“ЗАЛАТЫ” ФОНД
Мінулугодні дэфіцыт зоаветспецыялістаў у СВК «Вулькаўскі світанак” не лепшым чынам адлюстраваўся на развіцці жывёлагадоўлі. Нават увядзенне ў строй сучаснай фермы не магло выправіць становішча. Зменшыліся надоі і таварнасць малака, доўга не ўдавалася палепшыць яго якасць.
Калі ж у лютым заатэхнічную службу ўкамплектавалі адукаванымі спецыялістамі, справы пайшлі на лад.
Як расказаў старшыня сельгаскааператыва Уладзімір Соц, стаўку зрабілі ў асноўным на сваю моладзь. Даўно заўважылі здольнасці даяркі Галіны Вячорка. Былая выдатніца ў школе, яна гэтак жа сумленна выконвала і свае няхітрыя абавязкі на ферме. Прапанавалі прадоўжыць навучанне ў Пінскім сельскагаспадарчым каледжы. Згадзілася і выдатна вучыцца завочна. А гаспадарка займела адукаванага заатэхніка-селекцыянера. За сумленныя адносіны да работы, уменне працаваць з людзьмі павысілі на пасадзе і тэхніка-асемянатара Веру Гаргун. Спецыяліста з вышэйшай адукацыяй прызначылі загадчыцай на МТФ №2. Спраўляецца са сваімі абавязкамі і галоўны ветурач, таксама мясцовы хлопец, Сяргей Дэкола. Вырасшыя дзеці сённяшніх і былых работнікаў – найкаштоўнейшы фонд будучыні гаспадаркі. Яны не здрадзяць, не паедуць шукаць лепшай долі няведама куды. У іх тут – свой дом, свая зямля, свае карані…
АЎТАРЫТЭТ ЗАГАДЧЫЦЫ
Адной з найбольш праблемных фермаў у СВК «Вулькаўскі світанак” доўгі час лічылася Бродніцкая, дзе гадавалі цялушак для ўзнаўлення грамадскага статка. Згодна з тэхналогіяй, будучая карова да пакрыцця павінна мець не менш як 300 кілаграмаў вагі. Толькі тады яна здольна будзе даць паўнацэнны прыплод. Жывёлаводы гэта выдатна ведалі, аднак выправіць сітуацыю не атрымлівалася. У лютым выйшла з дэкрэтнага водпуску загадчыца Раіса КІСЕЛЬ. Адукаваны спецыяліст хутка вызначыла слабое месца – слабая выканаўчая дысцыпліна – і ўзялася за работу:
– Вялікіх намаганняў прыкладаць не давялося. Жывёлаводы, што працуюць на ферме, хутка зразумелі патрабаванні і як след выконваюць іх. А кармы ў нас ранейшыя – мінулагоднія сілас і сянаж ды крыху канцэнтратаў. Тым не менш, за кароткі тэрмін здолелі дасягнуць сярэднясутачных прываг жывёлы 600-650 грамаў. А гэта значыць, пад пакрыццё пойдуць цялушкі вагой у 350 кілаграмаў. І наш тэхнік-асемянатар Галіна Цяльпук абавязкова справіцца са сваёй задачай. Будуць расцёлы, будзе гаспадарка з малаком і мясам, – расказала Раіса Фёдараўна.
Ды толькі не зусім згадзілася з высновай загадчыцы адна са старэйшых жывёлаводаў Надзея Кузьміч:
– Ужо тры гады таму магла ісці на пенсію. Але шкадавала цялят, хоць і цяжка было, працавала. А сакрэт поспеху нашай фермы – гэта загадчыца. Цудоўны чалавек! Раіса Фёдараўна вельмі прыязна адносіцца да нас, дасціпна растлумачвае патрабаванні. А, як вядома, ва ўсе часы справядлівасць кіраўніка была і застаецца асноўным рычагом згуртавання калектыву. Удзячна лёсу, што разумее гэта наша загадчыца. Таму на адпачынак пакуль не збіраюся.
Такой жа думкі прытрымліваюцца былы палявод Галіна Чарнянок і жывёлавод з 27-гадовым стажам Міхаіл Фёдаравіч Прыбаровіч. Працаўнікі маюць нядрэнныя заробкі і ўпэўнены ў заўтрашнім дні. А як жа інакш, калі нягледзячы на складанасці сённяшняга часу, у іх роднай Бродніцы штогод усё больш прывабнымі і лягчэйшымі становяцца ўмовы працы.