З увагай – да кожнага

Праблема замацавання маладых спецыялістаў у вёсках па-ранейшаму застаецца актуальнай. І датычыць яна не толькі сельгаспрадпрыемстваў, але і сацыяльнай сферы, сярод якой важнае месца займае медыцынскае абслугоўванне.
Узяць, напрыклад, Лахвенскую ўрачэбную амбулаторыю. На працягу апошняга дзесяцігоддзя ўрачы тут мяняліся так часта, што людзі не паспявалі нават запомніць іх прозвішчы. Аб кадравых змяненнях часцей даведваліся, калі траплялі сюды з прычыны дрэннага адчування. На гэты ж раз, пра тое, што пачаў працаваць новы доктар, пачула ад вяскоўцаў.  Прычым, водгукі былі толькі станоўчыя, а самымі каштоўнымі якасцямі маладога ўрача называлі ўважлівасць і неабыякавасць…
Сур’ёзны і разважлівы, нягледзячы на тое, што практыкуе толькі другі год,  успрымаецца як добра ведаючы справу ўрач, якому можна даверыць сваё здароўе. 
Нарадзіўся Эдуард Канапацкі на станцыі Дзятлавічы, тут закончыў сем класаў мясцовай школы. Пасля, здольны да вучобы хлопец паступіў у ліцэй на хіміка-біялагічны профіль. Як і большасць яго аднакласнікаў выпуску 2004 года далейшай справай жыцця выбраў медыцыну. У Гродзенскай ВНУ вучыўся на педыятра. Інтэрнатуру праходзіў у Лунінцы. Марыў застацца ў горадзе. Аднак, калі прапанавалі ўзначаліць амбулаторыю ў Лахве, асабліва не пярэчыў:
– Працаваць трэба, дзе б ні быў. У горадзе, калі поруч з табой вопытныя спецыялісты, да якіх можна ў любы час звярнуцца за парадай, адчуваеш сябе больш камфортна. Быць жа адзіным урачом у вясковай амбулаторыі, значыць, часцей прымаць самастойныя рашэнні. Разумеючы, што ад пастаўленых дыягназаў залежыць здароўе, а то і жыцці людзей, заўсёды стараюся “перастрахавацца” ў выпадках, якія мне здаюцца незразумелымі ці цяжкімі: накіроўваю такіх пацыентаў на кансультацыі ў раённую бальніцу ці паліклініку. Падзеленая такім чынам адказнасць вельмі выручае ў псіхалагічным плане. Для сябе адзначыў яшчэ адну акалічнасць вясковага побыту. “За здароўем” у амбулаторыю людзі прыходзяць найчасцей у суботу ці падчас праваслаўных святаў, з-за чаго ўзнікаюць неапраўдана вялікія чэргі. Можна зразумець тых, хто  працуе на вытворчасці, а вось пенсіянеры…
З кожным годам узрастаюць  патрабаванні да медыцынскіх устаноў. Разам з іншымі прадугледжваецца камп’ютэрызацыя і нашай амбулаторыі. Асвойваць сучасную тэхніку хутка давядзецца сярэдняму медыцынскаму персаналу, а сярэдні ўзрост спецыялістаў –  40 год. Зразумела, за камп’ютарамі ніхто раней не працаваў. Складана падтрымліваць парадак і на вялікай тэрыторыі. Пасля таго, як былая ўчастковая бальніца змяніла свой статус на амбулаторыю, скарацілася колькасць абслугоўваючага персаналу. Вельмі адчуваецца адсутнасць дворніка. Яго абавязкі аўтаматычна пераклаліся на плечы санітарак, якім і без таго хапае работы.
На пытанне, ці згадзіўся б Эдуард Аляксандравіч  пасля абавязковай адпрацоўкі застацца ў Лахве і ажыццявіць мару мясцовага насельніцтва, мець пастаяннага ўрача, адказаў шчыра:
– Далёка не заглядваю. Многае залежыць ад наяўнасці жылля. Пакуль жа разам з жонкай Ганнай і 2-гадовай Дашанькай жывем у горадзе. На работу і з работы дабіраюся цягніком. На гэта траціцца пэўны час, які можна было б прысвяціць сям’і ці хворым. У плане ж работы, Лахву лічу перспектыўнай. Да таго ж разглядаецца пытанне аб рэканструкцыі пад амбулаторыю аднаго з даўгабудаў. Гэта ў сваю чаргу зробіць медустанову больш прыцягальнай для маладых спецыялістаў!
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть