Общество

АДДАНАСЦЬ СЯМ’І І ШКОЛЕ

31 студзеня адзначыла 60-годдзе выкладчыца хіміі СШ №2 г. Лунінца Галіна Браніславаўна КОЎШЫК.

Карані настаўніцы – у Капыльскім раёне Міншчыны. Гонарам сям’і быў бацька-франтавік, у мірным жыцці – работнік саўгаса. Мама працавала ў вясковай школе бібліятэкарам, захапіўшы дзяцей любоўю да кніг. Сярэбраная медалістка адразу паступіла на хіміка-біялагічны факультэт БДУ. Па размеркаванню першым месцам работы стала Шацкая СШ Пухавіцкага раёна. Тут сустрэла свой лёс – матэматыку выкладаў таксама малады спецыяліст Мікалай Мацвеевіч Коўшык, ураджэнец вёскі Дварэц. Праз некалькі год пасля жаніцьбы вырашылі асталёўвацца на малой радзіме мужа. У 1977 годзе былі прызначаны ў Дзятлавіцкую СШ. Дагэтуль захавалі ўдзячнасць тагачаснаму загадчыку раённага аддзела народнай асветы Пятру Цітавічу Баравіку, які дапамог маладой сям’і атрымаць першае жыллё.

З цягам часу мужа перавялі на работу ў Лунінец. З 1992 года і Галіна Браніславаўна стала выкладаць ў школе, дзе працуе і цяпер. Яе вучні не раз былі прызёрамі прадметных алімпіяд сярод юных землякоў і равеснікаў Брэстчыны. Настаўніца з радасцю адзначае, што яе выхаванка Юлія Тупека стала пераможцам абласной алімпіяды, а ў рэспубліканскіх спаборніцтвах “разумнікаў і разумніц” увайшла ў лік 11-ці лепшых знаўцаў хіміі ў Беларусі. Плённая добрасумленная праца педагога заахвочвалася Ганаровымі граматамі раённага і абласнога ўзроўняў.

Як і ў бацькоў Галіны Браніславаўны, у яе сям’і таксама выхавана трое дзяцей – два сыны і дачка. Усе набылі вышэйшую адукацыю, маюць сем’і. Уладзіслаў працуе інжынерам ААТ “Полацклес”, Сяргей – навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Вера – праграміст адной са сталічных фірм. Шчасце бабулі з дзядулем – прыезд двух унукаў і трох унучак.

Такія ж звычайныя, як і ў мноства лунінчан, захапленні сям’і Коўшыкаў. Летам завіхаюцца на дачы. Калі ж надыдзе няўхільны час заслужанага адпачынку, Галіна Браніславаўна марыць заняцца рукадзеллем і чытаннем кніг, на што пры цяперашняй школьнай занятасці зусім не застаецца часу…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть