“ЖАЛЕЗНАЯ” ЖЭНЯ

Ціхі домік па вуліцы Міра ў Лахве зусім нядаўна поўніўся смехам і гулам вясёлых галасоў. Гэта на юбілейны 85-ты дзень нараджэння да Яўгеніі САМУСЕВІЧ прыехалі з замежжа тры дачкі, унучка і праўнучка. Пануючае ажыўленне, якое ў доме бывае не часта, пяшчотным румянцам і мяккай усмешкай упрыгожылі твар самага дарагога ім чалавека.
Матулін гонар – Раіса, Таццяна і Вольга. Яны, як маглі ў свой кароткі прыезд, стараліся сагрэць матуліна сэрца, каб надоўга пакінуць у ім спакой, замілаванне і сваю любоў. І ў каторы раз шкадавалі, што жывуць далёка, а мама ехаць да іх не хоча…
Усе дзеці Яўгеніі Міхайлаўны былі вельмі здольнымі да вучобы. Пераняўшы ад матулі матэматычны склад розуму, яны лёгка паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Старэйшая Раіса закончыла педагагічны інстытут у Прыбалтыцы. Уладкавалася ў Рызе, затым паклікала да сябе астатніх. Па чарзе ў яе жылі і набывалі вышэйшую адукацыю ў розных ВНУ Латвіі сёстры і брат Дзмітрый. Ён, на жаль, не змог прыехаць на матуліна свята, бо жыве ў Канадзе. Пасля заканчэння вучобы Таццяна і Вольга выйшлі замуж. Адна – за курсанта ваеннага вучылішча, другая – за лейтэнанта. Колькі давялося павандраваць па гарнізонах, перш чым уладкаваліся на пастаяннае жыццё ў буйных расійскіх гарадах Іванава і Навасібірск! Магчыма таму і не нара-джалі многа дзяцей. У Тані – адзіная дачка Наташа і двое ўнукаў Саша і Вольга. У Вольгі – сын Станіслаў, у Раісы – дачка Анжэла і ўнучка Аліна.
Бестурботнае дзяцінства Яўгеніі Міхайлаўны перарвала вайна. У першыя ж дні фашысты расстралялі тату Міхаіла Сяргеевіча Ганюка. Старэйшай сястры Вользе пагражаў вываз у Германію. Давялося ратавацца ў лесе. Вольгу, якая ўмела друкаваць на машынцы, забралі ў штаб партызанскага атрада. А Жэню з мамай накіравалі ў сямейны лагер. 
Пасля вызвалення Лунінеччыны Жэню, якая да вайны закончыла 5 класаў,  паклікалі на работу ў гандаль. Прыгадвае, як хлеб дзялілі: яго па 150 грамаў на служачага выдавалі.
– Неяк рэжу бохан на кавалачкі, а тут вочы дзіцячыя галодныя ды не адны за кожным рухам сочаць… Сабрала крышачкі, дабавіла да іх сваю пайку, аддала. І такое не раз было, – расказвае Яўгенія Міхайлаўна. – Матуля сварылася, маўляў, увесь свет не накорміш. А я не слухала і працягвала сваю “гуманітарную” справу. Наколькі ж было прыемна, калі праз гады падзяку за гэта атрымала! Неяк еду з горада ў поездзе, бачу, дарослы мужчына прыглядаецца. Затым падае перада мною на калені і рукі цалуе: “Я – Рома, якога вы хлебнымі крышачкамі ад галоднай смерці пасля вайны ратавалі”. Вось як яно бывае…
Усё сваё працоўнае жыццё, а гэта 44 гады,  Яўгенія Міхайлаўна была вернай раз і назаўсёды абранай прафесіі прадаўца. У памяці захоўваюцца паявыя ўзносы, якія па хатах збірала і за-пісвала ў сшытак, затым на іх тавар атрымлівала і “заказчыкам” прадавала. А колькі нерваў патрабавалася перад распадам СССР, калі многія тавары прадаваліся па спісах і адрыўных талонах! Яе сумленныя адносіны да работы не заставаліся незаўважанымі. Чаго толькі варты тры Ганаровыя Граматы Вярхоўнага Савета БССР, якімі была ўзнагароджана ў 1965-ым, 1968-ым і 1977-ым гадах! У скарбонцы працаўніцы – званні “Прадавец высокай культуры”, прысуджаныя ёй  у 1970-ым і 1975 гадах, шматлікая колькасць грамат рознага ўзроўню… 
Не такім пастаянным было асабістае жыццё. Першы раз выйшла замуж за ваеннага. Праз 7 год з Цімафеем развяліся. Былы муж паехаў на радзіму ва Украіну. Сваё другое і па-сапраўднаму жаночае шчасце знайшла ў другім шлюбе з мясцовым хлопцам Сцяпанам Самусевічам. З ім выгадавалі чацвёра дзяцей. У 1994-ым муж памёр. Яўгенія Міхайлаўна засталася жыць з мамай, якая памерла ў 93 гады. Каб не пакінуць роднага чалавека ў адзіноце, сёстры пастараліся знайсці ёй добрага памочніка і дарадчыка. Імі сталі сваячка Таццяна Кіслюк і яе дачка Ірына, да якой Яўгенія Міхайлаўна адносіцца, як да сваёй роднай унучкі.
Ёсць у жанчыны і справа для душы. Усё жыццё Яўгенія Міхайлаўна вельмі любіла ды і зараз любіць спяваць народныя песні. У спецыяльным сшытачку яна занатавала амаль сто найбольш памятных. Невялікая частка іх увайшла ў зборнік фальклорных песень “Жорсткі раманс”, выдадзены ў 2010-ым годзе ў Мінску. Аўтары-ўкладальнікі падарылі не толькі кнігу з аўтографамі, але і прыслалі дыск песень. Дагэтуль жанчына любіць чытаць цікавыя кнігі, глядзець баевікі і ваенныя фільмы. Не прымае яе моцная натура шматлікіх меладрам і лёгкіх серыялаў, якімі так захапляюцца большасць яе равесніц. Мусіць нездарма яе ў вёсцы клічуць “жалезная” Жэня. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть