КультураМикашевичиНовости районаОбщество

А вы елі «Плюхі»? Удзельніца тэлепраграмы «Беларуская кухня» Людміла Брэзіна (Лунінецкі раён)

Працягваем шэраг публікацый пра ўдзельніц тэлепраграмы «Беларуская кухня». Чарговай гераіняй сталічных здымак у Дзятлавічах стала Людміла БРЭЗІНА.

– Тут нарадзілася, вырасла, стварыла сям’ю, дачакалася ўнукаў, – сціпла пра сябе расказала жанчына. – Вядучую Ларысу Мятлеўскую пазнаёміла з такой стравай, як “Плюхі”. Гэта нашы мясцовыя грыбы, іх можна замяніць на зялёнкі. Для прыгатавання ў чыгунок варта пакласці любую костачку, грыбы, пакрышаныя бульбу, цыбулю і моркву, лаўровы ліст. Дадаць солі і дробку змолатых сушаных баравікоў. Заліць вадой і паставіць у печ. Чым даўжэй гатуецца суп, тым наварысцей ён атрымаецца. Падаваць рэкамендуецца са смятанай і дамашнім хлебам. Дарэчы, я па спецыяльнасці – хлебапёк, вучылася ў Баранавічах. Аднак, так сталася ў жыцці, што ні дня па гэтай прафесіі не працавала. Тым не менш, у мяне рознабаковыя інтарэсы. Люблю кансерваваць вырашчаны ўраджай, вяжу, вышываю, у тым ліку бісерам.

Шмат станоўчых водгукаў атрымала наша “Бульбачка са скарынкай”! Каб яе прыгатаваць, неабходна адварыць клубні. Асобна абсмажыць сала са здробненай цыбулінай. Зрабіць пюрэ, заправіць яго, скласці горкай на патэльні і зарумяніць у печы. А раз прыгадалі ўжо дамашні хлеб, то прапаную ўвазе і яго рэцэпт. У 1,5 літра цёплай вады растварыць 50 грамаў свежых дражджэй. Дабавіць па 2 сталовыя лыжкі без верха цукру і солі, 2 кілаграмы мукі (я выкарыстоўваю першага гатунку). Вымесіць лыжкай, потым рукамі. Пакінуць для пад’ёму (час залежыць ад тэмпературы ў пакоі і якасці дражджэй). Змазаць формы для хлеба алеем, запаўняць іх цестам не больш як напалавіну. Даць час падысці зноў. Паставіць у духоўку на 40-45 хвілін пры тэмпературы 170 градусаў. Калі зверху моцна запячэцца, а хлеб яшчэ не спёкся, можна яго прыкрыць фальгой ці пергаментам. Выхад з гэтай порцыі – 4 боханы.

І самы важны сакрэт! Памятайце, што не толькі пры рабоце з цестам, а ўвогуле пры прыгатаванні любой стравы трэба мець добрый настрой і пазітыўныя думкі. Тады ўсё атрымаецца смачна, непаўторна, духмяна! Дарэчы, падчас здымак падзя-лілася вершаванымі радкамі з кнігі Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”:

Калі на свеце нехта дзесьці

Умее добра працаваць, –

То ўмее ён і смачна з’есці

І – адпаведна – згатаваць!

Ад рэдакцыі. Спадзяемся, што чытачы раённай газеты далучацца да добрай ідэі сабраць на старонках лепшыя сямейныя рэцэпты – цікавыя, аўтэнтычныя, уласцівыя толькі пэўнай мясцовасці. Дасылайце іх на нашы адрасы: паштовы – г. Лунінец, пл. Леніна, 12; электронныя – lncnews@brest.by, lncnews@yandex.by. Можна скарыстацца сацыяльнымі сеткамі, у тым ліку рэдакцыйным тэлефонам у Viber 8-044-552-26-65.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть