ЗА ШТО?
Панядзелак, вечар… Уся краіна схамянулася ад інфармацыі аб жудасным выбуху ў Мінскім метро. Лініі сувязі перагружаны ад званкоў родных, блізкіх, сяброў. Сёння молімся, каб не было больш загінуўшых, а пацярпелыя папраўляліся.
Свае меркаванні і думкі аб страшным здарэнні выказалі лунінчане:
– Вячэрнія навіны паверглі ў шок, – гаворыць Надзея Семянчук.– Вельмі шкада ні ў чым не павінных людзей, сама плакала ад гора.
Маёр міліцыі Аляксандр Вярэніч:
– Не разумею каму патрэбна было ўчыніць такое зверства, парушыць спакой беларусаў. 11 красавіка будзе ляжаць чорнай плямай у нашай памяці. Ад сябе магу сказаць, што наша ведамства прыкладзе ўсе намаганні, каб знайсці злачынцаў.
Марына Галагуцкая:
– Усёй сям’ёй з болем у сэрцы глядзелі рэпартажы з месца выбуху. Хацелася б спытаць – «За што?”. Спадзяюся, вінаватых абавязкова знойдуць і пакараюць.
Даша Кулакевіч і Даіна Брухан, вучаніцы 6 «А” класса СШ №2 г.Лунінца:
– Страшна, што нехта зрабіў такое. Вельмі перажываем, спачуваем і смуткуем.
Марыя Вярэніч:
– Няма слоў, каб выказаць эмоцыі. Не ведаю, якая маці магла нарадзіць такіх людзей. Выказваем шчырае спачуванне родным загінуўшых і пацярпеўшым. Гэта трагедыя і ўсяго беларускага народа, і кожнага з нас.