ЗЯЛЁНЫ – КОЛЕР НАДЗЕІ

У Лунінцы ўрачыста адкрылі яшчэ дзве ўтульныя аптэкі – у будынках камбіната бытавога абслугоўвання і Залескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі (былой чыгуначнай паліклінікі).
У той дзень фае КБА на першым паверсе было ўпрыгожана паветранымі шарамі, а ўсіх наведвальнікаў сустракалі юнак і дзяўчына ў нацыянальным адзенні. Роўна ў адзінаццаць гадзін пачуліся гукі скрыпкі, прыгадаўшай да болю знаёмую мелодыю песні “Мой родны кут”. Не адыходзячы ад беларускай традыцыі ветлівасці, гасцей віталі духмяным караваем. 
Перад тым, як перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку, да сабраўшыхся звярнуліся генеральны дырэктар РУП “Фармацыя” Вячаслаў Гніцій і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч. Новая аптэка стала 18-ай на Лунінеччыне. Яе месцазнаходжанне ў новым мікрараёне дапамагае вырашыць важную задачу крокавай даступнасці для гараджан самых розных выгод. У тым ліку – і звязаных з медыцынскім абслугоўваннем. 
Загадчыцу цэнтральнай раённай аптэкі Ганну Рацык ніколькі не засмучае тая акалічнасць, што новая падведамасная ўстанова знахо-дзіцца насупраць паліклінікі, дзе таксама ёсць аптэчны ларок. Па-першае, запэўніла Ганна Андрэеўна, тут больш шырокі асартымент лекаў, а па-другое, наведвальнікам могуць прапанаваць увесь спектр паслуг. А гэта як вольны продаж медыкаментаў, так і водпуск іх па рэцэптах, у тым ліку – льготных і бясплатных. Да таго ж, тут могуць узяць заяўку на любое з лякарстваў, якога на момант звароту не аказалася ў наяўнасці. Максімальны тэрмін дастаўкі – 5 дзён. 
З моманту адкрыцця тут наладжана работа даведачнай службы. Правізары аператыўна падкажуць наведвальніку, у якой аптэцы раёна можна набыць той ці іншы запатрабаваны лекавы сродак. Пакуль асартымент новай аптэкі налічвае паўтары тысячы найменняў, але з часам колькасць прапаноўваемых прэпаратаў будзе павялічвацца. З гэтай мэтай вопытныя правізары Валянціна Шкут і Тамара Бярозка будуць вывучаць попыт насельніцтва.
Новая аптэка на першым паверсе КБА будзе працаваць з панядзелка па пятніцу з 9 да 19 гадзін, а ў выхадныя дні – з 9 да 17. Даведкі можна атрымаць па тэлефоне 5-58-12.
Зялёная шыльда з надпісам “Аптэка” нядаўна паявілася і на будынку Залескай амбулаторыі. Яна мае больш высокую – чацвёртую катэгорыю. Загадчыца ўстановы Людміла Колб задаволена новымі ўмовамі працы, утульнасцю і зручнай сучаснай мэбляй. Тут таксама прапаноўваюць усе вышэйпазначаныя фармацэўтычныя паслугі ад абслугоўвання па рэцэптах да дастаўкі лекаў пад заказ. Як адзначыла намеснік загадчыцы цэнтральнай раённай аптэкі Аляксандра Агіевіч,   ні адна з устаноў РУП “Фармацыя” на Лунінеччыне не падобна на іншыя. Усе яны маюць свой дызайн і толькі ім уласцівую колеравую гаму. Гэта па-сапраўднаму сучасныя медыцынскія ўстановы, закліканыя садзейнічаць умацаванню здароўя жыхароў. 
Пакуль яшчэ нямногія ведаюць, што былая чыгуначная аптэка “пераехала” ў новае памяшканне, але яе работнікі спадзяюцца, што ўсё гэта – справа часу. Яны жадаюць лунінчанам часцей прыходзіць сюды за вітамінамі, гігіенічнымі і касметычнымі сродкамі, якіх удосталь ёсць у продажы. А як спасцігне хвароба, то тут пастараюцца дапамагчы пацыенту не толькі надзейнымі лекамі, але і добрым словам.
Працуе аптэка ў рабочыя дні з 9 да 17 гадзін. Тэлефон даведак 3-12-52.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть