З ДАПАМОГАЙ МІНІСТРА І МЯСЦОВАЙ УЛАДЫ

На Лунінеччыну Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў прыязджае не ўпершыню, а таму адразу заўважае станоўчыя змены, што адбываюцца ў раёне. Вельмі спадабаўся Лунінец: яго Анатоль Іванавіч назваў прыгожым і ўтульным горадам. Гэтыя словы прагучалі 25 кастрычніка ў ходзе прыёму грамадзян.
Вырашыць сваю праблему з дапамогай чыноўніка рэспубліканскага ўзроўню меліся прыватныя гандляркі, якія прапаноўваюць гараджанам няхітрую сельгаспрадукцыю каля магазіна “Універсам”.  Ацаніўшы зручнасці вельмі ажыўленага месца, жанчыны прасілі, каб менавіта тут ім абсталявалі дадатковыя рады. Іх на тэрыторыі міні-рынка, які знаходзіцца побач, паабяцаў зрабіць індывідуальны прадпрымальнік Віктар Бройда. Яно і насамрэч: стыхійны гандаль не толькі псуе знешні выгляд гарадскіх вуліц і плошчаў, але і выклікае абгрунтаваную занепакоенасць санітарнай службы.
Працяглую гісторыю мае эпапея з адной з прыватных пабудоў у цэнтры Лунінца. Яго ўладальнік атрымаў у спадчыну невялікі жылы дом па вуліцы Гагарына. За час існавання стары будынак прыйшоў у аварыйны стан. Гаспадар заявіў аб жаданні зрабіць яго капітальную рэканструкцыю ці наогул знесці, узвёўшы на гэтым месцы новы катэдж. Аднак якраз гэта забараняе закон: спадчына, згодна з генеральным планам, знаходзіцца ў самым цэнтры капітальнай забудовы Лунінца. Ад шматлікіх шляхоў вырашэння жыллёвага пытання раней гараджанін адмаўляўся. Сёння ж застаўся адзіны – карыстацца невялікім агародам і, чакаючы афіцыйнага зносу, падтрымліваць будынак у наглядным выглядзе.
Уважліва выслухаў міністр і калектыўную скаргу жыхароў дома №1 па вуліцы Давыдава ў пасёлку Сельгастэхніка. Справа ў тым, што сюды на працягу некалькіх год з пачаткам халадоў ацяпленне паступае з перабоямі. Уладальнікі кватэр ідуць на шматлікія “хітрасці”, аднак становішча гэта не выратоўвае. Камунальнай службе даручана на працягу двух дзён разабрацца ў прычынах агрэхаў з падачай у дом цепланосьбіта. Акрамя гэтага, дадзена ўказанне тэрмін капітальнага рамонту будынка перанесці з 2015-га на наступны год. Трэба спадзявацца, што адначасова вырашыцца і праблема асфальтавання невялікага адрэзку вуліцы каля дома, якая пасыпана адсевам.
Па просьбе лунінчан будзе звернута ўвага камунальнай службы і на ацяпленне дома №133 па вуліцы Чырвоная ў Лунінцы. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть