За пераадоленнем – ДЫНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ
Вясна… Ужо дваццаць пятая па ліку ад сумнай даты – той, што гора прынясла, Адно на ўсіх, пад назваю – Чарнобыль. І падзялілася жыццё – на “да” і на “пасля”…
Напярэдадні 25-годдзя чарнобыльскай катастрофы, наступствы якой паўплывалі і на лёс жыхароў нашага раёна, прапанавалі чытачам “ЛН” адрасаваць хвалюючыя іх пытанні прадстаўнікам устаноў аховы здароўя і санітарнай службы. Тэлефанаванняў не дачакаліся. Праблемы наступстваў катастрофы на ЧАЭС абмеркавалі з запрошанымі да ўдзелу ў сумеснай рабоце спецыялістамі УАЗ “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца”. Намеснік галоўнага ўрача Анатоль Іванавіч БАРАН. Урач-кардыёлаг Ірына Мікалаеўна КЛЮКА. Раённы педыятр Валянціна Іванаўна ТРУХАНОВІЧ. Урач-анколаг Рэгіна Міхайлаўна ШВІТКОВА.
Гэта было нядаўна…
Вядучы: Слова “Чарнобыль” у лічаныя дні стала сумна вядома ўсяму свету. Як у вашых сэрцах адгукнуліся падзеі 26 красавіка 1986 года?
А.І. Баран: У той час быў студэнтам. Прызнацца, складанасць сітуацыі асэнсаваў пазней, калі маладым спецыялістам накіравалі ў Кажан-Гарадоцкую ўчастковую бальніцу, пабудаваную, дарэчы, за чарнобыльскія сродкі.
І.М. Клюка: 25 год таму была студэнткай Гродзенскага медінстытута. У той час не было спецыялістаў, якія б растлумачылі сапраўдную небяспеку радыяцыі.
В.І. Трухановіч: Мая малая радзіма – Ганцавіцкі раён, не забруджаны радыенуклідамі. У 1986-ым мне было 15 год, школьніца. Запомнілася хваляванне людзей. Ніхто не ведаў, як ратавацца ад нябачнай небяспекі. Куплялі ў аптэках ёд, спіртавы настой якога не мог дапамагчы, да таго ж прафілактыка ажыццяўляецца на працягу тыдня-двух, а насельніцтва нават інфармацыю аб катастрофе атрымала пасля майскіх святаў. Уразіла: даілі кароў і вылівалі малако ў траву…
Р.М. Швіткова: Працавала ўрачом у Кажан-Гарадоцкай урачэбнай амбулаторыі. Паведамілі, што вёску будуць высяляць. У мяне на руках – трое маленькіх дзяцей. Усе жыхары сядзелі з пашпартамі і плакалі… Права на адсяленне мелі, але ім не скарысталіся. Цяпер ужо ўстаноўлена: найбольш сур’ёзнай праблемай аховы здароўя з’яўляюцца сацыяльна-псіхалагічныя наступствы чарнобыльскай бяды. Радыяцыйнае забруджанне выклікала псіхалагічны стрэс. Ён аказаўся мацнейшым, чым сама радыяцыя.
Розніца: тады і цяпер
Вядучы: Прайшло 25 год. Вырасла цэлае пакаленне людзей з менталітэтам чарнобыльскай ахвяры. Працуеце з людзьмі, якія часта ўсе праблемы спісваюць на наступствы катастрофы на ЧАЭС. Наколькі згодныя з імі? У чым абвяргаеце распаўсюджаную думку?
Р.М Швіткова: У 1985-ым пастаўлены на ўлік 120 хворых на анкалогію. Пасля Чарнобыля штогод выяўляецца не менш як 240 чалавек. Рост – у 2 разы. Але нельга звязваць гэтыя дзве абставіны. Анкалогія – хвароба цывілізацыі. Пагаршэнне экалогіі з-за апрацоўкі зямлі ядахімікатамі, алкагалізацыя насельніцтва, нерацыянальнае выкарыстанне безумоўных дасягненняў прагрэсу – камп’ютараў і мабільных тэлефонаў, спадчынныя фактары – вось далёка не поўны пералік прычын, якія вядуць да ракавых захворванняў.
А.І. Баран: З чарнобыльскімі наступствамі прычыннасць устаноўлена ва усіх анкалагічна хворых дзяцей, у дарослых – толькі пры раку шчытападобнай залозы.
Р.М. Швіткова: Да 1985-га такі дыягназ на глебе вузлавога зобу быў пастаўлены дзвюм немаладым жанчынам – у Лахве і Вялікіх Чучавічах. Іх аперыравалі ў Маскве і Ленінградзе. Першыя пяць выпадкаў у дзяцей былі выяўлены ў 1987-ым у Кажан-Гарадку. Іх і прааперыравалі, і абпраменілі.
В.І. Трухановіч: Нашы спецыялісты не ведалі, як лячыць людзей з такой паталогіяй. Неацэнную дапамогу аказала Германія. Многія нашы ўрачы навучаліся там спецыяльным методыкам. Акрамя таго, нашых дзяцей бралі ў гэту краіну на ёдатэрапію. Такім жа чынам у онкагэматалогіі дапамагала Японія.
Р.М. Швіткова: Па выяўленню рака шчытападобнай залозы неспрыяльным быў 2007-ы – 17 выпадкаў. Раней і пазней – менш. У цэлым сёння назіраем 152 онкахворых, якія з’яўляюцца чарнобыльскімі інвалідамі, з іх 7 – дзеці, 9 – падлеткі.
І.М. Клюка: Такімі ж хваробамі цывілізацыі з’яўляюцца сардэчна-сасудзістыя паталогіі. Яны ніяк не звязаны з наступствамі катастрофы на ЧАЭС і былі заўсёды. Самым вялікім фактарам рызыкі стаў алкаголь. Яго мішэні – органы, забяспечваючыя жыццядзейнасць арганізма: печань, сэрца. З прычын смяротнасці ў працаздольным узросце на першым месцы стаіць алкаголь.
В.І. Трухановіч: Безумоўна, цяпер палепшылася дыягностыка. Жыхары штогод праходзяць абследаванне, кожнаму даступнае і ўльтрагукавое, чаго не ведалі раней. Але ў нашым чарнобыльскім раёне захворваемасць не перавышае сярэднеабласны ўзровень. Гэта ж адзначаем і ў межах раёна: жыхары чыстых тэрыторый хварэюць параўнаўча столькі ж, колькі і насельнікі забруджанай часткі.
І.М. Клюка: Павінна нагадаць нашым пацыентам, што перш-наперш на здароўі адлюстроўваецца якасць жыцця, а галоўнае – яго лад, які цалкам залежыць ад кожнага з нас.
Перспектывы
Вядучы: Як перавагу заўсёды падкрэслівалі, што жыхары Добрай Волі, вызначанай на адсяленне, асталяваліся ў пасёлку Дубаўка – у межах роднага раёна. Цяпер адзначаем, што і гэта не выратавала паселішча ад разбурэння. Што ж далей?
А.І. Баран: Дзяржавай былі створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання ў Дубаўцы. Выклікае шкадаванне разбурэнне асобных будынкаў, закрыццё басейна. Людзі захавалі свае працавітасць і гаспадарчасць: прыгожыя дамы, дагледжаныя агароды. Шкада, што моладзь не застаецца з-за праблем працаўладкавання. Відавочна, быў упушчаны момант зацікаўленасці юнакоў і дзяўчат да замацавання на малой радзіме.
Усё ж трэба адзначыць, што абаронныя мерапрыемствы ў аграпрамысловым комплексе дазваляюць атрымліваць у грамадскім сектары прадукцыю ў межах дапушчальных узроўняў. У малацэ з асабістых дапаможных гаспадарак летась толькі ў двух выпадках у Азярніцы зарэгістравана перавышэнне ўтрымання цэзія-137. Будуюцца кватэры для інвалідаў-чарнобыльцаў, пракладваюцца водаправоды для забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой. Газіфікаваны сотні жылых дамоў у вёсках Яжаўкі, Язвінкі, Купаўцы, Бараўцы, Кажан-Гарадок, і гэта работа працягваецца. Добраўпарадкуюцца вуліцы. За чарнобыльскія сродкі будуецца і аўтадарога ў Мікашэвічах ад Першамайскай да выезду на аўтамагістраль Кобрын-Гомель. Прадпрыемствамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі набыта шмат рамонтна-аварыйнай тэхнікі, машын і механізмаў. Выдатным медыцынскім абсталяваннем забяспечваецца наша новая раённая бальніца на 240 ложкаў, што таксама ўзведзена за кошт чарнобыльскіх сродкаў.
Шмат пазітыўных змяненняў прадугледжаны Дзяржаўнай чарнобыльскай праграмай на 2011-2015 гг. і на перыяд да 2020 года. Стратэгія яе – ад пераадолення наступстваў аварыі да дынамічнага развіцця пацярпеўшых раёнаў. Мэтай праграмы з’яўляецца далейшае зніжэнне рызыкі неспрыяльных уплываў на здароўе грамадзян, садзейнічанне пераходу ад рэабілітацыі тэрыторый да іх устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця пры безумоўным забеспячэнні патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі.