Аб’яднала ўменне працу і захапленне
Общество

Аб’яднала ўменне працу і захапленне

радионовичПры слове – макароны – адразу згадваецца Італія, загадкавая сонечная краіна, дзе вырабы з цеста сталі нацыянальнай адметнасцю. Хай нам больш даспадобы стравы з бульбы, але мы ўмеем ствараць з макаронаў прыгажосць. Для гэтага дастаткова пазнаёміцца з Надзеяй РАДЗІАНОВІЧ і яе спецыяльнай выставай, якая проста зачароўвае.
Вось самавар размясціўся ў цэнтры століка, каля яго – сподачкі, гаршчочкі. Старадаўні патэфон, здаецца, ажыў ад умелага майстэрства. Чаравічак з высокім абцасам навявае матывы казкі пра “Папялушку”. Вылучаецца брыльянт нацыянальнай бібліятэкі, хай сабе ў значна паменшаным выглядзе, але такі ж вытанчаны і велічны. А будынак царквы з купаламі і крыжыкамі наогул выглядае сапраўдным цудам…
А пачыналася ўсё са звычайных некалькіх макаронін, якія зліпліся паміж сабой. Ці то быў момант асаблівага знамення, ці проста бязмежны разгул таленту! Тыя “рожкі”, “зорачкі”, “ракушкі” пакінулі кухню, каб атрымаць новае жыццё ў выніку карпатлівай працы. І вось яно – дасягненне сапраўднага майстра! На рэспубліканскім аглядзе-конкурсе ў беларускай бібліятэчнай асацыяцыі “Сам сабе мастак”, якая праходзіла ў Мінску, за незвычайную калекцыю атрымала Дыплом 1 ступені.
Надзея Міхайлаўна з 1986 года ўзначальвае Луні-нецкую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. Для многіх з нас іх праца азначае толькі запіс і выдачу кнігі. Але тут і работа метадыстаў, аддзела камплектавання, захоўвання рэдкіх экзэмпляраў. Ды і да чытача трэба знайсці асаблівы падыход. Для гэтага – эксперыменты і навінкі, разнастайныя выставы, конкурсы, клубы па інтарэсах. Найцікавей ствараць нешта новае. Менавіта такія адносіны і даюць штуршок для цудоўных ідэй.
Зацікаўленасць сярод калектыву распаўсюджваецца на ўсе бібліятэкі раёна, дзе ў кожнай ёсць свая накіраванасць. Напрыклад, Лобчанская – краязнаўчая, Лунінская – экалагічная, Сінкевіцкая – з ухілам на прадпрыемствы “Граніт” і “Спецжалезабетон”. У Палескім – абавязкова агранамія і бульбаводства.
У Год гасціннасці бібліятэкары рады будуць сустрэць калег з Ганцавіч, дзе самі летась пераймалі вопыт і дзяліліся дасягненнямі.
Здзівіў адказ на пытанне, як на іх працы адбілася паяўленне інтэрнэта?
– Мы не адчулі змяншэння цікавасці да кнігі. А чытачоў нават пабольшала. Кніга ёсць кніга! Калі яна з пахам свежай друкарскай фарбы, такая блізкая і зразумелая! – у словах Надзеі Міхайлаўны гучыць адданасць сваёй справе і любоў да каштоўных твораў.
Дырэктар вельмі задаволена сваім калектывам. Людзі ўсе адказныя, творчыя, зацікаўленыя любімай справай. Ды і ад падначаленых чуліся ў адрас кіраўніка толькі цёплыя словы і пажаданні. Для гэтага ёсць добрая нагода – на днях у Надзеі Міхайлаўны юбілей.
Некалі ў юнацтве На-дзея з бацькамі пераехала на Лунінеччыну са Столінскага раёна. Ёй спадабаўся наш горад, які паступова стаў родным. Вучоба ў “Інстытуце культуры” ў Мінску дала патрэбныя веды для прафесійнай дарогі. Пачынала метадыстам, бібліятэкарам у розных калектывах. Стараннасць і здольнасці хутка былі заўважаны і жанчыну прызначылі на кіруючую пасаду.
Надзея Міхайлаўна нічога не расказала пра асабістае жыццё. Самае каштоўнае і дарагое няхай застаецца “за кадрам”, і гэту старонку мы пакінем непрачытанай. Але няцяжка здагадацца, адкуль у творчага чалавека столькі натхнення, жадання ствараць прыгожае. І вочы… Іх святло выдае, што дома жанчыну любяць і чакаюць.
А я любавалася, гледзячы на дыхтоўныя залы кніжнага царства, аздобленыя пакаёвымі раслінамі. Ды яшчэ разок хацелася зірнуць на “Макаронную фантазію”, бо такую незвычайную калекцыю здараецца ўбачыць не часта. І на развітанне пажадаць таленавітаму майстру новых узлётаў і дасягненняў у працы і творчасці.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть