«Аб’ект года» – наш!
Общество

«Аб’ект года» – наш!

школаУ Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва падведзены вынікі традыцыйнага рэспубліканскага конкурсу на лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне. У ліку пераможцаў – ПМК-19 у намінацыі “Аб’ект года”, – якім прызнана СШ у вёсцы Вулька 2.

– Гэта – не першае дасягненне нашай арганізацыі, – пачаў размову начальнік ПМК-19 Фёдар Бірыла. – У 2010-ым аналагічнай узнагароды былі ўдастоены за новую бальніцу ў райцэнтры. Сёлета на ўрачыстым мерапрыемстве дыплом і кубак уручаў старшыня праўлення Саюза будаўнікоў Рэспублікі Беларусь Мікалай Шарамет.

Калі папрасіла расказаць пра тое, што ацэньвала журы, то Фёдар Мікалаевіч адказаў проста: “Наша школа была самай годнай з тых, што прэтэндавалі на званне “лепшы аб’ект” і запрасіў паглядзець відэа-фільм. Гэта невялікая кінастужка была прэзентацыяй на рэспубліканскім конкурсе. І хаця, як журналісту, неаднойчы даводзілася быць на аб’екце падчас будаўніцтва, падалося, што тут апынулася ўпершыню. Зараз у школе, разлічанай на 168 месцаў, навучаецца 176 хлопчыкаў і дзяўчынак. Будынак і прылягаючая тэрыторыя займае больш як 25 тысяч квадратных метраў. Запоўненыя дзіцячымі галасамі кабінеты ўражваюць сваёй непаўторнасцю, фарбавай гамай, якая падбіралася з улікам прызначэння, натуральнымі і экалагічна чыстымі матэрыяламі, што выкарыстоўваліся пры аддзелачных работах. Цікавы дызайн фае на першым паверсе з люстэркавай столлю. Нельга не захапіцца спартыўнай залай і ўніверсальнасцю сталовай, якая ў патрэбны момант ператвараецца ў актавую залу. Што датычыць школьнага стадыёна, то Фёдар Бірыла падзяліўся сакрэтам: для газона сюды завозілі спецыяльны грунт з Лобчы, які прасявалі, каб якасць футбольнага поля была на вышэйшым узроўні. А падтрымліваць яго ў належным стане дапаможа газонакасілка, падораная кіраўніком мясцовай гаспадаркі Уладзімірам Соцам.

Школа з’яўляецца сапраўдным упрыгожаннем аграгарадка Вулька 2. Думаю, і Лунінцу аб’ект адукацыі такога ўзроўню не пашкодзіў бы. Тым больш, што ў перспектыўных планах раёна – прыбудова лунінецкай СШ №1.

За тры месяцы года аб’ём будаўніча-мантажных работ, выкананых уласнымі сіламі, дасягнуў 117 працэнтаў, што ў грашовым эквіваленце складае амаль 13 мільярдаў рублёў. Выпрацоўка на аднаго чалавека павялічылася да 118 працэнтаў або 64 мільёны рублёў пры плане 54 мільёны. Рэнтабельнасць за 2 месяцы “вырасла” да 10,6 працэнта. Чыстага прыбытку атрымалі 1,2 мільярда рублёў.

На жаль, сёння вымушаны шукаць партнёраў самастойна ў іншых рэгіёнах. Вось і зараз дзве брыгады працуюць у Дзяржынску на ўзвя-дзенні 80-кватэрнага дома, адна –  у Баранавічах на будаўніцтве жыллёва-будаўнічага кааператыва. Закончыўшы гэтыя аб’ёмы, ПМК-19 прыступіць да работ у Камянцы.

Наперадзе – здача разлікова-касавага цэнтра аддзялення “Белаграпрамбанка” ў Мікашэвічах і шмат іншых планаў, аб якіх у хуткім часе раскажам на старонках газеты.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть