Общество

ЗІМОВАЯ ЭКІПІРОЎКА

Восень пакуль радуе пагоднымі дзянькамі, але рыбаловы-аматары ўжо з асаблівым нецярпеннем чакаюць адкрыцця сезона падлёднай лоўлі. Першымі, вядома ж, “стануць” вадасховішчы і старарэччы, а толькі затым – малыя і вялікія рэкі. Варта ўжо зараз падрыхтавацца да гэтага перыяду ўсебакова.
Перш-наперш кожнага цікавіць
ЗІМОВАЯ ЭКІПІРОЎКА
Прынцып “пар касцей не ломіць”, якога прытрымлі-ваецца большасць “зімнікаў”, нацягваючы на сябе шмат рознай вопраткі, нам не падыходзіць. Пры лоўлі рыбы даводзіцца шмат рухацца, перамяшчаючыся з месца на месца, ды і лунак рыбакі свідруюць не адзін дзясятак. Так што дзедаўскі кажух і пудовыя валёнкі пакіньце дома. Дастаткова мець лёгкі зімовы касцюм ці камбінезон і боты.
Стул ці скрынка? Тут кожны вырашае сам. Лепш набыць лёгкую і кампактную скрыню. Выкарыстоўваючы яе можна размясціць увесь набор вудачак, пачак для мармышак, складны чарпак, а праз адтуліну – лёгка складваць злоўленую рыбу.
Важным элементам зімовай рыбалкі з’яўляецца і
ВЫБАР СНАСЦЕЙ
Абавязкова мець чарпак і багорык. Можна не выкідваць увесь лёд з лунак, але здымаць у мароз ледзяную “плёнку” трэба. У першую чаргу для таго, каб забяспечыць нармальную “гульню” прынады. Багорык пажадана мець даўжынёй не менш як 80 сантыметраў. Упэўнены, што на вадаёмах не перавялася яшчэ рыба, для выцягвання якой ён вам і спатрэбіцца. І паклёўкі на вялікіх судакоў, сярэдніх шчупакоў не такія ўжо і рэдкія.
Для лоўлі звычайна прымяняюць два віды зімовых вудачак – “балалайку” і вудзільнік з рукаяткай. Такая вуда даўжынёй да 40 сантыметраў добра падыходзіць пры лоўлі на вялікай глыбіні. Пасля падсечкі, за кошт даўжыні вудзільна, выбіраем адразу да 1,5 метра лёскі, тым самым адводзячы рыбіну на больш бяспечную адлегласць для выважвання, не пужаючы астатніх асобін на паклёўцы.
Асаблівую ўвагу варта звярнуць на
ПАДБОР МАРМЫШАК
Перш за ўсё перагледзьце старыя мармышкі. Акуратна размясціце іх па групах, улічваючы як іх памер, так і кручкоў. Бываюць выпадкі, калі ўсё гэта “багацце” прыходзіць у непрыгоднасць, тады іх варта складваць асобна. Калі ж непрыгодныя рэчы выкідваць шкада, зрабіце перапайку новага кручка. Аб тым, што кручок “аджыў” сваё, сведчаць рэгулярныя сходы рыбы. Акрамя гэтага можна проста паспрабаваць надзець на яго матыля. Калі ён “прыліпае” да лічынкі, значыць з кручком усё ў парадку. Калі не – выкідвайце, не шкадуючы.
І яшчэ адзін момант: свінцовыя мармышкі лёгкія, а вальфрамавыя выпус-  каюцца метадам парашковай металургіі, таму некалькі лягчэй за тыя, што вырабляюцца ўручную.
Галоўную скрыпку для падлёднай лоўлі рыбы адыгрываюць і
КІЎКІ
Іх у кожнага засталося з мінулага сезона нямала. Тыя, якіх не хапае, можна заўсёды набыць у магазіне. Кіўкі – рэч індывідуальная і тут магчыма шмат рабочых варыянтаў. Што да тых вудачак, з якімі лоўля будзе праходзіць без актыўнай “гульні”, ці “на стаяк”, то для іх канструкцыя кіўка не такая ўжо і важная. Адбы-  ваецца нямала “вялых” паклёвак на пад’ём. Чым большы запас будзе ў кіўка, тым пазней рыба адчуе падман.
А вось для актыўнай “гульні” сітуацыя некалькі інакшая. Там паклёўкі адбываюцца больш рэзкія, таму ківок можа быць дастаткова кароткім.
Няўдалымі лічацца металічныя вырабы, паколькі яны могуць зламацца ці заржавець. У выніку гэтага адбываюцца збоі ў “гульні” прынады.
Напрыканцы, як звычайна, ГУМАР. На гэты раз – КУЛІНАРНЫ.
Заходзіць мужчына ў рэстаран і заказвае смажанага судака з бульбяным пюрэ. Пачынае есці і нечакана заве афіцыянта:
– Слухай, даражэнькі, прынясі мне яшчэ адну такую рыбіну.
– Што, спадабалася?
– Ды не! Пакладу пад ножку стала, каб не хістаўся.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть