Абдуманы і ўзважаны выбар
Общество

Абдуманы і ўзважаны выбар

выборыыыыыВыбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў XXVII склікання адбыліся. Больш за 83 працэнты землякоў аддалі свае галасы за будучыню Лунінеччыны, амаль трэць скарысталася магчымасцю прагаласаваць датэрмінова. Выбраны 3 дэпутаты ў абласны Савет, 40 – у раённы, 15 – у Мікашэвіцкі гарадскі, 121 – у вясковыя.
Хаця ўчасткі пачыналі работу з 8 гадзін раніцы, некаторыя выбаршчыкі прыходзілі загадзя, каб у ліку першых аддаць галасы за сваіх кандыдатаў. Невыпадкова, што да абеду на многіх участках колькасць прагаласаваўшых наблізілася да 50 працэнтаў. Каля кабінак для галасавання нават назіраліся чэргі. Многія прыходзілі сем’ямі, з дзецьмі. Па цудоўным настроі адчувалася, што выбары для лунінчан – не проста выражэнне грамадзянскай пазіцыі, а сапраўднае свята.
Васіль Лабко на ўчастак №4, што размясціўся ў СШ №1 г. Лунінца, прыйшоў разам з унукамі Максімам і Палінкай.
– За многія гады, здаецца, ні разу не прапусціў выбары. Звычайна галасую за тых кандыдатаў у дэпутаты, на якіх спадзяюся і чакаю ад іх добрай працы ва ўладзе, каб павысіўся жыццёвы ўзровень насельніцтва, каб мы былі абаронены. Хоць нашы чаканні і не заўсёды пацвярджаюцца, але няхай у нас будзе ўлада, якую мы вы-біраем, а значыць жыццё – па законе, а не анархізм, трагедыі і беды…
Сяргей і Лідзія Абраўцы разам з дзецьмі (на верхнім здымку) прыйшлі аддаць свае галасы за кандыдатаў у дэпутаты на ўчастак №5 (СДЮШАР). І хаця іх сыны Жэнька і Дзімка яшчэ маленькія і не маюць права выбару, але з важнасцю і сур’ёзнасцю дапамагалі бацькам апускаць бюлетэні ў скрыню.
– Прыемная, добразычлівая абстаноўка пануе на ўчастку, – дзеліцца ўражаннямі Лідзія Іванаўна. – Выбарчая камісія паклапацілася своечасова абвясціць і запрасіць нас на выбары. Таму мы сёння тут. На гэтых выбарах кандыдаты ў дэпутаты – нашы землякі, у якіх актыўная грамадзянская пазіцыя, людзі годныя, паважаныя, і яны чакаюць нашых галасоў. Мы давяраем ім. Вельмі спа-дзяюся, што новы дэпутацкі корпус будзе вырашаць важныя для горада і раёна пытанні.
У клубе чыгуначнікаў, як і на іншых участках, выбары праходзілі спакойна. Жыхары ўважліва знаёміліся з інфармацыяй, размешчанай у кутку выбаршчыка.
Уладзімір Паўлавіч, пенсіянер:
– Я не разумею тых людзей, якія прынцыпова не ходзяць на выбары, не карыстаюцца правам выбраць уладу. Значыць, ім абыякава, што будзе з іх горадам, вёскай, вобласцю, краінай! Я ж карыстаюся сваім канстытуцыйным правам выбіраць – правам, за якое ў розны час у розных краінах тысячы людзей аддавалі свае жыцці. Права выбіраць уладу – адно з асноўных. І калі яно будзе нам абыякавым, то пра якое захаванне астатніх правоў можна тады наогул гаварыць? Хачу, каб улада працавала, у тым ліку і на мяне. Для гэтага я павінен яе выбраць. Сам. Без падказак. І раблю гэта кожны раз з задавальненнем.
Найбольшы наплыў людзей на
Любанскім участку назіраўся бліжэй да абеду. Кожнага, хто прыходзіў аддаць свой голас, выбарчая камісія пад кіраўніцтвам дырэктара мясцовай школы Святланы Антановіч сустракала ў светлым, па-святочнаму ўрачыстым, фае. Тых жа, хто не змог па стану здароўя ці па іншых прычынах дабрацца да ўчастка, наведвалі на даму. Гэта місія была даверана членам камісіі Сяргею Чэрняковічу і Валерыю Шэўчыку.
Выканаць свой грамадзянскі абавязак палічыў за гонар самы сталы жыхар участка Аляксандр Якаўлевіч Шчагрыковіч (на здымку). Сустрэць камісію 103-гадовы пенсіянер выйшаў на вуліцу, чаму спрыяла цёплае сонечнае надвор’е:
– Ніколі не прапускаў такой важнай палітычнай кампаніі. Бачу, людзі, за якіх аддаю свой голас, усе маладыя. Няхай плённа працуюць на дабрабыт краіны. Менавіта ад стараннай працы не толькі іх, але і ўсіх жыхароў Беларусі залежыць, ці будзе ў нас што есці і апрануць. Мне ўжо шмат не трэба. Былі б толькі мір ды згода. А вы вось старайцеся… – прыгаворваючы так, Аляксандр Якаўлевіч даволі ўпэўнена для свайго ўзросту бярэ ручку і дае шанц кандыдатам…
Шукаць выбарчы ўчастак у Лахве доўга не давялося. Сюды па шырокай вуліцы з цэнтра да школы вёў ланцужок прыгожа апранутых вяскоўцаў. Людзі ішлі па-аднаму, групамі, а то і цэлымі сем’ямі.
Упершыню галасаваў Васіль Дзе-мідовіч:
– Пачуццё сапраўды незвычайнае – мне дадзена права выбару. Кандыдатаў у дэпутаты ведаю і ім давяраю. Веру, што іх падтрымаюць большасць выбаршчыкаў. Галасуем за сваіх лю-дзей і ўпэўнены, што яны абавязкова будуць старацца рабіць для нас толькі добрыя справы. Хачу даць і своеасаблівы наказ: калі ласка, пастарайцеся адрамантаваць клуб у Лахве і абавязкова спартыўную залу. Так хочацца ў вольны час патрэніравацца.
З адказнасцю і разуменнем аднесліся да працэдуры выбараў у мясцовыя Саветы на ўчастку № 28 у Вульцы 2. Даволі актыўна тут праходзіла галасаванне ў папярэднія дні, але асноўная колькасць выбаршчыкаў завітала ў мясцовы Дом культуры менавіта ў нядзелю.

