Ад крыніц і азёр сабраная мова родная, мова слаўная
Общество

Ад крыніц і азёр сабраная мова родная, мова слаўная

нагарда

«Им небольшим потерян счет, но жизнь рекой течет и в этих городах…». Паўзабытыя вершаваныя радкі ўзгадаліся, як толькі ступіла на заслаўскую зямлю. Была тут у 2007 годзе, і тады Заслаўе пакінула ўражанне вялікай вёскі. Сёння старажытнае мястэчка набыло новае, дзівоснае па прыгажосці і дыхтоўнасці, аблічча. Сілкуючай ручаінай стала падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства, які ладзіўся тут у мінулыя выхадныя.

Свята атрымалася багатым, цёплым і вельмі душэўным. Сведчаннем неўміручага таленту беларусаў сталі шматлікія выставы народнай творчасці. Чаго тут толькі не было! Іншы раз даводзілася спыняцца і проста цікавіцца ў аўтараў, з чаго і як выраблены іх незвычайныя творы.

Чэргі выстрайваліся каля павільёна беларускай кнігі і СМІ, дзе прымасціўся самы сапраўдны драўляны станок – копія таго, на якім была надрукавана скарынаўская Біблія. Кожны жадаючы мог уласнаручна адціснуць адну з яе старонак.

Беларуская мова песняй і вершаваным радком лілася не толькі са шматлікіх сцэн і пляцовак – жывая і мілагучная яна надавала асаблівы каларыт самому мерапрыемству.

У рамках свята пяці журналістам з рэгіянальных выданняў краіны (сярод іх была і ваша пакорлівая слуга) уручаны ганаровы знак “Выдатнік друку”. Падзея, вядома, прыемная і пакінула светлы след у душы. Але галоўным падалося іншае.

Гаспадары свята пастараліся здзівіць гасцей і зрабіць добры падарунак сваім землякам. Да Дня беларускага пісьменства тут адкрыты цудоўны парк адпачынку з атракцыёнамі, сучасны летні амфітэатр з помнікам заснавальніку горада князю Ізяславу, Дом культуры і мноства іншых, вельмі патрэбных аб’ектаў. Гожы выгляд набылі вуліцы і дамы. Розныя крыніцы даюць самыя розныя звесткі аб сумах, патрачаных на гэтую прыгажосць. Ды толькі важна, што пайшлі мільярды на патрэбную справу, на дабрабыт людзей, якія ўмеюць не толькі вырошчваць хлеб, будаваць дамы, збіраць машыны і высокаінтэлектуальную тэхніку, але і маюць таленавітыя і спагадлівыя душы, здольныя адгукацца на чужы боль. А яшчэ не стамляюцца здзіўляць уменнем быць гасціннымі і адпачываць – шчыра і па-беларуску.

 

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть