ЗЛАЧЫНСТВА СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЦТВА

11 красавіка – Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Гэты дзень устаноўлены па ініцыятыве ААН у памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні, якое, даведаўшыся аб наступленні Савецкай Арміі, 11 красавіка 1945 года ўзнялі вязні Бухенвальда. 

Адна з самых чорных старонак вайны – трагедыя непаўналетніх вязняў фашызму. Гітлераўцы груба парушылі Гаагскую Канвенцыю 1907 года аб адносінах бакоў, што ваююць, да дзяцей. Іх праца выкарыстоўвалася на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, здароўе пагаршалася холадам і голадам умоў існавання, жыццё пастаянна падвяргалася небяспецы. Дзеці станавіліся заложнікамі, донарамі, біялагічнай сыравінай для злачынных “медыцынскіх эксперыментаў” нацыстаў.

Мільёны нашых суайчыннікаў і прадстаўнікоў іншых краін аказаліся ў больш як 14 тысячах канцэнтрацыйных лагераў, турмаў, гета, раскіданых па ўсёй Еўропе. У зняволенні загінулі амаль пяць мільёнаў савецкіх грамадзян.
Міжнародны трубунал у Нюрнбергу ў 1946 годзе прызнаў, што зняволенне мірных жыхароў замежных дзяржаў, як і выкарыстанне ў прымусовым паардку іх працы ў інтарэсах Германіі, з’яўляецца злачынствам не толькі ваенным. Гэта было кваліфікавана як злачынства супраць чалавецтва.

Каб дзеці ХХІ стагоддзя лепш усвядомілі трагічнасць становішча іх аднагодкаў перыяду “ракавых саракавых”, настаўніца СШ №2 г. Лунінца Дзіяна Раманаўна Сладзінская прапанавала сваім вучням – удзельніцам краязнаўчага гуртка “Мая Лунінеччына” – сустрэцца з непаўналетнімі вязнямі фашысцкіх канцлагераў. 

Яўгенія Фёдараўна НОВІК:

“Я не гляджу ваенныя фільмы…”

– Калі пачалася вайна, мне было 14 год. Закончыла 7 класаў і збіралася паступаць у Мазырскае медвучылішча. Але ў час бамбёжкі мае дакументы згубіліся. Ужо ў верасні немцы выгналі нас з роднай вёскі. Потым карнікі пераганялі бежанцаў з лагера ў лагер. Апошні быў Азярэц на Гомельшчыне.

Калі ішоў гэты “жывы шчыт”, немцы падпальвалі дамы і сена, каб вязні не збеглі. Усе паселішчы заставаліся ў агні. Мы былі ахоплены страхам, што нас таксама могуць спаліць. Гэта пачуццё ўзмацнялася, калі нас заганялі на нейкія паўразбураныя хутары. Тых, хто быў маладзейшым, прымушалі капаць акопы – абарончыя ўмацаванні супраць партызан.

Мы галадалі. Аднойчы знайшла мех з мелам. Зварылі яго, і гэта варыва выпілі. Пасля гэтага доўга наогул не маглі есці… Я захварэла на тыф. Каб не заразіла іншых, мяне выцягнулі з зямлянкі. Зімой ляжала на галінках у лесе, грэючыся толькі цяплом ад невялікага кастра.

Потым немцы сталі агароджваць тэрыторыю лагера. На 2,5-мятровыя слупы нацягнулі калючы дрот. Такім жа небяспечным частаколам абнеслі адзіны калодзеж, каб вязні не маглі свабодна піць ваду. Колькі людзей паміралі ад смагі… Калі нечакана выпаў снег, мы наогул не маглі хадзіць. Нас не кармілі, збівалі камянямі і палкамі. У немцаў, якія былі вартаўнікамі, заўважыла на шыях “каралі” з чэрапамі людзей. Увесь час баялася, як бы не стаць адным з іх. Падтрымлівала толькі мама простымі словамі: пацярпі яшчэ крышку…
Пасля таго, што давялося перажыць, ніколі не гляджу ваенныя фільмы.

Запісалі Ірына СТАСЮКЕВІЧ і Дар’я ТРУХНОВА, вучаніцы 11 “В” класа. 

Вера Пятроўна МАЛЕЙ:

“Нас расстралялі б, калі б мы не збеглі…”

– Немцы забралі мяне прама з пашы, дзе пасвіла кароў. Захапіўшы такім чынам некалькі дзясяткаў патэнцыяльных нявольнікаў, пасадзілі ў таварняк і вывезлі ў Нямеччыну.

Жылі ў горадзе Пецкаў – я і яшчэ пяць дзяўчат у маленькім пакоі. Калі адбываліся бамбёжкі, памяшканне зачынялі, каб у мітусні налёту вязні не разбегліся. Адсюль нас вывозілі на работу. Працавалі на палетках – збіралі моркву, буракі. Двойчы ў дзень кармілі: днём – 300-400 грамаў хлеба на ўсіх, вечарам – па адной-дзве бульбіны кожнаму. 

У суседніх пакоях знаходзіліся французы і палякі. Яны прыехалі ў Германію працаваць яшчэ ў даваенны час, таму не імкнуліся падтрымліваць адносіны з рускімі. Але калі хтосьці трапляў у так званую “халодную”, мы забываліся пра разнагалоссі. У карцэр саджалі вязняў, якія адставалі ад вагонаў ці імкнуліся збегчы. Мы наразалі кавалачкі хлеба, загортвалі іх у паперкі і праз шчыліны падавалі гаротнікам. Каб гэта ўбачыў паліцэйскі, нас бы забілі…

Не памятаю, хто нам сказаў, што вайна закончылася. Але разам з вялікай радасцю быў і вялікі страх: даведаліся, што немцы расстрэльваюць сваіх усходніх рабочых – остарбайтэраў. Мы вырашылі збегчы, і гэта нам удалося. Дарога дамоў была вельмі цяжкай і пакутлівай, але нас падтрымлівала думка аб хуткай сустрэчы з роднымі.  

Марыя Аляксандраўна МАКСІМЕНКА:

“Свае лічылі нас “ворагамі народа”…

– У 1942-ім немцы прайшліся па хатах і загадалі людзям збірацца. Мне было толькі тры годзікі. Мала што памятаю, але шмат аб чым потым расказвала мама.

На караблі нас даставілі ў Фінляндыю. Пасялілі ў стары будынак тэатра. Крыху давалі ежы, але за месяц многа людзей памерла. Тых, хто выжыў, размеркавалі па фермах. На адну з іх трапіла і наша сям’я – бабуля, мама, яе брат, двое дзяцей – я і крыху большая стрыечная сястрычка. Нам пашанцавала з гаспадаром. Ён аплочваў маркамі працу старэйшых і даваў талоны на прадукты.

Пасля заканчэння вайны вярнуліся ў Расію, у Яраслаўскую вобласць. Сям’ю лічылі “ворагамі народа”, зневажалі, абвінавачвалі ў пасобніцтве саюзнікам немцаў. Мама спрабавала абараніцца: мы не ваявалі! А як бы вы паводзілі сябе, калі быў прыстаўлены аўтамат да горла?.. Нас выселілі з дома. Давялося пераехаць у іншую вёску. Такія адносіны было значна горш пераносіць, чым нават пасляваенны голад.

Запісалі Вольга КАНАПАЦКАЯ і Марына КАСЦЮКЕВІЧ, вучаніцы 11 “В” класа.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть