«Ад кожнага з нас залежыць, наколькі насычаным будзе жыццё…»
Общество

«Ад кожнага з нас залежыць, наколькі насычаным будзе жыццё…»

Інжынер аддзела забеспячэння, старшыня Савета моладзі прадпрыемства Аляксандр ВАЦЯКОЎ:

   

 

– Узначальваю маладзёжную арганізацыю з 2015 года, а на прадпрыемстве – з 2012-га. Прыехаў сюды з дыпломам Санкт-Пецярбургскага по-літэхнічнага ўніверсітэта. У паўночнай сталіцы апынуўся пасля таго, як пасту-піўшы ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па праграме  студэнцкага абмену, атрымаў прапанову вучыцца ў горадзе на Няве. Пасля заканчэння некаторы час працаваў у Расіі, а потым вярнуўся дадому. На шчасце, на “Спецжалезабетоне” на той час была вакансія. І гэта – сапраўднае шанцаванне, бо калектыў тут вельмі згуртаваны, адказны і добразычлівы.

Калі прапанавалі ўзначаліць мала-дзёжную суполку, спачатку сумняваўся, ці атрымаецца зацікавіць і павесці за сабой моладзь. Выручыла тое, што практычна ўсе значныя мерапрыемствы ладзім разам з прафсаюзным камітэтам і актывістамі  іншых грамадскіх арганізацый – “Белай Русі”, “Беларускага саюза жанчын”. Нашы пачынанні падтрымлівае кіраўніцтва, за што – асаблівы дзякуй. Практычна ўсе прапановы  Савета моладзі і актывістаў БРСМ улічаны ў Калектыўным дагаворы. Так, згодна з гэтым дакументам летась 9 нашых маладых татаў і матуль атрымалі адзінаразовую матэрыяльную дапамогу пры нараджэнні дзяцей. Тыя, хто не менш як 2 гады ад-працавалі на прадпрыемстве, могуць разлічваць на беспрацэнтную пазыку ў памеры 150 базавых велічынь. Не застаецца ўбаку прадпрыемства і ад праблем маладых сем’яў, якія будуюць уласнае жыллё. Гэта і водпуск будаўнічых матэрыялаў у лік заработнай платы, бязвыплатная матэрыяльная дапамога членам ЖБК і тым, хто ўзводзіць дамы.

Заўсёды стараемся падтрымаць юнакоў і дзяўчат, якія выходзяць на дзяжурствы добраахвотных народных дружын, а таксама да святаў. Трое нашых актывістаў – на Дошцы гонару прадпрыемства. Адзначым лепшых і да Дня моладзі.

Варта сказаць, што на прадпрыемстве штогод распрацоўваецца план фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Як правіла, ён актыўна абмяркоўваецца. У выніку спартыўнае жыццё ў нас вельмі насычанае. Моладзь (і не толькі!) актыўна ўдзельнічае ў зімовых і летніх галіновых і раённых спартакіядах, ладзім цэхавыя спаборніцтвы па валейболе, міні-футболе, настольным тэнісе. У чэмпіянаце раёна па валейболе занялі 4-ае месца.

Вялікай папулярнасцю карыстаюцца экскурсіі. Работнікі прадпрыемства, у тым ліку і актывісты мала-дзёжнай арганізацыі, пабывалі ў сталіцы ў музеях гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і сучаснай беларускай дзяржаўнасці, на “Славянскім базары” ў Віцебску, у аквапарку “Лебяжий”, на півавараным заводзе “Алі-варыя”, падтрымлівалі нашых хакеістаў на матчы “Дынама Мінск” – “Дынама Масква”… Не застаемся ўбаку ад шматлікіх акцый. Маім калегам добра вядомы народныя праекты “Я – Беларусь”, “За чысты родны край”, “Дзеці Брэсцкага гарнізона”.  Актыўна ўдзельнічалі ў адукацыйным семінары “Прафсаюз – за моладзь. Моладзь – за прафсаюз” і іншых карысных справах.

Пералік можна весці доўга. Аднак кожны з працаўнікоў ААТ “Спецжалезабетон” разумее, што ад іх залежыць, наколькі паўнацэнным і цікавым будзе жыццё калектыву. Менавіта таму ў авангардзе ўсіх добрых спраў і пачынанняў у нас нязменна знахо-дзіцца моладзь. І тое, што ў нашу добрую ініцыятыву і адказнасць вераць старэйшыя калегі, дае жаданне жыць і працаваць яшчэ больш вынікова.

 

 

ДВА ЛЁСЫ

Сёння Яўген ПРАКАПОВІЧ і Аляксей КРАЎЦОЎ (на здымку – злева направа) маюць аднолькавыя прафесіі фармаўшчыка вырабаў і канструкцый і ў інтэрнаце жывуць побач. Вось толькі шлях да гэтага быў абсалютна розным.

Яўген нарадзіўся і вырас у Мікашэвічах. Пасля заканчэння СШ №1 паступіў у Пінскае ПТВ №88, дзе атрымаў будаў-нічую прафесію. Вярнуўся ў родны горад, стварыў сям’ю і сёння не толькі марыць пра шчаслівае будучае, але і мэтанакіравана стварае яго стараннай працай.

