ЗА ПАЛАСАТЫМ ГАРБЫЛЁМ
Снежань сёлета цалкам не адпавядае сваёй назве. Ні белых сняжынак у небе, ні гурбаў, ні іскрыстага лёду. Застаецца толькі марыць аб усім гэтым. А лёд нават і ў пахмурнае надвор’е іскрыцца, пераліваецца колерамі вясёлкі, цягне да сябе з велізарнай магутнай сілай. І ўсё ж прыйдзе час, калі стануць у першую чаргу старарэччы, азёры, ды вадасховішчы. Сюды пойдуць рыбаловы-аматары. Папярэдняя разведка вылічыць, што асноўная маса рыбы пакуль не зайшла ў глыбіню старарэччаў і затонаў, прытрымліваецца уваходаў-выхадаў. Добрыя вынікі будуць даваць яміны па 5 метраў і глыбокія ўваходы. Тут рыба традыцыйна разыходзіцца па сваіх месцах і пойдзе самы буйны гарбаты акунь. Паласаты па першым лёдзе добра бярэцца на матыльную мармышку і розныя безнасадкі. Разам з дробяззю будуць трапляцца і буйныя акуні. Лёска не павінна быць танчэй як 0,12 мм. Рыба клюе то там, то тут, няварта сядзець на наседжаных месцах. Акуні часта носяцца па роўнаму дну разам з плоткамі і агульны ўлоў можа быць напалову белы. Добра зарэкамендавала сябе сіліконавая безматылка. Пойдзе любая насадачная мармышка. З прыйшоўшага ў непрыгоднасць рыпера ці твісцера ярка-салатавага колеру выразаюць палоску памерам з сярэдняга матыля, адным праколам чапляючы з краю. Гульня плаўная, але лепш самому падабраць свой варыянт, назіраючы за прынадай. Выразка не павінна ў беспарадку трэсціся, а раўнамерна круціцца. Другі варыянт – яркі кавалачак, памерам з запалкавую галоўку. Такой прынадай іграюць хутчэй. Акунь атакуе нават нерухомую мармышку з ядавіта-зялёнай выразкай. Да прыкладу: ад дна робім раўнамерны марудны пад’ём з сярэдняй частатой ваганняў, праз кожныя 5-10 см варта рабіць паўзу ў 1-2 секунды. У такі момант адбываюцца паклёўкі.
СЛОЎНІЧАК (Працяг. Пачатак у №№89 і 95).
Вяснянка – невялікі матылёк светла-шэрага колеру з празрыстымі крыламі. Паяўляецца ранняй вясной у праточных вадаёмах. Ён, як і лічынка, прымяняецца пры веснавой лоўлі нахлыстам. Выпаўзак – буйны земляны чарвяк. Жыве ў тлустым грунце паркаў і садоў. Афарбоўка звычайна бурая, а вось хваставая частка святлейшая. Дзевон – бляшня з прапелерам. Адрозніваецца формай корпуса і сваёй масай. Яе выкарыстоўваюць са спінінгавай снасцю. Засцёжка – дэталь для аснасткі хуткай змены павадкоў, блёснаў, трайнікоў. Зяўнік – прыстасаванне з тоўстага сталёвага дроту, з дапамогай якога раскрываецца пашча драпежнай рыбы. Зелень – тонкія водарасці, якія паяўляюцца летам у вадаёмах. Імі абрастаюць сваі мастоў, камяні, карчы. Выдатная насадка пры лоўлі рыбы ў гарачыя дні. Карабінчык – засцёжка з вертлюшком. Служыць для хуткага злучэння розных частак снасцяў і захавання лёскі, павадкоў ад закручвання.