Общество

Дзень з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Лунінецкага раёна

Падчас апошняга рэйду, калі разам са спецыялістамі розных службаў наведвалі сем’і, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, міжволі стала сведкай непрыемнай размовы. Пажылая жанчына, абараняючы сваю шалапутную нявестку, кідалася фразамі: “Ніякага прытулку! Бач, выдумалі што! Ведаем, як там адносяцца да дзяцей”.

Зрэшты, падобных абывацельскіх уяўленняў, накшталт “у такой установе заўсёды адзінока, сумна і дрэнна”, чула не аднойчы. Дык насамрэч, як жывецца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Лунінецкага раёна яго юным насельнікам, паказала і расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вольга Грыневіч:

– Мы адкрыліся 14 год таму. І, як паказвае час, дзейнасць нашай арганізацыі заўсёды была запатрабавана. Калегі на чале з кіраў-ніком Наталляй Ціхай імкнуцца забяспечыць сацыяльную адаптацыю непаўналетніх, аказваюць сацыяльна-педагагічную, псіхалагічную, медыцынскую, прававую і іншую дапамогу хлопчыкам і дзяўчынкам, якія аказаліся ў экстрэмальных сітуацыях. Не забываем пра бацькоў, усынавіцеляў, апекуноў ці папячыцеляў. Сумеснымі намаганнямі стараемся пераадолець цяжкасці, аднавіць сацыяльны статус сярод равеснікаў па месцы вучобы, паса-дзейнічаць вяртанню дзетак у сем’і.

Сёння часовы дах над галавой тут маюць 9 юных вяскоўцаў. Яны адрозніваюцца ўзростам, характарамі, звычкамі, навыкамі. Тых, хто крыху меншы, пашчасціла ўбачыць і пагаварыць, а  старэйшыя дзеткі былі на занятках у школе.

Бадай, “старажыламі” прытулка можна лічыць сястрычку і браціка Юлію і Максіма Фурсевічаў з Лутавеня. Ёй споўнілася дзевяць, яму – чатыры. Так сталася, што маці па заключэнню ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі не можа выконваць бацькоўскія абавязкі. Тату ж гэтых правоў наогул пазбавілі. Жанчына раней часта прыязджала да дзяцей, цікавілася справамі. Аднак апошнім часам візіты сталі рэдкімі. Вольга Грыневіч заўважыла, што ў канцы верасня лёс Юлі і Максіма зменіцца ў лепшы бок: цётка іх матулі афармляе апеку. Гэта не можа не радаваць малых, якія з нецярпеннем чакаюць перамен. Таму што, як прызналіся: “Тут многае падабаецца, добра адносяцца выхавальнікі, смачна кормяць, але ўсё роўна сумуем па маме”.

Далёка не зайздросны шлях нашчадкаў сям’і Каліноўскіх з Бастыні. Хаця самі дарослыя так не лічылі. І ніколі не засмучаліся антысанітарнымі ўмовамі ў доме. Выхоўвалі пяцёра дзяцей, праўда, неяк “па-асабліваму”, што, урэшце, прывяло да пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Пэўны час хлопчык і дзяўчынкі знаходзіліся ў прытулку. Таксама быў перыяд, калі ўсіх афармлялі ў прыёмныя сем’і.

Напрыклад, 11-гадовая Аляксандра і 7-гадовы Максім і зараз жывуць у Вольгі і Сяргея Канапацкіх з Дзятлавіч. Дзяўчынкі Аліна і Жанна ўжо сталі студэнткамі каледжаў: першая выбрала лёгкую прамысловасць, другая – медыцыну. А вось за 13-гадовай Вікторыяй прыглядваюць выхавальнікі прытулка.

Перад самым пачаткам лета ў сацыяльна-педагагічны цэнтр прыехалі адразу некалькі юных жыхароў Велуты. У іх нават і прозвішча аднолькавае – Арэхва. Праўда, Мікіта – адзіны хлопчык у сваіх бацькоў, а вось у другой сям’і – нашчадкаў шасцёра. Кацярыне споўнілася 11 год, Андрэю – 8, Юліі – 5, Вікторыі – 4. Самы старэйшы Саша паступіў у Лунінецкі каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, а малодшую Аляксандру адправілі ў Пінскі дом малюткі. Патрабаванні да бацькоў абедзвюх сямей у прынцыпе аднолькавыя: кінуць піць, курыць, знайсці сабе работу, навесці парадак у доме, стварыць умовы, каб дзеці змаглі рыхтаваць урокі.

Прызнаны маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне Анур Нагорны з Галага Бору. Яго адабралі ў бацькоў разам з братам Давідам і сястрой Амаліяй. Па прычыне маленькага ўзросту малышоў ад-правілі ў Пінскі дом малюткі. Аднак хочацца шчыра верыць, што і яны праз некаторы час абавязкова прыедуць дамоў, бо работнікі цэнтра працуюць на агульны вынік – вярнуць малых у родныя сем’і.

За дзеткамі ў цэнтры сочаць выхавальнікі Наталля Курыловіч, Таццяна Паўловіч, Людміла Рамановіч, Таццяна Буневіч, Софія Абраменя, іх памочнікі – Таццяна Кісель і Зарына Сахвон. На пытанне, ці адрозніваецца іх работа ад таго ж дзіцячага сада,  выхавальніца Таццяна Наварыч заўважыла:

– Зразумела, так. Нашы выхаванцы – асаблівыя, да кожнага патрэбна знайсці падыход. Многія прыязджаюць, не маючы элементарных навыкаў. Хтосьці не ўмее прыбіраць свае рэчы, не ведае, што такое “можна” і што “нельга”. Сустракаліся нават выпадкі, калі малышы вялі сябе, як мауглі. І калі пачынаеш вучыць, часта натыкаешся на “сцяну” – нежаданне слухацца, рабіць, як гавораць, паяўляюцца крыўды. Аднак дзень за днём сэрцайкі цяплеюць і вачаняты “загараюцца”. Мы, дарослыя, шчыра верым, што гэты агеньчык, які сілкуецца клопатам і ўвагай, працягне гарэць і пасля таго, як мы развітаемся з нашымі часовымі падапечнымі.

На самых розных узроўнях абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з паляпшэннем дэмаграфічнай сітуацыі. Прадугледжаны шматлікія прывілеі для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. І становіцца зусім незразумелым, непрымальным, недаравальным, калі ўсе даброты паступова губляюць сваё прызначэнне. Утульны дом ператвараецца ў смуродны прытон, замест прадуктаў купляецца танная выпіўка, а матуліны пацалункі і бацькавы абдымкі так і застаюцца дзіцячымі марамі…

І як добра, што на Лунінеччыне ёсць спецыялісты, здольныя выхоўваць не толькі такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, але і прымушаюць іх гора-бацькоў змяніць лад жыцця і падарыць сынам і дочкам сапраўднае дзяцінства.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть