АКЦЭНТАВАЦЬ УВАГУ НА БУДАЎНІЦТВЕ ЖЫЛЛЯ
Тое, што семінар будаўнікі вырашылі правесці на базе нашага раёна, – невыпадковасць. Справа ў тым, што Лунінец па выніках мінулага года стаў пераможцам абласнога конкурсу па добраўпарадкаванню, а будаўнічыя арганізацыі стабільна выконваюць даведзеныя паказчыкі. Аб усім гэтым сведчыў расповяд старшыні райвыканкама Уладзіміра Мілашэўскага, відэафільм і экскурсія па будаўнічых аб’ектах.
Добраўпарадкаванасць тэрыторыі ДРБУ-101 прыемна ўразіла ўдзельнікаў семінара. Тут працуе каля 80 чалавек. Тое, што прадпрыемства працуе стабільна і вынікова, – заслуга кіраўніка Аляксандра Вярэнча. Да таго ж, тэхнічны патэнцыял ДРБУ-101 даволі вялікі: 80 адзінак тэхнікі. Выконваемыя аб’ёмы з году ў год узрастаюць на 20-30 працэнтаў. Летась выканана работ на 7 мільярдаў рублёў. Важнейшы паказчык – прыбытак, які складае каля 300 мільёнаў у год. Вытворчаць працы павялічылася за апошні час у 2,4 раза. Усе работы выконваюцца ўласнымі сіламі. У мэтах выкананння Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2007г. № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” тут праводзяцца мерапрыемствы, якія падпарадкаваны дасягненню эканоміі матэрыяльных рэсурсаў і грашовых сродкаў.
Наступны прыпыначны пункт – мікрараён “Баханова”. Тут на плошчы 82,5 гектара размешчаны 258 дамоў, яшчэ 107 знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. У новым квартале плануецца ўзвядзенне яшчэ 28 катэджаў. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цяльпук расказаў аб тым, што “Баханова” – найбольш яркі ўзор комплекснай індывідуальнай забудовы. Яшчэ нядаўна тут быў кар’ер. Цяпер – зона адпачынку гараджан. Побач узводзіцца царква. Некалькі тыдняў таму да будаўніцтва новай дарогі прыступіла ДБУ-8. Намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сакоўскі звярнуў увагу на тое, наколькі важна абсталяваць будаўнічы гарадок і добраўпарадкаваць навакольную тэрыторыю, перш чым прыступіць да работ.
Па дарозе ў пасёлак Палескі зрабілі прыпынак у Вулькаўскім 1 Цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе летась дзякуючы намаганням будаўнікоў зроблены рамонт. Госці былі прыемна здзіўлены і выказаліся за павелічэнне падобных аб’ектаў у вёсках: гэта дазволіць не толькі захаваць самабытную культуру, якую нясуць такія калектывы, як народнае аматарскае аб’яднанне “Жывіца”, але і прыцягнуць моладзь у сельскую мясцовасць.
На гэта нацэлена і дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі. Новыя домікі, якія ўзводзяцца ў Палескім, адпавядаюць усім сучасным патрабаванням. Віктар Сакоўскі падкрэсліў, што калі б усе будаўнічыя арганізацыі адносіліся да ўзвядзення жылля як работнікі ПМК-19, нараканняў з боку правяраючых і кантралюючых інстанцый было б намнога менш.
Хаця ёсць і іншыя спосабы падняць зарплату будаўнікоў. Напрыклад, кааператыўны дом ЖБК-8 рэальна здаць не ў кастрычніку, як гэта прадугледжана планам, а ў ліпені. (Гэта не адмаўляе і Уладзімір Канапацкі.) Значыць, і зарплата будаўнікоў будзе вышэй.
Цікавасць выклікала мадэрнізацыя палігона жалезабетонных вырабаў ПМК-7, вытворчыя базы ПМК-19 і СПМК-17 і рэканструкцыя стадыёна “Палессе”.
Падчас пленарнага пасяджэння абмяркоўваліся пытанні выканання заданняў па ўводу ў эксплуатацыю жылых дамоў, аб’ектаў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, а таксама праграм адраджэння і развіцця вёскі, развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы будаўнічнай галіны.