ЖЫВУЦЬ У ПАМЯЦІ
былых вучняў і калег настаўнікі, зямны шлях якіх закончыўся ў росквіце прафесійнай дзейнасці. Цяперашнія прадстаўнікі калектыву падзяліліся светлымі ўспамінамі аб тых педагогах, з кім працавалі поруч…
Першай стратай стала Людміла Фёдараўна ВІКАРЧУК (28.04.1947-28.11.1995). З пачатку стварэння ліцэя настаўніца абслуговай працы навучала дзяўчынак быць добрымі гаспадынямі. Захопленая прыгатаваннем разнастайных страў, дзялілася “фірменнымі” сакрэтамі з будучымі захавальніцамі сямейнага ачага. Яна і знешне была ўзорам для пераймання: прыгожая, інтэлігентная, вытрыманая. Калі прадмет скарацілі, яшчэ тры месяцы працавала ў СШ №4…
Пётр Дзмітрыевіч ЛУШЧЫК (03.01.1948-12.07.2006) выкладаў гісторыю і грамадазнаўства ў ліцэі з 1991-га па 1997-ы гг. (потым – у Бастынскай СШ). За вялікія і трывалыя веды настаўніка называлі “хадзячай энцыклапедыяй”. Запомніўся праявамі чалавечых адносін да вучняў і калег. Клапаціўся пра здароўе падапечных, папярэджваючы вучняў: “Нават калі спазняецеся на ўрок, абедам харчуйцеся без спешкі”. Беражліва даводзіў цяжарных жанчын-калег да прыпынку, не раз чакаючы маршрутнага аўтобуса, каб пераканацца, што ўсё ў парадку. Кожную справу выконваў добрасумленна. З такім жа стараннем апрацоў-ваў дачны ўчастак, наогул любіў “пакапацца ў зямлі”… Аб першым дырэктары ліцэя
Віктары Аляксеевічы ФЁДАРАВЕ (06.02.1947-23.12.2007) прыгадвалі ў №72 “ЛН”.
У жніўні 2008-га ліцэй смуткаваў з нагоды смерці двух настаўнікаў. Уладзімір Пракопавіч ТУПЕКА (21.01.1936-27.08.2008) працаваў выхавальнікам у школе-інтэрнаце і яшчэ 6 год – у ліцэі, да выхаду на заслужаны адпачынак. Чалавек дабрэйшай душы прыцягваў дзяцей, якія давяралі яму самыя патаемныя сакрэты…
Выхавальнікам у 1991-ым пачынаў і Дзмітрый Іванавіч ЛЯХ (11.12.1950-25.08.2008). Праз год стаў выкладаць фізіку і астраномію. Уражваў ведамі! Настаўніку філалагічных класаў удавалася прыцягнуць і “лірыкаў” да свайго дакладнага прадмета. Пашыраў кругагляд, шмат чытаў – літаратуру і перыёдыку. Застаўся самым шчырым дарыцелем – перадаў ліцэйскай бібліятэцы шмат кніг з уласнай…
Валянціна Андрэеўна ШЫНКАРЭВІЧ (10.04.1956-15.09.2009) прыйшла ў ліцэй у 2002-ім. Захопленая матэматыкай, перадавала любоў да прадмета вучням. Выхаванец педагога Аляксандр Ванюк на цэнтралізаваным тэсціраванні ў 2008-ым атрымаў 100 балаў! Прыцягваючы ліцэістаў да навукова-даследчай дзейнасці, распрацавала курс па выбару “Тэорыя і практыка рашэння алгебраічных нестандартных задач”. У 2009-ым стала прызёрам першага ліцэйскага спаборніцтва прафесійнага майстэрства. У раённым конкурсе “Чалавек года-2009” была ўдастоена высокага звання ў сферы адукацыі. Выдатны педагог, паспявала клапаціцца аб дзецях і доме. Марыла выйсці на заслужаны адпачынак, прысвяціць сябе ўнукам, стаць адданай гаспадыняй сядзібы. Створаным ёю кветнікам захапляліся ўсе навакольныя! Дабрыня, інтэлігентнасць, абаяльнасць, добразычлівасць Валянціны Андрэеўны і цяпер служаць узорам паводзін настаўніка. А яшчэ яна вельмі любіла кнігі, ганарылася, што вучылася ў адной школе з Яўгеніяй Янішчыц, арганізоўвала экскурсіі ў музей вядомай паэткі. Сімвалічна, што Дзень бібліятэк стаў апошнім у жыцці настаўніцы…
Напярэдадні юбілейных урачыстасцей ліцэісты наведалі пахаванні былых педагогаў, усклалі на магілы кветкі як даніну памяці тым, хто застанецца ў ліку заснавальнікаў прэстыжнай навучальнай установы.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.