Аб’яднаныя прафесіяй
Общество

Аб’яднаныя прафесіяй

yubilej-pedagogov

Сёлетняя восень выдалася не зусім залатой. Пахмурнае надвор’е і частыя дажджы міжволі наганяюць сум у душы…

Не толькі развеяць яго, але і ўнесці радасць у восень жыцця сваіх былых калег у адзін з кастрычніцкіх дзён пастараліся старшыні: савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі – Таццяна Шпак і райкама прафсаюза работнікаў аддзела адукацыі і навукі – Нэлі Рафаловіч, якія за-прасілі сёлетніх юбіляраў у Цэнтр дзіцячай творчасці.

Мерапрыемства такога кшталту ладзілася ўпершыню (арганізатары спа-дзяюцца, што ў далейшым яно стане традыцыйным). З 50-ці гасцей прыйшлі крыху больш за палову. І не пашкадавалі. Вядучая Святлана Філонік здолела падабраць да сэрца кожнага юбіляра свой ключык, што выклікала адначасова і станоўчыя эмоцыі на тварах, і наварочвала слёзы на вочы.

А пачалося ўсё з песні “Настаўнікі” ў выкананні  ўдзельнікаў узорнага ансамбля “Залатое птушаня”. Адораныя ўсмешкамі і бурнымі апладысментамі, юныя артысты, здалося, перадалі атрыманы з залы імпульс задору і ўпэўненасці сваім “калегам па цэху” – танцавальнаму дуэту ў складзе Івана Рафаловіча і Марыі Кацуба, спявачкам Жэні Бугакавай і Ліане Яраховіч, “акцёрам” Арсенію Маркавічэнку і Сашы Муравейка, Івану Сыцэвічу і Дашы Нагорнай, якія танцамі, песнямі і інсцэніроўкамі суправаджалі віншаванні арганізатараў свята і, не шкадуючы сваіх сіл і таленту, з задавальненнем дарылі музычныя падарункі гасцям.

Іх першае выступленне прысвячалася 80-гадовым юбілярам – таленавітым і творчым педагогам Аляксандру Гардзеевічу і Ліліі Васільеўне Гнедзькам, Валянціне Рыгораўне Неўдах, Аляксандру Міхайлавічу Барадзінскаму, медсястры Ірыне Міхайлаўне Бачаровай. У якіх бы калектывах яны не працавалі, усюды карысталіся вялікай павагай калег і любоўю дзяцей.

75 сустрэтых зім і вёсен запісалі ці яшчэ запішуць сёлета на свой рахунак настаўніца беларускай мовы і літаратуры  Софія Міхайлаўна Гуз, выхавальнік Міхаіл Сцяпанавіч Юнкевіч, настаўніца гісторыі Валянціна Міхайлаўна Ярмушэвіч. Іх урокі – гэта маленькае жыццё. Яны вучаць любіць і цаніць родную мову, ганарыцца Беларуссю, захоўваць яе традыцыі. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас Наталлі Іванаўны Казанковай, якая на працягу 12 год з’яўлялася старшынёй раённага савета ветэранаў педагагічнай працы. За актыўны ўдзел у рабоце галіновага прафсаюза, значны ўклад ва ўдасканальванне формаў і метадаў грамадскай дзейнасці, а таксама маральнае і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення яе імя  сёлета занесена ў Кнігу Гонару Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Адпаведнае пасведчанне ўручыла Нэлі Рафаловіч.

Сярод 70-гадовых юбіляраў Аляксандра Георгіеўна Кулага – цудоўны чалавек, выдатны педагог і таленавіты кіраўнік. Разам з ёю  віншаванні і шчырыя пажаданні дабрабыту прымалі не менш паважаныя былыя настаўнікі Іна Васільеўна Гнедзька і  Алена Паўлаўна Бусько, выхавальнікі Зінаіда Рыгораўна Бусель і Вера Сцяпанаўна Курыловіч.

…Яго крэда – нестамляльны, штодзённы творчы шлях. Педагог, улюбёны ў сваю прафесію, з такімі цудоўнымі якасцямі як высокая арганізаванасць, дысцыплінаванасць, патрабавальнасць да сябе і вучняў, якія на яго ўроках падарожнічалі ў цудоўны свет лічбаў, лагарыфмаў і інтэгралаў. Яны станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд… Гэтыя словы адрасавалі 65-гадоваму юбіляру, былому настаўніку матэматыкі  Паўлу Іосіфавічу Зылевічу. А колькі падобных, поўных удзячнасці выказванняў, прагучала ў адрас  яго аднагодкаў педагогаў і выхавальнікаў Ніны Барысаўны Качановіч, Дзіны Ігараўны Мальцавай, Тамары  Аляксандраўны Свеклісценкавай, Мікалая Васільевіча Шаболдава, Галіны Мікалаеўны Грыгор’евай, Івана Паўлавіча Сергіевіча, Людмілы Емяльянаўны Кірыковіч, Галіны Браніславаўны Коўшык, Ніны Аляксандраўны Аляшкевіч.

Выдатны педагог і выхавальнік… Крэатыўны, творчы, актыўны, жыццярадасны і чулы чалавек – гэта толькі невялікая частка эпітэтаў, якія прызначаліся прадстаўнікам самай “маладой” катэгорыі ветэранаў – 60-гадовым юбілярам Антанідзе Уладзі-міраўне Вячорка, Лідзіі Барысаўне Рашэцкай, Раісе Мікалаеўне Шырчанка, Сяргею Іванавічу Яраховічу, Святлане Аляксееўне Баярчук, Але Аляксандраўне Цыбулька, Галіне Іванаўне Шкіндзер, Таццяне Фёдараўне Піліпцэвіч…

Час праляцеў хутка. У віхуры выступленняў неяк незаўважана пад песню “Каравай” на сцэне апынуўся святочны торт і ўсе зразумелі, што свята падышло да свайго завяршэння. Усіх юбіляраў запрасілі сфатаграфавацца на памяць  і перайсці ў суседнюю залу, дзе пад кубачак гарачага чаю яшчэ доўга ліліся ўспаміны людзей, якіх на ўсё жыццё аб’яднала агульная справа – вучыць і выхоўваць дзяцей.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть