“Здравіца”, “Канцэрціна”!
Меладычны твор кампазітара Сушавай можна назваць візітнай карткай узорнага камернага ансамбля школы мастацтваў.
Такім было вітанне гледачам ад калектыву на завяршэнне канцэрта. «Здравіцу” хочацца адрасаваць і кожнай з 10-ці юных скрыпачак, якія на чале з трыма дарослымі выкладчыкамі – мастацкім кіраўніком Эдуардам Белавусам і канцэртмайстрамі Вольгай Белавус (скрыпка) і Валянцінай Савінкінай (фартэпіяна) на працягу гадзіны ўражвалі лунінчан выдатным выкананнем складаных музычных твораў. Саліравалі старшакласніцы Аляксандра Даніловіч і Юлія Калянковіч, малодшакласніцы Ганна Белавус і Валерыя Бузынчык. Скрыпічны ансамбль расквеціўся аксамітнымі гукамі баяна (Ірына Буневіч) і гітары (Віктар Круглік). Вяршыняй вакальнага і музычнага мастацтва стала выступленне Наталлі Мурко.
Пачалі ж праграму маленькія Даша СЫЦЭВІЧ і Надзя ШПАКОЎСКАЯ, якія вывучаюць скрыпку ў падрыхтоўчым класе. Расце надзейная змена «Канцэрціна”, які 8-ы год з годнасцю носіць ганаровае званне «ўзорны”.