МикашевичиНовости районаОбщество

Алена і Барыс ГНЕДЗЬКА з Лунінца: іх 50 букетаў руж і ўзнагарода ад Прэзідэнта

Традыцыі бываюць рознымі, але яны аднолькава нагадваюць людзям аб нечым важным. Для Алены і Барыса ГНЕДЗЬКАЎ з Лунінца сімвалічнымі сталі ружы, якія муж дорыць жонцы на гадавіну іх сумеснага жыцця. У сёлетнім ліпені прыгожыя кветкі парадавалі жанчыну ў 50-ты раз!

Будучыя муж і жонка выраслі ў родным горадзе, хлопец сябраваў з братам дзяўчыны. У нейкі момант у позірках прамільгнула іскра, якая запаліла сэрцы шчырым і светлым пачуццём. І яно дагэтуль азарае сумесную дарогу.

У дзяцінстве Барысу не было сумна, у бацькоўскай сям’і іх падрастала шасцёра хлопцаў. Гуляць, працаваць – усюды яны беглі навыперадкі, перамагаючыся ў хуткасці, трапнасці і сіле. Гэта стала цудоўнай фізічнай загартоўкай і асновай у выхаванні – усе навучыліся быць адной камандай, умелі прыйсці на выручку, радаваліся дасягненням і з годнасцю прымалі паражэнні. У даросласці кожны выбраў свой шлях, але сяброўства і ўзаемаразуменне суправаджаюць братоў усё жыццё.

Алена нарадзілася ў сям’і, дзе шанавалі галоўныя каштоўнасці – дзяцей любілі, паміж бацькамі існавалі ўзаемапавага і разуменне. Атрымаўшы такі прыклад, дзяўчына ведала, да чаго варта імкнуцца, будуючы асабістыя адносіны. Галоўнае – давер. З ім прайшлі сённяшнія залатыя юбіляры праз усе выпрабаванні. Колькі разоў знаходзіліся “добразычліўцы”, якія з зайздрасці ці па якой іншай прычыне імкнуліся ўліць “лыжку дзёгцю”: пасварыць, выклікаць беспадстаўную рэўнасць. Але ўсе іх памкненні разбіваліся аб упэўненае: “не бачыла, значыць – не веру”.

Дарослую дзейнасць юнак пачынаў са значных дасягненняў у валейболе, футболе і баскетболе. Але кропку на жаданай кар’еры спартсмена паставіла цяжкая траўма, атрыманая падчас гульні. Урачы доўга змагаліся за яго жыццё. Удзельнічаць у спаборніцтвах юнак больш не мог, але цікавасць да спорту не зменшылася. Выйсцем стала судзейства, якое хоць у нейкай ступені аб’ядноўвала з захапленнем. Паступова ў новай справе дасягнуў значных вышынь – дагэтуль з’яўляецца Галоўным суддзёй рэспубліканскіх спаборніцтваў па мотаболе. Званне суддзі ўсесаюзнай катэгорыі дазволіла ў савецкі перыяд пабываць у розных рэспубліках былога СССР, у Германіі і Францыі. Асабістая пазіцыя сумленна ставіцца да няпростых сітуацый на гульнявым полі дапамагла заваяваць добрую рэпутацыю ў коле калег, ігракоў, балельшчыкаў. Прыярытэтам у спрэчных момантах была справядлівасць, якой не здраджваў ніколі.

Паўвекавы юбілей сямейнага жыцця – не адзіная значная дата ў біяграфіі Барыса Іванавіча. У студзені споўніц-ца 50 год з таго дня, як ён прыйшоў у ДТСААФ у якасці майстра вытворчага навучання. Потым амаль два дзесяцігоддзі ўзначальваў арганізацыю. Не пакідае прафесійныя абавязкі і зараз, даўно знаходзячыся на заслужаным адпачынку. Сённяшняе кіраўніцтва і калектыў станоўча адносяцца да жадання легендарнага настаўніка заставацца ў рабочым страі – хто лепш за яго растлумачыць будучым ва-дзіцелям асновы дарожнага руху і дасць прыклад адданасці аднойчы выбранай справе. Лепшым прызнаннем стараннасці стала ўзнагарода, якую ўручыў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падчас святкавання 80-годдзя ўтварэння структуры ДТСААФ. Аб важнай падзеі нагадвае фотаздымак, які беражліва захоўваецца ў сям’і.