Аляксей прыехаў на Лунінеччыну ў 2012 годзе з Луганска. Мірная і спакойная Беларусь  пасля разарванай вайной Украіны спадабалася юнаку, і  ён пачаў шукаць магчымасць працаўладкавацца. Атрымалася не адразу, хаця на руках быў дыплом Луганскага нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта. У адчаі прыйшоў у райвыканкам, трапіў на прыём да тагачаснага старшыні В.М. Агіевіча. Васіль Міхайлавіч спагадліва аднёсся да юнака. Неўзабаве яму прапанавалі некалькі месцаў работы. На той час Аляксей перавёз з Луганска на Лунінеччыну жонку і малышку-дачку, таму вызначальным стала прадастаўленне жылля. Так Аляксей Краўцоў апынуўся на “Спецжалезабетоне”. Сёння ён не стамляецца дзякаваць людзям, якія паў-дзельнічалі ў яго лёсе, асабліва дырэктару прадпрыемства В.П. Басевічу.

– Васіль Паўлавіч паверыў у мяне, хадайнічаў пра спецыяльны дазвол на работу, – расказвае юнак. – Зараз я атрымаў від на жыхарства, маю гарантаваны даход і з упэўненасцю гляджу ў будучае.

Сябры папрасіліся сфатаграфавацца са спартыўнымі трафеямі. І невыпадкова: і Яўген, і Аляксей – заўзятыя прыхільнікі здаровага ладу жыцця. На пытанне, якому віду спорту аддаюць перавагу, пачула ў адказ: “А любому! Галоўнае – камандны дух. А ён у нас не толькі ў спорце, але і ў жыцці.”

 

 З РАМОНТНІКАЎ – У ВАДЗІЦЕЛІ

Сённяшняя прафесія Ігара ПРЫБОРЫ кардынальна адрозніваецца ад той, якой прысвяціў на прадпрыемстве больш як 7 год. Да нядаўняга часу ён рамантаваў маставыя краны. Зараз – калясіць па дарогах раёна і краіны на службовым легкавым аўтамабілі.

Змена роду дзейнасці самым станоўчым чынам паўплывала на грамадскую актыўнасць маладога чалавека. Ён не цураецца ўдзелу ў спаборніцтвах, акцыях, праектах, семінарах і форумах, якія ладзяцца маладзёжнай арганізацый прадпрыемства.

ВЯРТАННЕ НА МАЛУЮ РАДЗІМУ

Мікашэвічы выбраў месцам пастаяннага жыхарства аператар пульта кіравання выпуску вібрапрэсаваных вырабаў Іван ФЕДАРОВІЧ.

Атрымаўшы прафесію экскаватаршчыка, пэўны час юнак працаваў у Брэсцкім камбінаце будаўнічых матэрыялаў. Адслужыў у арміі, а пасля гэтага засумаваў па родных мясцінах. Вярнуўшыся на малую радзіму, уладкаваўся на “Спецжалезабетон”. Невялікае памяшканне побач з лініяй па вытворчасці  дарожных бардзюраў і тратуарнай пліткі не выратоўвае ад вытворчага шуму. Аднак да нязручнасцей хлопец прывык, бо галоўным у жыцці лічыць магчымасць самарэалізавацца ў прафесіі. А гэта на прадпрыемстве ўдаецца спраўдзіць спаўна.

ПРЫГАЖУНІ І АКТЫВІСТКІ

Старшыня прафкама прадпрыемства Марына ІНГІНЕН, інспектар па кадрах Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ і інжынер па тэхніцы бяспекі, старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Вольга БУРЫК – ініцыятары многіх захапляючых мерапрыемстваў, якія разнастайным і цікавым робяць жыццё калектыву.


ЧАС СВЕТЛЫХ ПАМКНЕННЯЎ

Яснавокая, светларусая… Словы з песні міжволі прыходзяць на ўспамін, калі глядзіш на Наталлю ВАРАБ’ЁВУ, маляра-штукатура гаспадарча-будаўнічага ўчастка ААТ “Спецжалезабетон”.
Прафесія ў яе самая звычайная, а вось стаўленню да абавязкаў можа пазайздросціць любы самы вопытны працаўнік. Справа ў тым, што ішла Наталля да яе няпростым шляхам. Пэўны час працавала ў сферах, абсалютна не звязаных з будаўнічай. Але аднойчы засталася без работы. Ад цэнтра занятасці рызыкнула паехаць у Мінску на курсы маляроў-штукатураў. І не прагадала. Неўзабаве пашчасціла ўладкавацца на ААТ “Спецжалезабетон”. Сёння Наталля даражыць работай, ганарыцца калектывам, у якім яе цэняць і паважаюць. Маладая жанчына не застаецца ўбаку ад грамадскага жыцця, актыўна ўдзельнічае ў многіх мерапрыемствах. Вось і нядаўна першынствавала ў абласных галіновых спаборніцтвах па кулявой стральбе. На пытанне, дзе вучылася трапнасці, толькі сціпла ўсміхаецца: маўляў, так атрымалася. Тым не менш, поспех пацвердзіла ў складзе зборнай на рэспубліканскіх спаборніцтвах, дзе разам з калегамі ўзяла “бронзу”.

Таццяна Вайцяхоўская

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть