З ЛЮБОЎЮ ДА ЖЫЦЦЯ
Так можна было б назваць мерапрыемствы, якія прайшлі ў выхадныя. Яны, нягледзячы на пахмурнае надвор’е, выдаліся насычанымі і светлымі.
Традыцыйны фестываль «Запалі сваю зорку”, арганізаваны аддзелам адукацыі, прайшоў у Цэнтры дзіцячай творчасці. У фае госці маглі паглядзець выставу работ дзяцей-інвалідаў. На іх магчымасці і таленты звярнула ўвагу ў сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі Валянціна Верас. З яе добрых слоў пачаўся канцэрт. Не толькі лунінчане, але хлопчыкі і дзяўчынкі з самых аддаленых куточкаў раёна прыехалі, каб падарыць прысутным цудоўныя песні, энергічныя танцы і вершы. Апладысментамі зал падтрымаў выхаванца спецыяльнай групы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Юрыя Гомана, які выканаў «Раз – ладошка”, а дуэт Максім Ярмольчык і Анастасія Дземідзюк з асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам проста зачараваў гледачоў казачным танцам «Мы адныя ў Сусвеце”. Бадзёрасцю і жыццярадаснасцю «заразіў” гасцей і вучань СШ №3 г. Мікашэвічы Віталь Стражкевіч, прачытаўшы верш «Сэрцайка”. Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі паказалі, што нягледзячы ні на што могуць жыць поўна і цікава, любіць і быць любімымі, сябраваць і весяліцца. Кожны з іх быў сапраўднай зоркай. Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталля Качаноўская уручыла ўсім удзельнікам памятныя падарункі. На наступны дзень мерапрыемства прайшло ў асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. У праграме «Мы выраслі”, юнакі і дзяўчаты паказалі цудоўныя нумары для малышэй. Цікава, што тут не было вядучых, а выступаючыя самі прадстаўлялі адзін аднаго. Гэты момант надаваў сустрэчы сардэчнасць і цеплыню, паказваў іх шчырыя адносіны і падтрымку. Актыўны ўдзел прынялі і бацькі, якія не толькі спявалі, але і выконвалі імправізаваныя мініяцюры. Падрыхтавалі сцэнкі і вершы для дзетак дзяўчынкі з раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, а яе старшыня Таццяна Кацуба ўручыла цацкі малышам, і іконы для арганізацыі – Васілю Ярмольчыку. Цёплыя словы выказала галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Ірына Жук. Яна ж падарыла фотаальбомы «Лунінец” Завяршылася сустрэча за «салодкім” сталом з кубачкам кавы, які арганізавалі для дзяцей дырэктары хлебазавода – Канстанцін Аліфяровіч і філіяла «Грамадскае харчаванне” – Валянціна Швед. Асаблівая падзяка – дырэктару ПВУП «Вікторыя” Таццяне Удавенка за добрыя падарункі і дапамогу.