“ЖЫВУ СВАІМІ ВУЧНЯМІ”
Вельмі складана даводзіцца ў вёсцы старым жыхарам. Цяжар бытавых нягод спаўна зведвае былая настаўніца Алена ЦЕРПІЛОЎСКАЯ, якую падтрымлівае хіба што памяць вучняў пра першую настаўніцу…
Згодна з архіўнымі дадзенымі, 20 лютага 1943 года нямецка-фашысцкiя захопнiкi знiшчылi 137 жыхароў i спалілі 106 двароў вёскi Лугi. Памяць пра трагедыю ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе Хатынь.
Яшчэ тры гады таму ў Лугах налічвалася 62 гаспадаркі і 124 жыхары, у тым ліку 42 – працаздольнага ўзросту і 8 – непаўналетніх. Цяпер у 48-мі дамах пражываюць 86 жыхароў. Некаторыя з 29-ці працаздольных выязджаюць на заробкі, астатнія – заняты на вырошчванні морквы ў навакольных фермераў. Пенсіянеры па-ранейшаму працуюць – на прысядзібных участках, якія павялічаны за кошт плошчаў двароў знесеных дамоў. Сёлета ўпершыню ў Вялікачучавіцкай СШ няма вучняў з Лугоў. А да сярэдзіны 1990-ых, побач з абеліскам у памяць пра бязвінных ахвяр вайны, размяшчалася школа.
– Сюды была адна з маіх першых камандзіровак, – прыгадвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Галіна Цяльпук. – З вопыту іншых устаноў ведала: на перапынку настаўнікі абмяркоўваюць сітуацыі, што склаліся на ўроку, дзеляцца прафесійнымі парадамі. Тут жа, згуртаваўшыся каля цёплай грубкі, педагогі былі заклапочаны толькі бытавымі праблемамі. Ну, думаю, калі такая абыякавасць да работы, такі і вынік… Як жа былі ўражаны прадстаўнікі камісіі, калі праверка выявіла высокі ўзровень ведаў вучняў, значыць, адпавядаючым было і выкладанне прадметаў!
Будынак знеслі… Толькі шпакоўня, прымацаваная на стрункай бярозцы, нагадвае аб былым віхуры дзіцячых спраў на цяперашняй пустцы. Калі збочыш з цэнтральнай вуліцы і крыху пройдзеш ледзь прыкметнай сцежкай – няма тут каму ўтоптваць дарогу, трапіш да невялікага цаглянага доміка. Адну з кватэр займае настаўніца, якая засталася хавальніцай школьнага жыцця, – у сэрцы, у думках, у шматлікіх фотаздымках, занатаваўшых шчаслівыя імгненні нядаўняга мінулага…
Ураджэнка Баранавіцкага раёна, яна прысвяціла сябе палескай вёсачцы. Спачатку сюды была накіравана старэйшая на 4 гады сястра – Валянціна, якая потым напісала малодшай: «Прыязджай, не хапае педагагічных кадраў”. Для тагачаснай моладзі заклік краіны – «Трэба!” – быў вызначальным напрамкам жыцця. У 1956-ым «камсамолка, спартсменка, прыгажуня” разгарнула сваё сэрца дзецям. «Запальвала” іх піянерскімі справамі, выкладала чытанне і пісьмо.
– Меліярацыя дайшла да вёскі ў канцы 1980-ых, – адзначае Алена Фёдараўна. – Потым была разбурана вялікая дзяржава. Тады не адчулі, што гэта ўрэшце адгукнецца нам закрыццём школы, ФАПа, пошты…
Невыразны надпіс на сціплым абеліску, узведзеным у адноўленым пасля вайны паселішчы, – быццам увасабленне наканаванага яму менш чым на паўстагоддзя адраджэння. Вялікі школьны альбом – сведчанне цікавага жыцця школьнікаў Лугскай СШ, які захоўвала ветэран педагагічнай працы, перададзены ў ствараемы ў раёне музей адукацыі.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.