ЗВАРОТЫ – ПА МЕСЦЫ ЖЫХАРСТВА

У адпаведнасці з падпунктам 1.1 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 года №498 “Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб”, заявы, прапановы ці скаргі, незалежна ад таго, у які орган ці дзяржаўную арганізацыю паступілі, разглядаюцца ў адпаведнасці з кампетэнцыяй:

у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, падначаленых ім арганізацыях, тэрытарыяльных падраздзяленнях (органах) і арганізацыях, падпарадкаваных ці ўваходзячых у склад (сістэму) рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўных арганізацый, падначаленых Ураду, іншым дзяржаўным органам, арганізацыям, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць і размешчаны ў межах той адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, дзе ўзніклі пытанні, выкладзеныя ў звароце;

у іншых дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, калі пытанні, выкладзеныя ў зваротах, адносяцца да выключнай кампетэнцыі гэтых органаў ці арганізацый.

Такім чынам, грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы, першапачаткова павінны звярнуцца з заявай, прапановай ці скаргай у райвыканкам ці арганізацыі, што знаходзяцца ў яго падпарадкаванні. Калі ж вынік разгляду не задавальняе, ён можа быць абскарджаны ў вышэйстаячы дзяржаўны орган ( Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт ці падпарадкаваныя яму арганізацыі, Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ці суд).

На жаль, часта жыхары раёна не выконваюць вышэйназваныя палажэнні Указа.

Так, жыхарка Лунінца звярнулася са скаргай у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытанню аплаты камунальных паслуг за кватэру. Гэты зварот для разгляду накіравалі ў райвыканкам, а работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі падрыхтавалі дэталёвае тлумачэнне заяўляльніцы.

Яшчэ адна лунінчанка палічыла, што яе ўнука незаконна адправілі на лячэнне ў псіханеўралагічны дыспансер, і паведаміла аб гэтым у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кампетэнтны адказ падрыхтавалі спецыялісты УАЗ “Лунінецкая ЦРБ”.

Гараджаніну не спадабаліся паводзіны дырэктара “Райпалівазбыту” і скаргу па пытанню забеспячэння дровамі ён адправіў у абласны выканаўчы камітэт. Зварот вярнулі на разгляд у райвыканкам. Пасля праведзенай праверкі, мужчына атрымаў адказ па ўсіх пытаннях.

Жыхарка Мікашэвіч напісала просьбу ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні. Вырашыць пытанне маглі б адразу спецыялісты упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, калі б яна звярнулася сюды. Ім жа давялося рыхтаваць адказ, паколькі пытанне – у іх кампетэнцыі.

Калі ў вас узнікаюць пытанні, звяртайцеся ў мясцовыя органы ўлады і вы абавязкова атрымаеце кампетэнтныя адказы.

Вячаслаў КЛЯЎЧЭНЯ, галоўны спецыяліст па прававой рабоце райвыканкама.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть