2022 - Год исторической памятиКультураМикашевичиНовости районаОбщество

Адметныя месцы\\ Капліца пры дарозе ў Лунінецкім раёне

На Лунінеччыне шмат знакавых і адметных месц, якія напоўнены неверагоднай энергетыкай і, нібыта магнітам, заўсёды вабяць да сябе. Адно з такіх –  непадалёку ад аграгарадка Сінкевічы, побач з аўтатрасай М-10.

Каля гэтай адмысловай зоны адпачынку і ў той жа момант – памяці – заўсёды спыняюцца аўтамабілі. Надпіс, выбіты на гранітным камені, наскрозь, быццам бы агнём, пранізвае душу: «Помолись за безвременно ушедших и безвинно убиенных. Будь милосердным к живущим». Побач узвышаецца драўляная каплічка, а насупраць яе – журавель. Яшчэ нядаўна такія студні стаялі ля кожнай палескай хаты. Зачэрпваеш ваду з калодзежа, і не можаш наталіцца гаючай сілай маці-зямлі. Нават у спякотнае лета студня не высыхае. Сюды часта прыязджаюць жыхары навакольных вёсак і Мікашэвіч, каб набраць крынічна-чыстай вады, спыняюцца падарожнікі.  Вось і гараджанін Іван Міхайлавіч некалькі разоў на тыдзень абавязкова на сваім аўтамабілі наведвае гэтае святое месца.

– Вада ў калодзежы – асаблівая і вельмі смачная, – гаворыць мужчына. – Я тут часта бываю, напаўняю па некалькі фляг. Ды і месца такое незвычайнае, вакол хвоі, сасоннік. Дыхаецца на поўныя грудзі, душой  адпачываеш і адчуваеш гармонію і суладнасць з наваколлем.

Дарэчы, як паведаміла выконваючая абавязкі старшыні Сінкевіцкага сельвыканкама Вольга Клеўжыц, вада адпавядае ўсім санітарным нормам і прыдатная для ўжывання.

Гэты незвычайны комплекс, які яднае духоўнае і зямное быццё, быў узведзены на сродкі ўраджэнца вёскі Манасеева, маскоўскага прадпрымальніка Валерыя Дземчука ў 2005 годзе і прымеркаваны да 60-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Добра памятаю той цудоўны вясновы дзень, калі на ўрачыстасць з нагоды адкрыцця памятнага месца сабраліся жыхары вёскі Сінкевічы і іншых населеных пунктаў. Настаяцель мясцовай Свята-Георгіеўскай царквы адслужыў малебен і асвяціў каплічку і калодзеж. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць знішчанай карнікамі вёскі Сітніцкі Двор. 13 лістапада 1942 года нацысты расстралялі і спалілі жывымі 482 чалавекі. З таго страшнага пекла выратаваліся толькі 12-гадовы Грыша Клімовіч, а таксама браты Пеця і Юзік Кусташы, якія пайшлі змагацца з ворагам у партызанскі атрад імя Кірава. Пакутніцкую смерць ад рук нелюдзяў у той дзень прыняў мясцовы жыхар, каваль Аляксандр Баранцэвіч, які быў сувязным партызан. Калі немцы падышлі да яго сядзібы, Мужчына схапіў вінтоўку і падаўся ўбок лесу. Акупанты адкрылі агонь. Падкошаны фашысцкімі кулямі, упаў на зямлю. Ён яшчэ быў жывы, калі немцы акружылі і пачалі здзекавацца над ім: знявечылі кінжаламі ўсё цела і выкалалі вочы. Не пашкадавалі і сям’ю сувязнога: расстралялі жонку, маленькіх дзяцей і старога бацьку…

Каля калодзежа і каплічкі – цішыня. Толькі па дарозе адзін за другім імчаць аўтамабілі. Нехта спыняецца, каб набраць крыштальна чыстай вады, якая аддае водарам жывіцы. На хвілінку позірк вандроўніка спыняецца на гранітным валуне, выбітыя словы на якім прымушаюць задумацца аб вечнасці.

Кацярына Яцушкевіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть