Аб’явіць наркотыкам вайну!
Общество

Аб’явіць наркотыкам вайну!

наркотики 02Прыкладна так можно было б сфармуляваць агульны вызначаны накірунак дзейнасці праваахоўных, дзяржаўных органаў і шматлікіх арганізацый, прадстаўнікі якіх бралі ўдзел у каардынацыйнай нарадзе, што прайшла пад старшынствам пракурора Аляксандра Карлюка.

Падставай для яе правядзення стаў аналіз крымінагеннай сітуацыі ў раёне. Нягледзячы на тое, што ўзровень злачыннасці на Лунінеччыне падае, захоўваецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці правапарушэнняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Летась такіх было зарэгістравана 42, што на 2,5 працэнта больш, чым у папярэднім годзе.

Не дае падстаў для заспакаення і 2015 год. На сёння ўжо выяўлены 22 наркатычныя злачынствы. Па іх колькасці раён трымае сумнае лідарства ў вобласці. Так, у Іванаўскім раёне з пачатку года зарэгістравана 4 падобныя злачынствы, столькі ж — у Івацэвіцкім, у суседнім Столінскім — адно. Разам з тым, прыведзеныя лічбы сведчаць і пра тое, што супрацоўнікі мясцовага РАУС не дрэмлюць, праводзячы актыўную работу па выяўленню не толькі спажыўцоў атруты, яе рэалізатараў, але і каналы паступлення ў раён.

Адначасова нельга не заўважыць адваротны бок медаля і адмаўляць тое, што абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў апошнім часам прыкметна павялічыўся, а самі яны «мадэрнізаваліся» і сталі больш даступнымі. Прыцягнуўшы на дапамогу сучаснае павуцінне пад назвай “Інтэрнэт”, злачынцы вынаходзяць новыя шляхі і метады пастаўкі і рэалізацыі атруты.

Пра гэта гаварылі практычна ўсе выступаючыя — памочнік пракурора Арцём Ралінскі, начальнік РАУС Уладзімір Рыбак, яго намеснік Пётр Даніловіч і іншыя. А значыць, і аператыўнікам трэба перабудоўвацца, прыстасоўваючыся да змен, якія адбываюцца ў грамадстве. Але ж ці паспяваюць яны гэта рабіць?

Як аказалася, не заўсёды. У ходзе нарады было адзначана, што нярэдка супрацоўнікі РАУС быццам спыняюцца на паўшляху, не даводзячы да лагічнага завяршэння распачатую справу. Колькі разоў падазраваемыя паведамлялі аб тым, дзе знайшлі дзікарослыя каноплі. Следчыя перакананы, што затрыманыя амаль заўсёды даюць падманныя звесткі, але ж цвёрдай упэўненасці ў гэтым няма, бо ніводной праверкі наконт таго, ці насамрэч у названым месцы ёсць расліна, якая дае сыравіну для наркотыкаў, не праводзілася. Больш таго, былі выпадкі, калі дзікарослыя каноплі ўсё-такі выяўляліся ледзь не на тэрыторыі населеных пунктаў, як гэта было непадалёк ад Лобчы.

Высокім застаецца ўзровень злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, сярод непаўналетніх. Вызначана, так бы мовіць, “геаграфія” гэтай злачыннасці. Нярэдка пунктамі “прапіскі” нядобранадзейнасці становяцца лунінецкія каледжы. Летась быў выяўлены проста абуральны выпадак: за набыццё і захоўванне асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва затрыманы адзін з выкладчыкаў каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці. Зразумела, што ім зацікавіліся праваахоўныя органы, а працоўныя адносіны з такім “настаўнікам” адразу ж спынілі, аднак сам факт наштурхоўвае на невясёлы роздум.

Тым больш, што выпадак меў прэцэдэнт. Літаральна праз месяц у поле зроку вартавых правапарадку трапіў адзін з трэнераў спартыўнай установы, які не толькі сам ужываў наркотыкі, але і захоўваў 2 кілаграмы (!) марыхуаны. Якія такія спартыўныя якасці мог выхаваць у падапечных такі функцыянер?

Зразумела, што на нарадзе далі слова загадчыку аддзела адукацыі, спорту і турызму Івану Раковічу. З яго справаздачы сведчыла, што аддзелам праводзіцца вялікая работа па выкананню заканадаўства аб супрацьдзеянні наркаманіі. Ёсць планы, арганізоўваюцца мерапрыемствы, ладзіцца анкетаванне сярод падлеткаў, бацькоў запрашаюць на “Адзіныя бацькоўскія дні”… Але ўсё перакрэсліў відэасюжэт, які прапанавалі ўдзельнікам нарады. Дакладней сказаць, гэта была аператыўная здымка камерай відэаназірання, устаноўленай у адной з мікашэвіцкіх кватэр. Гэтае жытло даўно ператварылася ў прытон, дзе наркотыкамі грашылі не толькі гаспадары, але і іх шматлікія госці. Вось яны гатуюць атруту, рыхтуюць шпрыцы, вось уводзяць адзін аднаму наркотык… За ўсім гэтым пільна назірае чатырохгадовая малая, якая тэпае паміж дарослымі, углядаецца ў іх твары. Прычым, як высветлілася, падобная працэдура паўтаралася кожныя 34 гадзіны, бо бацькі дзяўчынкі з’яўляліся пастаяннымі спажыўцамі опіоідаў і стаялі на ўліку ў нарколага.

Самае жудаснае, што сям’я даўно мела статус сацыяльна-небяспечнай і павінна была знаходзіцца пад самым пільным наглядам многіх зацікаўленых службаў — ад адукацыі да медыкаў. Справа ў тым, што дзяўчынка нарадзілася з сардэчнай паталогіяй. Маленькай яе прааперыравалі. Атрымліваецца, урачы вырвалі малышку з лап смерці, а дарослыя сваёй абыякавасцю проста перакрэслілі ўсе гэтыя старанні. I гаворка не толькі пра маральны бок справы, а яшчэ і пра звычайны, жыццёвы. У кватэры нельга было прадыхнуць ад пароў ацэтону, дзіця ж знаходзілася там кругласутачна.

Зрэшты, па ўсіх дакументах, у тым ліку і медыцынскіх, умовы пражывання малышкі трывогі не выклікалі. Як зазначыў пракурор А.П. Карлюк, такія дзеянні адказных асоб мяжуюць з крыміналам і прававая ацэнка ім будзе абавязкова дадзена. Як дадзена яна гора-бацькам, якія за свае дзеянні атрымалі 11 і 13 год пазбаўлення волі.

На нараду невыпадкова запрасілі кіраўнікоў гарсельвыканкамаў. Сёння ні для каго не сакрэт, што наркатычны спрут даўно раскінуў свае шчупальцы далёка за межы раней вядомых мясцін канцэнтрацыі наркаманіі. І каму як не прадстаўнікам мясцовай вертыкалі, участковым ведаць, чым жыве ў вёсцы кожная асобна ўзятая сям’я. Тым больш, што ў малых населеных пунктах прыватнае жыццё нярэдка становіцца прадметам абмеркавання суседзяў і яго падрабязнасці схаваць няпроста. Аднак у раёне за ўсю гісторыю барацьбы з наркаманіяй у праваахоўныя органы паступалі для праверкі лічаныя сігналы аб падазрэнні на парушэнні падобнага кшталту. Таму і нядзіўна, што час ад часу нават каля самых, здавалася б, добранадзейных вёсак “раптам” знаходзяць паўгектарныя дзялянкі з канопляй ці якой іншай атрутай.

Вельмі хочацца спадзявацца, што гэтая нарада не стане чарговым мерапрыемствам “для галачкі”. Хаця б таму, што прыняты на ёй вельмі важныя і, верыцца, своечасовыя рашэнні, якія датычаць не толькі прадстаўнікоў улады, праваахоўнікаў, работнікаў адукацыі, медыкаў, але і грамадскіх структур. Нават свяшчэннікі не засталіся ўбаку. Мяркуецца, што ў бліжэйшы час будзе разгледжана пытанне аб сістэматычным наведванні імі ўстаноў адукацыі, дзе пройдуць сустрэчы з вучнямі. Няхай добрыя памкненні духоўнага адраджэння знойдуць спрыяльную глебу, бо сумнення ў тым, што падрастаючае пакаленне трэба ратаваць, здаецца, ужо не засталося.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть