Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы ў аграгарадку Лобча Лунінецкага раёна (фотарэпартаж)
2022 – Год исторической памятиКультураНовости районаОбщество

Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы ў аграгарадку Лобча Лунінецкага раёна (фотарэпартаж)

Жывая традыцыя, якая захавалася з мінулага, і сення служыць цудоўнай магчымасцю аб’яднаць былое з сучаснасцю. Афіцыйна абрад  мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека.

Абрад “Ваджэнне Кусты на другі дзень Тройцы ў аграгарадку Лобча Лунінецкага раена Брэсцкай вобласці” з’яўляецца святам для ўсей Лобчы, як для карэнных жыхароў, так і для прыезджых. Традыцыйнае свята як форма адпачынку застаецца цікавым сучасным спажыўцам.

Арганізоўвае мерапрыемства народны фальклорны калектыў “Лабчанка” Лобчанскага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Святланы Мелюх.

Тройца – свята маладой зеляніны, з якой параўноўваюць дзяўчыну, якая хутка возьме шлюб і пакіне свой род (адарвецца ад свайго куста роду). Таму ў куставых песнях спяваюць пра жаночую долю, жыцце ў сям’і свекра і свякроўкі. Усе песні, пажаданні, дыялогі, прыпеўкі выконваюцца на мясцовым дыялекце.

Нагадваючы зімовыя “калядкі”, удзельнікі выходзяць на вясковыя вуліцы і накіроўваюцца ў двары аднавяскоўцаў. Дасылаюць шчырыя віншаванні са святам Троіцы, жадаюць дастатку і здароўя гаспадарам. У адказ тыя адорваюць гасцей салодкімі пачастункамі, просяць не мінаць іх у наступны раз. Даўно заўважана, тую хату, дзе пабывала “Куста”, чакаюць добры ўраджай і поспехі ў справах усіх насельнікаў.

Касцюмы і ежу ўдзельніцы гурта рыхтуюць самі і святкуюць Тройцу на другі дзень ускладчыну пасля абыходу вескі з Кустай. Дзяўчаты распранаюць Кусту – вяночак вешаюць у чырвоны кут да наступнага года.

Старэйшае пакаленне лабчан адносіцца да святочнага абраду са шчымлівасцю, бо нагадвае ім пра далекую маладосць, дзе яны самі былі яго ўдзельнікамі. Для моладзі гэта – хутчэй цікавы спектакль, магчымасць паназіраць за нечым незвычайным. А ўвогуле свята дорыць радасць усім вяскоўцам, дае магчымасць быць разам, раслухаць прыгожыя песні, трапныя жарты, палюбавацца незвычайнымі ўборамі самадзейнікаў.

Дзякуючы творчым намаганням кіраўніка народны фальклорны калектыў “Лабчанка” ажыццяўляе актыўную канцэртную дзейнасць, народжвае новыя, свежыя плыні ў адраджэнні і захаванні вечна жывога.

Абрад бытуе не толькі ў аграгарадку Лобча, але і ў іншых населеных пунктах Лунінеччыны, дзе ен некалі шырока бытаваў: Багданаўцы , Вульцы-1 і Дзятлавічах і інш.

Калектыў “Лабчанка” актыўна супрацоўнічае са студэнтамі розных універсітэтаў, каледжаў, технікумаў, сярэднімі ўстановамі адукацыі. Студэнты і настаўнікі прыязджаюць гуртамі і паасобку для запісу песень і абрадаў.

Абрад “Ваджэнне Кусты” – эстэтычна значная з’ява. Ён прыгожы з візуальнага боку, багаты на мастацкае напаўненне, традыцыйны па структуры, але дае прастор для дыялогавай імправізацыі.

Абрад фарміруе ў жыхароў аграгарадка Лобча усведамленне, што яны з’яляюцца адной супольнасцю не толькі па месцы жыхарства, але і супольнасцю, якая мае адметную традыцыйную культуру. Паглядзець на абрад прыязджаюць прадстаўнікі прэсы, сталічная моладзь, сваякі жыхароў Лобчы.

Гэта ўмацоўвае прэстыж абрада і гурта, які яго захоўвае, а ў жыхароў Лобчы – гонар за іх.


Похожие статьи


Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть