З АГНЮ – ДЫ Ў ПОЛЫМЯ
«Раўнуе – значыць, любіць”, – такая думка існуе ў многіх.
Але ж рэўнасць – гэта жудаснае, непрыемнае пачуццё, якое з’ядае нас знутры. Яно
атручвае нашы жаданні, мары, забірае ўсё самае светлае і чыстае з жыцця.
Пакідае толькі горыч нездавальнення і боль расчаравання.
Калі ў мужчын агрэсія рэўнасці часцей накіравана на
падазраваемую ў здрадзе жонку, то ў жанчын – на саперніцу. І тут да бяды –
рукой падаць. Звычайна, злачынства на глебе рэўнасці адбываецца не як раптоўная
ўспышка, а як трагічны фінал бурных канфліктаў і сутыкненняў. А іх фонам
становяцца непавага адзін да аднаго і алкагольнае ап’яненне, што пазбаўляе
самакантролю.
Жыхарка адной з вёсак раёна прыраўнавала свайго сужыцеля
да суседкі. Сцэны рэўнасці ўзнікалі, як правіла, пасля распіцця спіртных
напіткаў. Адпомсціць саперніцы вырашыла падпалам. Ноччу нецвярозая жанчына,
узяўшы дома запалкі, накіравалася на суседскі падворак. У хляве падпаліла
салому і, як ні ў чым не бывала, накіравалася дадому, дзе і заснула. Як тушылі
пажар, якім былі знішчаны чатыры
гаспадарчыя пабудовы і маёмасць, нават не чула. Прачнулася толькі раніцай, калі
ў дзверы пастукалі супрацоўнікі міліцыі…
На судзе жанчына, якой, дарэчы, ідзе сёмы дзясятак, сваю
віну прызнала і раскаялася ў сваіх дзеяннях. Аднак, жанчыну прызналі віноўнай у
наўмысным знішчэнні чужой маёмасці, учыненым агульнанебяспечным спосабам. У
адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, з улікам Канцэпцыі
ўдасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання,
назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады. Да таго
ж, у прымусовым парадку ёй прадстаіць лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Надзея НЕКРАШЭВІЧ, памочнік пракурора.