Той факт, што Б.І. Гнедзьку асабіста ведае значная частка землякоў, можна пацвердзіць нескладанымі падлікамі. Калі за адзін год ён навучаў ваджэнню аўтамабіля 100 чалавек, то памножыўшы лічбу на стаж работы, атрымаецца 5 тысяч. Да гэтай колькасці варта дадаць шматлікіх аматараў мотабола – любімай гульні ўсіх пакаленняў лунінчан – якія наведвалі матчы пад яго судзействам.

Алена Мікалаеўна заўсёды з разуменнем адносілася да занятасці мужа, яго паездак. У душы хацелася, каб быў побач, але непрыкметна ўздыхнуўшы, зноў і зноў збірала чамадан у дарогу. Бо ведала, што для каханага чалавека гэта важна і патрэбна. Разам з дзецьмі яны чакалі вестак пра чэмпіянат, стараліся ўбачыць гульні на экране тэлевізара. Малыя імкнуліся атрымаць добрыя адзнакі ў школе, дапамагчы маме па гаспадарцы, каб вярнуўшыся, тата пахваліў за стараннасць.

Стаўшы дарослымі, дачушкі асталяваліся ў Лунінцы: Таццяна Зайцава загадвае бібліятэкай у СШ №1, Людміла Якуш выкладае гісторыю ў СШ №2. Сын Аляксей жыве і працуе ў абласным цэнтры. Выраслі чатыры ўнукі і ўнучка, вызначыліся са спецыяльнасцямі. Цяпер у вялікай сям’і Гнедзькаў ёсць настаўнік замежнай мовы, ландшафтны дызайнер, горны інжынер, інжынер і будучы спецыяліст у будаўнічай галіне. Адзінай праўнучцы Яніне ідзе другі год. Непасрэднасць у паводзінах і дзіўная ўсмешка малышкі нагадваюць людзям, якія даўно дасягнулі пенсійнага ўзросту, аб пераемнасці пакаленняў, міжволі вяртаюць у маладосць, у той перыяд, калі яны выхоўвалі сваіх немаўлят.

Усё жыццё Барыс Іванавіч і Алена Мікалаеўна з’яўляюцца заядлымі рыбаловамі. Вуды і не дастаюць з багажніка машыны, заўсёды возяць з сабой. Размеркаваны і абавязкі: ён адказвае за надзейнасць “абсталявання”, яна – за якасць прынад. Шанцуе па-рознаму, адзін раз муж з багатым уловам, у другі – жонка. Нават калі дзень зусім не рыбны, яны не засмучаюцца – быць разам, ды на ўлонні шыкоўнай прыроды – ужо вялікае задавальненне.

“Хто галоўны ў сям’і?” – адзінае пытанне, на якое не змаглі адказаць юбіляры. Ён кінуў позірк на спадарожніцу, яна сціпла ўсміхнулася. Паўстагоддзя ўсе рашэнні прымаюць разам, у спрэчных пытаннях знаходзяць кампраміс. Абое гатовы ахвяраваць нечым асабістым дзеля агульных інтарэсаў, хвалююцца за самаадчуванне блізкага чалавека, падтрымліваюць у хвіліны самоты. З такіх нязначных знакаў увагі і складваецца тое вялікае пачуццё, што аб’ядноўвае два любячыя сэрцы і прымушае іх біцца мацней на працягу ўсяго жыцця.

Марыя Яраховіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть