ЗЯМНОЕ ПРЫЦЯЖЭННЕ
Для Людмілы Уладзіміраўны Германовіч кожная раніца
пачынаецца аднолькава: ледзь світанак спрабуе разагнаць цемру, яна спяшаецца на
ферму. Гэтая абаяльная жанчына працуе аператарам па штучнаму асемяненню буйной
рагатай жывёлы на МТФ №2 СВК «Гарадоцкі”.
Сёння яна з гонарам гаворыць, што ўсё жыццё звязала з
малой радзімай.
А нарадзілася Людміла Германовіч у Цне. Там закончыла
школу і марыла пра незвычайную будучыню
ў вялікім горадзе. Аднак лёс распарадзіўся інакш.
Першым месцам работы стаў гандаль. Больш як 15 год
адпрацавала прадаўцом, але потым вымушана была памяняць прафесію. У вёсцы выбар
небагаты, а таму, не доўга думаючы, уладкавалася паляводам у тагачасным калгасе
«Маяк”. Думалася, часова. Але ж зямное прыцяжэнне ўзяло верх на доўгія гады.
Толькі той, хто звязаны з сельскай гаспадаркай, ведае, якая няпростая і часам
вельмі няўдзячная праца на зямлі. Аднак Людміла не скардзілася. Мужна
пераадольвала цяжкасці і марыла, што аднойчы яе стараннаць будзе заўважана і па
вартасці ацэнена.
Уласна кажучы, так і сталася. Пасля шасці год работы
паляводам маладой жанчыне даверылі кантроль за якасцю малака. Так пачаўся яе
шлях у жывёлагадоўлі. А яшчэ праз год, калі паўстала пытанне, каго паслаць на
курсы асеменатараў у Віцебскую ветэрынарную акадэмію, сумнення ў кіраўніцтва
ўжо не было: вядома ж, Людмілу Германовіч. Насамрэч, мэтанакіраванасць,
упартасць і старанне , з якімі яна асвойвае кожную новую справу, сапраўды
могуць стаць выдатным прыкладам для пераймання.
Пачынаць давялося з малога – стварэня ўтульнасці ў
невялікім кабінеце, наладжвання строгага кантролю за захаваннем тэхналогіі
догляду за жывёлай і ўменнем хутка прымаць правільныя рашэнні. Гэта толькі на
першы погляд работа аператара па асемяненню буйной рагатай жывёлы уяўляе сабой
набор няхітрых маніпуляцый, а на самой справе гэта – сапраўдная навука. І
спасцігае яе Людміла Уладзіміраўна ўсё жыццё.
Маладая асеменатар вельмі радавалася, калі ў 2007-м
удалося ў разліку на 100 кароў цялушак атрымаць 72 галавы прыплоду. Аднак
ведала, што такі паказчык далёка не мяжа. Ужо на будучы год ён павялічыўся да
100, а яшчэ праз такі ж прамежак часу – да 118 галоў. Летась у разліку на 100
кароў і цялушак Людміла Германовіч здолела атрымаць 124 маленькія цяляткі. Такі
вынік – мара для многіх яе калег з іншых сельгаскааператываў.
І ўсё ж спецыяліст далёкая ад самаўпэўненасці, бо
пераканана, што сапраўдны поспех магчымы толькі ў згуртаваным калектыве. Яна
лёгка знаходзіць агульную мову з даяркамі і даглядчыкамі, ніколі не імкнучыся
імі каманадаваць. Хутчэй – дае параду, падказвае. А той факт, што да падказак
гэтых абавязкова прыслухоўваюцца, сведчыць аб непахісным аўтарытэце Людмілы
Уладзіміраўны сярод тых, хто працуе побач.
Сведчаннем заслуг спецыяліста з’яўляецца і той факт, што яе імя занесена
на Дошку Гонару сельгаскааператыва, а па выніках работы за 2011 год Людміле
Германовіч прысвоена званне «Майстар жывёлагадоўлі 1 класа”.
Самае дзіўнае, што ў любой сітуацыі яна застаецца
жанчынай – усмешлівай, дабразычлівай і вельмі шчырай. Між тым, адразу і не
скажаш, што Людміла Уладзіміраўна – мама дарослага сына і бабуля дзвюх цудоўных
унучак, у якіх укладвае душу. А калі і шкадуе, то толькі пра тое, што нястрымна
ляціць час. Яго б затрымаць хоць на крышку, бо так многа яшчэ хочацца паспець…