцей прымяняецца на донках.

ФАРШЫРУЕМ ЛЯШЧА

1 буйны лешч, 2 цыбуліны, па стакану грэчневай крупы і смятаны, 1 сталовая лыжка мукі, 4 вараныя яйкі, алей, зяленіва, паніровачныя сухары, соль. Цыбулю дробна наразаем і пасіруем, дадаем вараную грэчневую кашу, злёгку падсмажваем, дадаем дробна нарэзаныя яйкі і зяленіва. Ляшча чысцім, націраем соллю, начыняем абсмажанай масай і зашываем. Укладваем рыбу ў змазаную алеем форму для запякання, пасыпаем мукой, змешанай з паніровачнымі сухарамі, паліваем алеем, дадаем крыху вады і ставім у гарачую духоўку.
Прыгатаваную рыбу паліваем соусам і пасыпаем зяленівам пятрушкі. Для соуса: разводзім сок ад смажання рыбы з невялікай колькасцю булёна і смятанай.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть