Общество

Адкладзеная смерць

Барацьба з распаўсюджваннем наркатычнай атруты апошнім часам ператварылася ў адну з самых надзённых сацыяльных задач. Горш за ўсё тое, што на спажыванне псіхаактыўных рэчываў паступова пераарыентавалася моладзь ва ўзросце 15-20 год. Кампаненты, якія ўваходзяць у састаў папулярных сярод маладых людзей спайсаў, практычна адразу выклікаюць моцную залежнасць і нярэдка вядуць да суіцыдаў. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца 7 нядаўніх смерцяў сталічных падлеткаў, якія звялі рахункі з жыццём пасля ўжывання курыцельных сумесяў.
Праблему ў ходзе пасяджэння “круглага стала” абмеркавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна ВЕРАС, старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі РАУС Павел ПАЎЛОВІЧ, намеснік дырэктара сельскагаспадарчага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа Алена ХІЛЮЦІЧ,
сацыяльны педагог прафесіянальна-тэхнічнага політэхнічнага каледжа Ірына НЕКРАШЭВІЧ і ўрач-нарколаг Алена КАЧАНОВІЧ.
Верас. 2 кастрычніка пачала работу 5-ая сесія парламента, у ходзе якой у другім чытанні дэпутаты абмяркуюць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”. У тым, што неабходнасць яго даўно наспела, няма сумнення. Аналіз дзейнічаючага заканадаўства паказвае, што існуючыя нормы крымінальнага і адмі-ністрацыйнага права, а таксама палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах” не ў поўнай меры дазваляюць аператыўна і адэкватна рэагаваць на наркапагрозу.
Паўловіч. Абсалютна так. На Лунінеччыне сітуацыя з распаўсю-джваннем наркотыкаў характарызуецца прыкметным пашырэннем геаграфічных межаў. Выяўлена 28 злачынстваў, летась было 39. Сёлета да канца года лічба будзе яшчэ большай. Шэсць крымінальных спраў узбуджана па факту збыту наркатычных сродкаў. Ёсць насамрэч абуральныя выпадкі. Так, жыхарка Сінкевіч займалася прафесіянальным культывіраваннем канапель, з якіх потым вырабляла дастаткова высакаякасную марыхуану. Узбуджана крымінальная справа, хутка жанчына (дарэчы, маці траіх дзяцей) паўстане перад судом. Пакаранне ёй пагражае дастаткова суровае, прычым такія асуджаныя, як правіла, не падлягаюць амністыі. На жаль, сёння наркатычны спрут працягнуў свае шчупальцы ў многія населеныя пункты раёна. Небяспека і ў тым, што да нядаўняга часу даводзілася змагацца з аматарамі і распаўсюджвальнікамі атруты расліннага паходжання, сёння ж на арэну выведзены сінтэтычныя наркатычныя сродкі. Падлеткі, упэўненыя ў іх бясшкоднасці, рызыкуюць паспрабаваць атруту, і нярэдка аднаго раза дастаткова, каб перакрэсліць сваю будучыню, а то і жыццё. Так, летась толькі ў Мінску з парушэннямі псіхікі пасля ўжывання курыцельных сумесяў былі шпіталізаваны 70 падлеткаў. У цэлым па краіне сёлета ў параўнанні з мінулым годам выяўлена ў паўтара раза больш нарказлачынстваў з удзелам непаўналетніх. У гэтым сэнсе лічу абгрунтаваным унясенне дапаўненняў у частку 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае адказнасць за збыт непаўналетнім. Аднак небяспека ў тым, што так званыя спайсы адносна даступныя, яны шырока прапаноўваюцца праз інтэрнэт. Непасрэдны кантакт збытчыка і пакупніка выключаны, што прыкметна ўскладняе работу праваахоўнікаў.
Верас. Больш таго, адным з фактараў, які ўскосным чынам са-дзейнічае далучэнню падлеткаў да ўжывання псіхаактыўных рэчываў, з’яўляецца адсутнасць адказнасці за гэта. Перш чым ужыць наркотык, чалавек яго набывае (вырабляе), перамяшчае, захоўвае і не нясе за гэта ніякага пакарання! Менавіта таму прапанавана Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях дапоўніць нормай, якая прадугле-джвае адказнасць за знаходжанне ў стане наркатычнага ап’янення. Адначасова ў дадзеную норму пераносяцца палажэнні аб ўжыванні псіхаактыўных рэчываў у грамадскіх месцах. Гэта значыць, цяпер адказнасць будзе наступаць ужо за ўжыванне наркотыкаў ці псіхатропаў. Прыняцце гэтага змянення будзе садзейнічаць інтэграванню нацыянальнага заканадаўства ў сусветнае, бо ў большасці краін існуе адказнасць менавіта за ўжыванне наркатычных сродкаў. У Расіі, Грузіі, Іспаніі, Азербайджане гэтая адказнасць адміністрацыйная, у Грэцыі, Швецыі, Францыі, Фінляндыі і некаторых іншых краінах – крымінальная. Акрамя гэтага, Закон будзе дапоўнены новым паняццем – “базавая структура”, што прыкметна спросціць механізм уключэння новых наркатычных і псіхатропных рэчываў у разрад забароненых.
Паўловіч. Я б размежаваў факты ўжывання і знаходжання ў стане наркатычнага ап’янення. Абавязкова трэба ўвесці адказнасць за ўжыванне наркотыкаў. Прычым адказ ад медыцынскага асведчання павінен прыраўнівацца да пацвярджэння таго, што чалавек ужываў наркотык. Так, як гэта сёння робіцца з тымі, хто п’янымі садзіцца за руль. І ў якасці адной з санкцый абавязкова прадугледзець адміністрацыйны арышт.
Хілюціч. Мы сёння сканцэнтравалі ўвагу на наступствах наркатычнага зла, а нам варта было б падумаць пра тое, як зрабіць, каб падлеткі свядома не накіроўваліся ў гэтую бездань. У сваёй практыцы мы сёння нярэдка сутыкаемся з фактамі, калі бацькі проста не хочуць, каб іншыя ведалі пра тое, што іх дзіця ўжывае наркотык і ўтойваюць гэты факт да апошняга. Ім здаецца, што яны аберагаюць спакой сям’і, а на самай справе яны асу-джаюць блізкіх людзей на страшныя пакуты і бяду.
Некрашэвіч. Трэба гаварыць і пра злачынную безадказнасць многіх бацькоў. Не сакрэт, што наркотыкі, як правіла, распаўсюджаны ў сумніўных кампаніях, якія збіраюцца разам па вечарах, а то і ў начны час. І колькі выпадкаў, калі таты і мамы проста не звяртаюць увагі на тое, дзе і з кім знаходзіцца іх дзіця. Дзіцяці 13 год, а мама бесклапотна спіць, не ведаючы нават, што ў позні час яе сына няма дома. А гэты факт адразу ж павінен насцярожыць уважлівых татаў і мам. Чаму многія з іх не звяртаюць увагі на змену паводзін свайго дзіцяці, даруюць яму падман, абыякавасць да родных, не бачаць змены ў паводзінах? Чаму не б’юць трывогу, калі заўважаюць дома прапажу грошай ці каштоўных рэчаў? Разумеем: прызнаць факт, што тваё дзіця прыахвоцілася да наркотыкаў, страшна. Але і закрываць вочы на гэтую бяду не трэба. Я ўспамінаю гісторыю з адным з нашых навучэнцаў, выпускніком СШ №2. Маці ведала пра наркатычную залежнасць сына, як і пра тое, што ён распаўсюджвае атруту сярод сваіх равеснікаў. Ведала і маўчала! У выніку – пакалечаныя лёсы іншых дзяцей і расплата за ўчыненае самога злачынцы ў выглядзе 10 год пазбаўлення волі.
Хілюціч. Іншымі словамі, пакуль у сям’і не будзе ладу, пастаяннай увагі да дзяцей, кантролю за імі, шчырага і паўсядзённага ўдзелу ў іх лёсах, не будзе адроджана сама каштоўнасць сям’і і яе спрадвечная сутнасць, плённа змагацца з наркатычнай атрутай не зможам. Штогод з пачаткам навучання мы праводзім ананімнае анкетаванне. У вялікім пераліку ёсць пытанне і пра наркотыкі. Як правіла, каля 20-30 працэнтаў учарашніх выпускнікоў школ заяўляюць, што яны ўжо спрабавалі наркотык. Гэта значыць, што пэўны пагранічны момант не заўважылі самыя блізкія людзі – бацькі. І добра калі дзіця абмяжуецца першым вопытам. Але ж і ён, улічваючы паўсядзённасць, можа стаць трагічным: тыя ж спайсы незваротны адмоўны ўплыў на асобу аказваюць пасля першага ўжывання. Недарма ж спецыялісты называюць іх “чорнай меткай” і “адкладзенай смерцю”.
Паўловіч. Не так даўно сутыкнуўся з вельмі паказальным выпадкам. У Мікашэвічах затрымалі распаўсюджвальніка наркотыкаў. Нягледзячы на тое, што ён дастаткова актыўна прадаваў атруту суседзям, землякам, сярод якіх былі і непаўналетнія, сваіх дзяцей аберагаў ад гэтай бяды вельмі жорстка. Вось вам і каштоўнасць сям’і: у дачыненні да ўласных дзяцей ён разумее, што гэта недазваляльна, а іншых – калі ласка, можна калечыць. Менавіта таму і настойваю на жорсткім папярэджанні менавіта фактаў збыту наркатычнага зелля: не будзе прапановы, менш бу-дзе ахвотнікаў яе паспрабаваць.
Качановіч. І ўсё ж, хачу яшчэ раз звярнуцца да бацькоў. Не пакідайце без увагі сваіх дзяцей. Калі нешта ў іх паводзінах вас насцярожыла, паспрабуйце спакойна пагаварыць з падлеткам. Не бойцеся паказаць дзіцяці, што яго паводзіны кантралююцца і ні ў якім выпадку не пагражайце. Упаўне магчыма, што вынікам першай размовы стане катэгарычная адмова факту ўжывання наркотыкаў. У такім выпадку адным з метадаў прасвятлення сітуацыі можа стаць правядзенне аналізу мачы. Найбольш даступны варыянт – купіць у аптэцы экспрэс-тэсты і зрабіць аналіз самастойна. Ёсць тэсты для асобных наркотыкаў і для вялікіх груп рэчываў, якія выклікаюць залежнасць. Дакладнасць даследавання дастаткова высокая. Ведайце, што адмоўны вынік не заўсёды гарантуе адсутнасць ужывання наркотыкаў. Калі ж падазрэнні абгрунтаваныя, звярніцеся за кансультацыяй да спецыяліста. Гэта можа быць нарколаг, псіхолаг ці псіхатэрапеўт. У нашай паліклініцы ёсць тэлефон даверу, па якім таксама можна атрымаць кансультацыю. Памятайце, ад вашай неабыякавасці залежыць будучае вашых дзяцей.
Падрыхтавала
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть