ЗАДАТКІ ГЕНІЯЛЬНАСЦІ
Тыя, каго лічаць геніямі, у юнацтве былі звычайнымі юнакамі і дзяўчатамі, любаваліся прыродай, гарэзнічалі, кахалі адзін аднаго… І тады нічога асаблівага ў іх не праяўлялася. Магчыма па гэтай прычыне вырашыла прыглядзецца да сваіх равеснікаў і паспрабаваць разгледзець у іх будучых музыкантаў, мастакоў, паэтаў.
ТАЯМНІЦЫ БАБУЛІНАГА КУФЭРКА
Маша КАЧУРА пасля дзесяці класаў без асаблівых цяжкасцяў паступіла ў мінскі дзяржаўны тэхнічны каледж на мадэльера-дызайнера.
– Колькі цябе памятаю, ты ўвесь час нешта малюеш. А чаму паступала на мадэльера?
– Сапраўды, цяга да малявання ў мяне з дзяцінства. А як спадчына ад бабулі-швачкі – цікавасць да мадэлявання адзення. Яшчэ малой з цікавасцю вырабляла маленькія ўпрыгожванні для цацак. Мне падабалася ствараць нешта новае, індывідуальнае. Лялькі былі маімі першымі мадэлямі-модніцамі
– А што натхняе цяпер? Над чым працуеш?
– Нядаўна наведала Мастацкую галерэю, дзе выстаўляліся работы маладых дызайнераў. Мяне вельмі ўразіла, што ўдзельнічалі рабяты ва ўзросце 15-18 год. Таксама наведала выставу фотаздымкаў на тэму вясны і дыпломны конкурс цырульнікаў. Такія яркія і незвычайныя рашэнні сустракаліся. Гэта буквальна вызначыла мае планы на будучыню, задумалася над сучаснай маладзёжнай калекцыяй. Авангард, касмічная тэма з яе ядавітымі колерамі – вось што цікавіць мяне цяпер. Але з-за недахопу часу гэта ідэя пакуль замарожана.
– Акрамя вучобы і новых калекцый, што ты яшчэ любіш?
– Кнігі. Значную частку свайго часу праводжу ў бібліятэцы. Там амаль няма шума, ніхто не даймае надакучлівымі пытаннямі і просьбамі. З нецярпеннем чакаю лета, каб ахунуцца з галавой у кніжны свет тайн і прыгод. Па вечарах з сяброўкамі бегаем на стадыёне, займаемся спортам.
– Калі зможаш выкраіць хвілінку вольнага часу, куды адправішся?
– Схадзіла б на выставу-продаж індыйскіх упрыгожванняў, прагулялася б па набярэжнай… Хаця, не! Спачатку адправілася б на заняткі гуртка па пэйчварту, дзе з непатрэбных кавалачкаў тканіны ствараюцца карціны, сумачкі, брэлокі і іншыя патрэбныя рэчы. Галоўны плюс гэтага адкалінавання прыкладнога мастацтва, што з яго дапамогай можна старым рэчам надаваць новае жыццё. Уяўляеш, якой скарбніцай становіцца стары бабулін куфэрак, а як будзе прыемна ёй, калі старыя рэчы ў новым выглядзе нагадаюць ёй аб маладосці.
МУЗЫКА ЖЫВЕ Ў СЭРЦЫ
Алена БОЙКА – навучэнка музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага. Аказваецца, з выбарам яна вызначылася яшчэ ў дзяцінстве, калі бацькі аддалі ў музычную школу.
– Не першы год удзельнічаю ў групе «Без пачуццяў”, – расказвае Алена. – Пад уздзеяннем прыроды цяпер мы заняты нашым новым творам «Вясна”. Але часцей за ўсё тэма залежыць ад настрою, падзей і ўласных пошукаў, ці з’яўляецца стыхійна, знянацку. Часта тэксты песень запісваем на сурвэтках, мабільны тэлефон, на руку. Здараецца, што месца не хапае.
Паколькі вучылішча знаходзіцца ў Маладзечна, а група створана ў Лунінцы, на час вучобы прыняла прапанову ад тамтэйшага гурта – іграю на клавішах. Прапанова аказалася вельмі дарэчы, бо асноўны склад «Без пачуццяў” вучыцца ў розных кутках Беларусі і збіраемся не так часта, як хацелася б. Гэта зусім не азначае, што група пайшла «ў расход”, проста мы яшчэ на стадыі творчага пошуку.
Я нават не магу ўявіць сябе без музыкі. Яна жыве ў маім сэрцы, ёй радуецца кожная клетачка арганізму. У мяне няма іншага інтарэса, акрамя музыкі. Плануючы кожны дзень, абавязкова адводжу час для любімага занятка, каб узяць ноты, напісаць некалькі радкоў новай песні. А яшчэ люблю іграць у настольны тэніс, удзельнічаю ў камандных спаборніцтвах за першынство паміж факультэтамі.
Падчас вучобы мне пашчасціла пабываць на дабрачынным канцэрце Міхаіла Фінберга. Гэта было вельмі відовішчна! Маэстра ўмее мастацкі валодаць калектывамі. У той дзень прагучаў і своеасаблівы падарунак для нашага вучылішча – паланэз Міхала Клеафаса Агінскага «Развітанне з Радзімай”.
Яўгенія ІЛЬЮЧЫК, член гуртка «Юны карэспандэнт” ЦДТ.