“ЗАХОЎВАЦЬ ДУХОЎНУЮ СПАДЧЫНУ І СТВАРАЦЬ ДУХОЎНУЮ БУДУЧЫНЮ”
менавіта такім бачыць прызначэнне мерапрыемстваў, падобных «Лунінскай восені”, намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык.
Традыцыйна цёпла і кожны год непаўторна сустракаюць гасцей ў Лунінскай СШ. Сёлетняя – восьмая сустрэча «Лунінскай восені” была прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Арганізатары надалі ёй тую ж паэтычнасць і ўзнёсласць, якая была ўласціва вечна маладому вялікаму паэту.
Прывітальны танец «Лунінскіх зорачак” вітаў гасцей у холе першага паверха. Адведаўшы хлеба-солі і пазнаёміўшыся з Восенню-2011, яны накіраваліся далей. Алея свята, аформленая як сапраўдны лістападаўскі лес, прывяла да парога ўтульнай хаткі. Вандроўка працягвалася віртуальна – мультымедыйная прэзентацыя з фотаздымкамі суправаджалася паведамленнямі вучняў пра старажытную і сучасную вёску Лунін. Частушкі пад баян суправаджалі ўсіх да стала з нацыянальнымі беларускімі стравамі. У вольную хвілінку можна было пазнаёміцца з выставай, прысвечанай М. Багдановічу, творчымі работамі ЦДТ, мясцовых вучняў і настаўнікаў, а таксама наведаць школьны краязнаўчы куток.
У актавай зале гасцей запрасілі заняць свае месцы за «салодкімі сталамі”, а на сцэне з песнямі, танцамі і вершамі выступалі вучні. Традыцыйна са словам выйшаў да мікрафона старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч. Шчыры і натхнёны быў у сваім выступленні наш зямляк-пісьменнік Мікалай Елянеўскі, які перадаў у сваю родную школу пісьмо, напісанае Уладзімірам Караткевічам лунінецкаму мастаку. Маладзейшае пакаленне прадстаўлялі вучні і студэнты навучальных устаноў вобласці, пачынаючыя паэты, якія ў сваіх паведамленнях дзяліліся ўражаннямі ад першых і чарговых сустрэч на Лунінеччыне.
Луняне заўсёды чакаюць «Лунінскую восень” і рыхтуюцца да яе аддана. Уражаннямі і ўспамінамі школа жыве цэлы год, будуючы планы новых сустрэч. А алея пад аднаіменнай назвай захоўвае моманты, якія злавілі аб’ектывы фотакамер. Паэтычныя чытанні-2011 у Луніне завяршыліся. Дэлегацыя накіравалася ў раённы цэнтр, узяўшы з сабою часцінку вясковай душы і цеплыню сустрэчы…
«Лунінская восень” для мяне – адкрыццё. Я ўражаны і сардэчна рады, што ў палескім кутку нашай Бацькаўшчыны, непадалёк ад маёй роднай Століншчыны, жыве і квітнее нацыянальнае паэтычнае слова, – дзеліцца думкамі паэт Алесь Наварыч з Мінска. – Выдатная заслуга ў тым, што сустрэча з паэтамі стала добрай традыцыяй. Месца, абранае для свята, – школа – гаворыць пра галоўнае – клопат пра дзяцей, нашу будучыню. Мы маем магчымасць бачыцца ў розных грамадскіх установах, але наведаць школу – значыць удзельнічаць у фарміраванні дзіцячага светапогляду, самапавагі, паўнапраўнага чалавека”.
У зале гарадскога Дома культуры Леанід Аляксандравіч цёпла вітаў удзельнікаў літаратурнага фэсту. Адзначыўшы, што за час яго правядзення вырасла цэлая плеяда творцаў, з’яднаных «Лунінскай восенню”, падкрэсліў, што гэта не што іншае як «магчымасць нашым землякам выйсці па-за межы рэгіёна”. Асаблівую ролю мае тая акалічнасць, што цяпер у межах свята, якое пяць год таму стала абласным, уручаецца прэстыжная літаратурная прэмія імя вядомага берасцейскага пісьменніка Уладзіміра Калесніка.
Сёлета яе атрымалі паэты Мікалай Кавалевіч (за кнігі «Янтарное солнце”, «Благовестные свечи”, «К вышней вечерне…” і «Зажигая горние версты”, г. Брэст) і Алесь Корнеў (за кнігі «Як песня, год мінае” і «Мядовы спас”, г. Баранавічы); празаік Мікалай Елянеўскі (за кнігі «Время пастыря” і «Наперсный крест”, г. Пінск); дзіцячы пісьменнік Міхаіл Туруноўскі (за кнігу «Сказки для маленькой дочки”, г. Брэст). Адначасова былі падведзены вынікі абласнога конкурсу творчых і літаратурна-даследчых работ. Дыпломы і падарункі атрымалі шасцёра юных літаратуразнаўцаў. На жаль, лунінчан сярод іх не было. Падзячнымі пісьмамі аблвыканкама адзначана творчасць літаратурнага супрацоўніка газеты «Заря” Аляксандра Валковіча і намесніка галоўнага рэдактара газеты «Народная трыбуна” Уладзіміра Сітухі. Узнагароды ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык.
Са словамі вітання да сабраўшыхся звярнуліся старшыня абласной пісьменніцкай суполкі Анатоль Крэйдзіч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі Мікалай Елянеўскі, в.а. галоўнага рэдактара «Літаратуры і мастацтва” Таццяна Сівец, в.а. галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць” Аляксандр Наварыч і іншыя госці свята. Іх прамовы ўдала чаргаваліся з мастацкімі нумарамі ў выкананні інструментальных, фальклорных і харэаграфічных гуртоў з Лунінца і Мікашэвіч. Усеагульнае захапленне выклікала выступленне маленькіх самадзейных артыстаў – юных танцораў з ансамбля «Званочкі” (г. Мікашэвічы) і вакалістаў – з гурта «Маленькія шляхцічы” (г. Лунінец).
Пасля заканчэння свята пагутарылі з земляком, ураджэнцам в. Лунін Міколам Елянеўскім:
— Сённяшнюю ўзнагароду атрымліваў з асаблівым хваляваннем. Па-першае, таму што прэмія імя Уладзіміра Калесніка – увасабленне мары кожнага берасцейскага творцы, а па-другое, таму што адбываецца ўсё на радзіме. Шчаслівы, што ўрэшце ўбачыла свет кніга «Час святара” пра незвычайнага чалавека, аўтара першай беларускай граматыкі, настаяцеля Лунінскага храма Платона Ціхановіча, якому 18 лістапада споўнілася б 175 год. І дзякуй за тое, што яе заўважылі і далі такую высокую ацэнку.
— Працягам тэмы адраджэння духоўнасці стала і наступнае выданне «Наперсны крыж”. Што стала штуршком да глыбокіх даследаванняў?
— Падтрымка ўладыкі Сцяфана, архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага, майго духоўнага настаўніка. Ён дапамагаў не губляць веры ў тое, што здолею ўзняць такі глыбокі гістарычны пласт, данесці незгасальнае святло герояў тых дзён да тых, хто жыве сёння.