ЗАВОЧНЫ КЛУБ СПАЖЫЎЦОЎ “КАМУ ПЛЮШКУ “ВЕСЯЛУШКУ”, НУ, А МНЕ – “СМУГЛЯНАЧКУ”!

Калі ў маёй сям’і зайшла размова аб школьных “перакусах” для сына-другакласніка, спыніліся на самых распаўсюджаных: фруктах, тварожных сырках, пячэнні… Балазе, гэтыя тавары ў магазінах, кіёсках, рынках уражваюць як асартыментам, так і цэнамі. Бацькоў не спыняюць ні сумы з кругленькімі нулямі, ні шматлікія “Е” – стабілізатары і кансерванты, якія звычайна друкуюцца дробным шрыфтам на ўпакоўцы. Ды і шматлікія рэкламныя ролікі нацэлены на “прасоўванне” вырабаў, прычым ўсё часцей – расійскай вытворчасці. Асабіста для мяне “палачкай-выручалачкай” стала прадукцыя нашага хлебазавода.

Правесці экскурсію па цэхах і расказаць аб навінках прадпрыемства згадзілася начальнік лабараторыі Таццяна БІГТАГІРАВА:

– Зараз у нас вырабляецца каля 80 найменняў хлебабулачных, 38 – дыетычных, 4 – дыябетычных і 52 – кандытарскіх вырабаў. Для іх прымяняем традыцыйную тэхналогію выпечкі. У яе ўваходзяць толькі араматызатары, фарбавальнік (калі робім кісель), сода і вуглекіслы амоній. Ніякіх “Е” на ўпакоўках нашай прадукцыі пакупнікі не ўбачаць. Тэрмін захоўвання вагаецца ад некалькіх сутак да месяца-двух. Таму сумнявацца наконт свежасці таксама няварта.

Даволі распаўсюджана яшчэ адно няправільнае меркаванне: маўляў, упаковачная плёнка ўплывае на якасць вырабаў. Гэта не так. Яна прызначана для падаўжэння тэрміну захоўвання прадукту.

Прывяду прымітыўны прыклад. Яшчэ ў савецкія часіны многія гаспадыні захоўвалі хлеб у поліэтыленавых пакетах, каб як мага больш зберагчы яго свежасць. Упаковачная плёнка дзейнічае аналагічна.

Сёння калектыў актыўна шукае свайго спажыўца. Акрамя фірменных магазінаў і кіёскаў у Лунінцы і Мікашэвічах, арганізавана 7 выязных маршрутаў па раёне. Пакупнікі прывыклі да вызначаных месцаў і часу, таму яшчэ загадзя чакаюць прыезду аўтамашын. Набываюць не толькі хлебабулачныя вырабы. Попытам карыстаюцца пірожныя, торты, пернікі, сушкі, сухарыкі “Слуцкія” глазіраваныя з какосам… Чаго, на жаль, не скажаш пра рознічны гандаль у вясковых магазінах, дзе з пачатку года рэалізавана 100 тон хлеба, 126 кілаграмаў булачных і 1 тона кандытарскіх вырабаў. І хаця лічбы продажу скарачаюцца штомесяц, не адчайваемся: шукаем навінкі, пашыраючы асартымент.

У планах – стварэнне сучаснага кандытарскага цэху. Пакуль на ўчастку ідуць рамонтныя работы. Вельмі папулярныя ў пакупнікоў пернікі, пячэнне, бісквіты, рулеты, паўфабрыкаты (накшталт каржоў для торта, асновы для піццы). Напярэдадні Вялікадня ў фірменных магазінах можна было набыць пірагі “Дуэт” і “Лакамка”, кулічы “Велікодны” і “Салігорскі”, здоба “Цудоўная”. І хаця свята мінула, яны рэалізуюцца і сёння. Сярод дробнаштучных вырабаў смакавымі якасцямі адрозніваюцца пірожныя “Смуглянка” і “Студэнцкае”, булачка “Геляноўская”, плюшка “Весялушка”. Ёсць яшчэ адзін частак, дзе ствараюцца сахарыстыя вырабы – лукум, шчарбеты і казінакі.

Шкада, што пасля святаў альбо праваслаўных постаў попыт на некаторую прадукцыю зніжаецца. Калі на цэнніку напісана: “Хлеб ці батон дыетычны”, гэта ж не азначае: яго павінны купляць толькі хворыя ці людзі, якія прытрымліваюцца пэўнай дыеты. Зусім не! Проста тут справа смаку. У кожным нашым магазіне ёсць інфармацыйныя лісткі аб усіх вырабах.

Спадзяемся, сярод нашых чытачоў ёсць шмат прыхільнікаў хлебазаводскай прадукцыі. Хто ж яшчэ вагаецца ў сваім выбары, таму раім: спяшайцеся ў фірменныя магазіны і кіёскі! Смачныя хлеб і батон, пернікі і сушкі, кексы і пячэнне спадаюцца ўсёй сям’і. Праспрабаваўшы аднойчы, іншага не захочацца!

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть