Юшка са “СПЕЦПРЫПРАВАЙ”
З трыма сябрамі на выхадныя ўцяклі ад жонак і хатніх клопатаў на рыбалку. З падрыхтаванымі прыладамі загрузіліся ў «жалезнага каня”, які хутка панёс да запаветнай мэты.
Бераг ракі сустрэў лёгкім туманам і вільгаццю. Раскінулі прылады – і пачалася «цяжкая” мужчынская работа. Аднак, у гэты дзень удача была не на нашым баку. Каб узняць настрой, вырашылі варыць юшку. Нецярплівыя сябры падганялі, раз-пораз цікавіліся ступенню гатоўнасці стравы. Нарэшце рыба была зварана. Потым трэба было пачаць чарадзейства, каб усю юшку з’елі, ды яшчэ захацелі. Дадаючы ў вядро прыправы, задаволена ўдыхаў прыемны смак, няспешна памешваў пахучую вадкасць.
Паспытаўшы юшку, нечакана выявіў на зубах пясчынкі. Адкуль узяліся? І тут погляд упаў на пустую бляшанку з-пад чарвякоў. У думках ліхаманкава выбухнула: добра, што іх было няшмат! Рукі задрыжэлі, але выйсця не было. Стаў сябе супакойваць тым, што лыжка дзёгцю не будзе перашкодай у бочцы з мёдам…
Маладыя здаровыя мужыкі апетытна паглыналі прыгатаваную мной юшку. Як вядома, у яе рыбны суп ператварае гарэлка. Сябры хвалілі кулінарнае майстэрства. Сціскаючы агіду, таксама быў вымушаны глытаць страву, каб не выдаць сябе.
Пераначавалі без прыгод. Другі дзень быў удалым на улоў. Але я наадрэз адмовіўся зноў варыць юшку і пераканаў сяброў хутчэй вяртацца дамоў, да сваіх каханых.
Расказ рыбалова запісала Ніна НІКІЦЮК. г. Лунінец.