ЗВАНЫ ПАМЯЦІ
У Бастыні ўрачыстае святкаванне 66-ай гадавіны Перамогі пачалося ў Свята-Параскевінскім храме. Меладычны звон заклікаў вяскоўцаў на паніхіду ў памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны.
Потым хрэсны ход са свяшчэннікам і царкоўным хорам узначаліў калону вучняў і настаўнікаў, прадстаўнікоў грамадскасці. Разам падышлі да брацкай магілы воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні вёскі, – традыцыйнага месца правядзення мітынгаў. Старшыня сельвыканкама Фёдар Рашэцкі і дырэктар школы Яраслаў Койка павіншавалі землякоў са святам, яднаючым пакаленні і краіны. Аб цяжкім шляху да Перамогі нагадаў ветэран вайны і працы Павел Пятровіч Бунас. Ганаровым удзельнікам ўрачыстасці, у ліку якіх былі таксама былыя франтавікі Уладзімір Сцяпанавіч Зыковіч, Іосіф Адамавіч Каховіч і воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Андрэевіч Бушыла, дзеці ўручалі кветкі. Да помніка былі ўскладзены вянкі. Побач сёлета быў устаноўлены драўляны крыж з іконай, якія асвяціў настаяцель храма іерэй Іаан Пятрэнка.
Каля абеліска паблізу чыгуначнага пераезда была ўшанавана памяць вяскоўцаў, якіх у 1942 годзе расстралялі фашысты. Затым для ўдзельнікаў урачыстасці адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці ў Бастынскім СДК.
Святкаванне працягвалася каля абеліска загінуўшым вызваліцелям і воінам-землякам у Велуце. Ад імя маладога пакалення выступіў дырэктар школы Уладзімір Коўшык. Віншаванні прымалі ветэран вайны Міхаіл Лаўрэнцьевіч Клімчук і ўдава загінуўшага салдата Дамяніка Цімафееўна Хлуд.
Дэлегацыя вучняў Люшчанскай яслі-сад-БШ на транспарце, выдзеленым ААТ «Лунінецлес”, усклала кветкі да помнікаў ахвярам фашызму на хутары Замошша і на беразе Белага возера.