Урачыстасць панавала ў зале, упрыгожаным рознакаляровымі вышыванкамі і кветкамі. Тактоўна і далі-катна члены камісіі тлумачылі неабходныя правілы. Выступіць на канцэрце “Ляці, наша песня!” прыехалі ўдзельнікі ансамбля народных інструментаў “Вясёлка” – з Міжлесся і іх таленавітыя аднавяскоўцы. Свае здольнасці дэманстравалі артысты і культработнікі з Краснай Волі і мясцовага СДК.
“Яшчэ жыве бацькоўскі зруб”… – гучала са сцэны, і адчуванне Радзімы жыло ў сэрцы. Менавіта для паляпшэння ўмоў жыцця ў роднай старонцы і прыходзілі вяскоўцы зрабіць свой выбар.
Марыя Соц (на здымку) з Галага Бору даўно на пенсіі. Але былая настаўніца разумее значнасць свайго голасу. Некалі Марыя Васільеўна сама была сакратаром выбарчай камісіі. Цяпер гэта справа маладзейшых, але заставацца ў баку ад важных падзей жанчына не збіраецца. Трактарыст Мікалай Верас знайшоў час, каб аддаць свой грамадзянскі доўг. Хай вясна дадала клопатаў, але не прыйсці на выбары для мужчыны, выхаванага сумленным і працавітым, проста немагчыма.
Прадаўцы магазіна забеглі на хвілінку, але для сябе галасаваць “за” ці “супраць” вызначыліся загадзя – абдумана і ўзважана. Многія прыязджалі адразу цэлымі сем’ямі, а на пытанне аб значнасці працэдуры адказвалі адназначна: “Гэта наш выбар!”.
Пасля падвядзення вынікаў сакратар камісіі Раіса Якубовіч сказала:
– Яўка на выбарах склала 93,6 працэнта. Усе кандыдаты набралі колькасць галасоў, значна большую за неабходную. З аддаленых кропак для падвозу людзей выдзялялі транспарт, наогул, адчувалася вялікая актыўнасць насельніцтва.
На Краснавольскім выбарчым участку №31 яўка склала 90,7 працэнта. Усе кандыдаты атрымалі давер і вялікую колькасць галасоў.
Выбар зроблены. Новых дэпутатаў чакае адказная праца. Пажадаем ім поспехаў ў вырашэнні нашых агульных праблем.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть